Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская вышэйшая адукацыя ня будзе падобная на заходнюю


Уладзімер Глод, Менск Міністэрства адукацыі Беларусі жадае захаваць традыцыі савецкай вышэйшай школы. Пра гэта казаў 3 кастрычніка міністар адукацыі Беларусі Аляксандар Радзькоў, які ад імя Савету Міністраў прадстаўляў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў новы праект закону “Аб вышэйшай адукацыі”. Як рэагавалі на гэта дэпутаты і чаму спатрэбілася ўсяго праз год уносіць новы законапраект?

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія сёньня адкрылі сваю восеньскую сэсію, пачалі працу з разгляду праблемаў вышэйшай адукацыі. Яны зноў вярнуліся да гэтай тэмы, хаця летась, у чэрвені, адпаведны законапраект прынялі ў першым чытаньні. Тады многа казалася пра тое, што беларуская вышэйшая школа, хаця і захавае пэўныя традыцыі савецкай, аднак будзе набліжацца і да эўрапейскай. Законапраект ужо рыхтавалі да разгляду ў другім чытаньні.

Але Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з рэктарамі вышэйшых навучальных установаў рэзка раскрытыкаваў такія падыходы. Ён сказаў, што ў Беларусі засталася добрая савецкая сыстэма вышэйшай адукацыі, што не патрэбна ва ўсім раўняцца на заходнія стандарты. Пасьля гэтага ўрад адклікаў з парлямэнту свой жа законапраект (афіцыйная вэрсія — для распрацоўкі палажэньняў аб структуры вышэйшай адукацыі). Цяпер жа Саўмін прапанаваў для разгляду новы, зноў у першым чытаньні.

Калі раней гаворка ішла пра трохузроўневую, як на Захадзе, вышэйшую адукацыю, дык цяпер прапануецца вярнуцца толькі да двухузроўневай. Менавіта на гэтым акцэнтаваў увагу старшыня камісіі ў справах адукацыі, культуры, навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу Ўладзімер Здановіч:

(Здановіч: ) “Ня трохузроўневая, а двухузроўневая сыстэма вышэйшай адукацыі ў выглядзе падрыхтоўкі спэцыялістаў з дыплёмамі для вытворчасьці, установаў і арганізацыяў. І падрыхтоўка магістраў, якія пойдуць у навуку”.

Пра тое, што атрымліваецца, калі адмовіцца ад ступені бакаляўра, разважае кандыдат філалягічных навук, дацэнт Пётра Садоўскі, які амаль дваццаць гадоў выкладаў у вышэйшай школе:

(Садоўскі: ) “Калі пасьля заканчэньня школы маладыя людзі пачынаюць вучыцца ў вышэйшай школе, усякае можа быць. Праходзіць два-тры гады навучаньня, і чалавек можа захварэць, або некуды пераехаць, або фінансы не дазваляюць... І ён звычайна кідае вучобу. І калі гэтыя два-тры гады нічым не заканчваюцца, дык ён выпадае з гэтай прафэсійнай абоймы. У выніку дзяржава траціць сродкі, якія ідуць на вецер. Таму мае сэнс гэтыя два-тры гады аформіць, каб чалавек атрымаў ступень бакаляўра, такім чынам ён будзе мець для жыцьця першую зачэпку. І гэтыя сродкі не марнуюцца”.

Як і раней, прапанавана захаваць прымусовае разьмеркаваньне для тых выпускнікоў, хто вучыцца на бюджэтныя грошы. Больш за тое, міністар Радзькоў нават прызнаўся, што пры дапрацоўцы законапраекту былі прапановы, каб выпускнікі працавалі пасьля атрыманьня дыплёму ня два гады, а нават чатыры-шэсьць, адпаведна таму, колькі гадоў яны вучыліся. Такія падыходы зусім не падобныя на заходнія. І вось як камэнтуе гэта спадар Садоўскі:

(Садоўскі: ) “Калі глядзець на Захад, калі мы гаворым пра сталеньне эканомікі, банкаўскай сыстэмы, відавочна, што на Захадзе ёсьць шмат чаму павучыцца. Ідуць жа ўсялякія абмены, мы ўдзельнічаем у міжнародных праграмах, дык, натуральна, трэба рабіць адэкватныя сыстэмы”.
XS
SM
MD
LG