Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая радыёстанцыя “Deutsche Welle” распачынае вяшчаньне для Беларусі


Алена Струвэ, Менск Вяшчаньне пачынаецца а палове сёмай паводле менскага часу. Пятнаццаціхвілінныя праграмы “Беларуская хроніка” будуць выходзіць у будні на кароткіх хвалях у дыяпазоне 49, 31, 25, 19 мэтраў, а таксама на гукавым канале DW6 спадарожнікаў Hotbird6, Asiatat2, Intelsat 10-02. Паўтор праграмы ці яе абноўлены варыянт можна слухаць у 20.30 і 22.30 на гэтых жа хвалях.

Ці можна паслухаць вашы новыя праграмы ў Інтэрнэце? — пытаюся я ў аднаго са стваральнікаў праекту журналіста “Нямецкай хвалі” Віктара Агаева.

(Агаеў: ) “Тэарэтычна так, але я ня ведаю, ці можна гэта будзе зрабіць сёньня. Бо сёньня ў Нямеччыне сьвята, выходны, і ня ведаю, ці будзе ўвогуле працаваць наша інтэрнэт-служба. Хутчэй за ўсё, паставяць гэты гукавы файл заўтра. Існуе таксама яшчэ адна тэхнічная праблема. Калі ведаеце, на нашай галоўнай інтэрнэт-старонцы ёсьць такі моўны сэлектар. Ён разьлічаны на трыццаць моваў і без тэхнічнай перабудовы немагчыма туды ўставіць беларускую мову, хаця такая мэта ў нас ёсьць”.

Паводле спадара Агаева, у сёньняшняй пятнаццаціхвілінцы беларускія слухачы змогуць пачуць інтэрвію з удзельнікамі Кангрэсу дэмакратычных сілаў, паведамленьні пра выхад “Народнай Волі”, адкрыцьцё Нямецкага тыдня ў Беларусі ды іншыя навіны. Прагучыць таксама прывітаньне дырэктара “Нямецкай хвалі” Эрыка Бэтэрмана. У сваім кароткім выступе, які таксама зьмешчаны на расейскай вэб-старонцы, спадар Бэтэрман дае тлумачэньне, чаму “Нямецкая хваля” выходзіць у эфір па-расейску: “Усе апытаньні паказваюць, што большасьць жыхароў Беларусі, а значыць і нашых патэнцыйных слухачоў, размаўляюць па-расейску і называюць гэтую мову першай… Расейская мова не зьяўляецца для Беларусі ні мовай акупантаў, ні замежнай мовай, а мовай штодзённага карыстаньня”.

Што да нямецкіх палітыкаў Элізабэт Шродтэр і Бэрнта Посэльта, якія актыўна судзейнічалі пачатку новага альтэрнатыўнага вяшчаньня для Беларусі, то яны па-рознаму ацэньваюць гэтак званы моўны момант вяшчаньня, які стаў падставай для самых розных дыскусіяў як у Беларусі, так і за яе межамі.

Вось што сказаў “Свабодзе” дэпутат Бундэстагу і Эўрапарлямэнту хрысьціянскі сацыяліст Бэрнт Посэльт:

(Посэльт: ) “Я прытрымліваюся наступнага меркаваньня: калі краіна, якая доўгі час была калёніяй Расеі, калі яна сыстэматычна русіфікавалася іншымі ўладамі, яна мае права на тое, каб яе мова і культура паважаліся. Я ня супраць таго, каб у тым ліку былі і праграмы па-расейску, і па-польску, але, каб галоўным чынам гэта былі перадачы па-беларуску — як павага да беларускай культуры. Зразумела, адны на “Нямецкай хвалі” могуць аргумэнтаваць усё тым, што моладзь Беларусі размаўляе пераважна па-расейску. Іншыя — недахопам сродкаў. Аднак я прытрымліваюся такога меркаваньня, што расейскамоўныя праграмы — гэта няправільнае рашэньне. Калі ў Нямеччыне прыйдзе да ўлады новы ўрад, то я думаю, што адбудуцца зьмены ў гэтае пазыцыі”.

Што да прадстаўніцы партыі зялёных Элізабэт Шродтэр, то яна лічыць, што галоўная мэта падобных праектаў — гэта выйсьце беларускага насельніцтва з гэтак званага інфармацыйнага вакуўму.

(Шродтэр: ) “Маё меркаваньне — чым большы беларускія грамадзяне будуць мець доступ да самых розных незалежных інфармацыйных крыніцаў на любой зразумелай для іх мове, тым лепш. Гэта павінны быць як праграмы замежнага тэле- і радыёвяшчаньня, так і ўласныя беларускія мэдыі, напрыклад, інтэрнэт-старонкі. Што да праграмаў, якія стартуюць на “Нямецкай хвалі”, то дыскусіі вакол іх, прынамсі сярод эўрадэпутатаў, скончыліся, паколькі праграмы будуць выходзіць як па-расейску, так і па-беларуску. Большасьць дэпутатаў салідарныя ў тым, што гэтага інфармацыйнага аб’ёму, пятнаццаць хвілінаў пяць разоў на тыдзень, недастаткова”.
XS
SM
MD
LG