Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як ацэньваюць гарадзенцы Аляксандра Мілінкевіча?


Сяргей Астраўцоў, Горадня. Аляксандра Мілінкевіча ў Горадні шмат хто ведае: ён быў намесьнікам старшыні гарвыканкаму, займаўся культурай, адкрываў беларускія школы, выкладаў ва ўнівэрсытэце фізыку. Напачатку 1996 году ён звольніўся з вэртыкалі ды заснаваў грамадзкую арганізацыю “Ратуша”, якая стала рэсурсным цэнтрам для трэцяга сэктару, але пазьней суд спыніў яе існаваньне. Як ацэньваюць гарадзенцы спадара Мілінкевіча?

Аляксандра Мілінкевіча, бадай, ня ведаюць як публічнага палітыка: ён не выступаў на мітынгах, а займаўся стварэньнем і падтрымкай грамадзкіх арганізацыяў, гуртаваў дэмакратычныя сілы спачатку ў Горадні і вобласьці, затым — па ўсёй Беларусі. Вось меркаваньне пра спадара Мілінкевіча выкладчыка нямецкай мовы Міхала Патрэбы, які яго добра ведае:

(Патрэба: ) “Я яго ведаю як вельмі інтэлігентнага чалавека, і я думаю, што гэта яму нават пашкодзіць у час кампаніі. Ён чалавек слова, добры арганізатар, шчыры беларус і герой, таму што “падставіўся” на выбарах. У такой сытуацыі натуральна, што ён ніколі не пераможа, нават калі б фактычна перамог, і пайсьці на гэты крок можа толькі чалавек гераічны”.

Год таму Аляксандар Мілінкевіч удзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах у Шчучынскай акрузе, ён сустрэўся тады з жыхарамі дзесяткаў вёсак. Успамінае кіраўнік выбарчай кампаніі Мілінкевіча Андрэй Кусяльчук:

(Кусяльчук: ) “Людзі вельмі ахвотна ішлі зь ім на размову, дзяліліся ўражаньнямі і прапановамі. У камандзе Мілінкевіча былі прадстаўнікі з розных партый і аб’яднаньняў, інтэлігенцыя, былі таксама чыноўнікі. За Мілінкевіча было сабрана восем тысяч подпісаў, падтрымка была па ўсёй Шчучыншчыне, амаль ва ўсіх вёсках і мястэчках”.

Канкурэнтам Мілінкевіча быў прэзыдэнцкі памочнік Вінцэнты Казяк. Не зважаючы на гэта, на некаторых участках, паводле Андрэя Кусельчука, Мілінкевіч нават перамог.

Тадэвуш Гавін ужо пятнаццаць гадоў супрацоўнічае з Аляксандрам Мілінкевічам.

(Гавін: ) “Напачатку 90-х гадоў, калі ён быў намесьнікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму, ён вельмі шмат зрабіў для адраджэньня беларускай мовы і культуры. Гэта — асабіста яго заслуга. Я, як былы старшыня Саюзу палякаў Беларусі, мог знаходзіць агульную мову з такім кіраўніком і гэта ў першую чаргу зь яго дапамогай мы атрымалі дазвол на будаўніцтва, а затым — на адкрыцьцё польскамоўнай школы ў Горадні. Ён аб’яднаў практычна ўсе грамадзкія арганізацыі ў Беларусі. І яшчэ: ён быў рэальным кіраўніком штабу Сямёна Домаша. Тое, што яго каманда сабрала тады больш за 150 тысяч подпісаў, сьведчыць якраз на карысьць Аляксандра Мілінкевіча, які добра арганізаваў гэтую работу”.
XS
SM
MD
LG