Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія СМІ: “Беларусы выбралі будучага Юшчанку”


Юры Сьвірко, Кіеў Пад такім загалоўкам паведаміла вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі папулярнае інтэрнэт-выданьне “Украінская праўда”, якому распавядаў пра кангрэс адзін зь яго гасьцей – дырэктар кіеўскага міжнароднага інстытуту дэмакратыі Сяргей Таран.

Штогадзіны ў нядзелю пра хаду кангрэсу паведамляў украінскі 5-ты тэлеканал, чыя карэспандэнтка працавала ў Менску. Праўда, і вядучы ўчора ў эфіры, і сайт каналу сёньня заявілі, што “Алесь Мілінкевіч – прадстаўнік трэціх сілаў, г.зн. прадпрымальнікаў”. Украінскія палітыкі ня вельмі актыўна камэнтуюць беларускія падзеі. Афіцыйныя прадстаўнікі на вынікі кангрэсу ніяк не адгукнуліся. Прэзыдэнцкая партыя – Народны саюз “Наша Ўкраіна” – паведаміла, што на кангрэсе ў Менску быў сябра яе рады й кіраўнік юрыдычнага дэпартамэнту цэнтральнага выканкаму Алег Бойка, які зазначыў: “Эфэктыўнасьць кампаніі апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнта залежыць ад адзінства апазыцыі й выбару народу”. Яшчэ адзін украінскі госьць кангрэсу – сябра палітрады Грамадзянскае партыі “Пара” Сяргей Еўтушэнка – высока ацаніў сам факт правядзеньня сходу ды выбар яго дэлегатаў. Паводле спадара Еўтушэнкі, “Пара” з боку ўкраінскае дэмакратыі засьведчыла сваю салідарансьць зь беларускім кангрэсам і гатовая даваць беларускай апазыцыі кансультацыі й тэхнічную дапамогу. Ён дадаў, што выбары прэзыдэнта Беларусі будуць вызначальнымі для далейшага лёсу дзяржавы, бо “ад гэтага будзе залежаць, ці ўвойдзе Беларусь у трэцюю хвалю пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу або й надалей будзе заставацца ў цісках таталітарнага рэжыму”. Сяргей Еўтушэнка таксама выказаў перакананьне, што ўкраінская ўлада павінна заняць больш жорсткую пазыцыю наконт рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які “будзе рабіць усё мажлівае для ўтрыманьня ўлады”. А моладзевая арганізацыя “Нацыянальны альянс”, пяцёра сяброў якой адседзелі ў Менску некалькі сутак пасьля “Чарнобыльскага шляху”, вітала перамогу спадара Мілінкевіча й пажадала яму ўпэўненай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах. “Абраўшы адзінага кандыдата, беларуская дэмакратычная грамадзкасьць паказала, што для яе інтарэсы Беларусі вышэйшыя за ўласныя інтарэсы і амбіцыі”, – гаворыцца ў заяве “Нацыянальнага альянсу”, які выказаў спадзяваньне, што абраньне адзінага кандыдата стане пераломным момантам у сучаснай гісторыі Беларусі й пакладзе пачатак працэсу вяртаньня дзяржавы да дэмакратычнага шляху разьвіцьця. “Нацыянальны альянс” таксама пажадаў Аляксандру Мілінкевічу кіравацца ў сваёй дзейнасьці нацыянальнай ідэяй. “Разам – Вы сіла! Жыве Беларусь!” – гэткімі словамі заканчваецца заява арганізацыі.
XS
SM
MD
LG