Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смаленску друкуецца чарговы нумар недзяржаўнай газэты “Народная Воля”


Ганна Соусь, Менск Калі сёньня будуць улагоджаныя ўсе неабходныя фармальнасьці, то заўтра падпісчыкі “Народнай Волі” атрымаюць незалежную газэту. Заўтрашні нумар цалкам прысьвечаны Кангрэсу дэмакратычных сілаў і адзінаму кандыдату Аляксандру Мілінкевічу.

На момант, калі рыхтаваўся гэты сюжэт, яшчэ не было дакладана вядома, ці атрымаюць заўтра падпісчыкі “Народнай Волі” нумар за аўторак. Сытуацыю тлумачыць шэф-рэдактар выданьня Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “Дамова са Смаленскай друкарняй падпісаная. Цяпер афармляюцца адпаведныя дакумэнты ў Менску. Гэта працэдура не такая простая. Трэба зрабіць пашпарт зьнешнеэканамічнай зьдзелкі ў банку і ў Мытным камітэце. Калі мы за сёньняшні дзень пасьпеем, а я вельмі спадзяюся, што мы пасьпеем, то заўтра газэта ўжо будзе ў падпісчыкаў. А калі мы не пасьпеем, то газэта будзе ў сераду”.

Наступны нумар “Народнай Волі”прысьвечаны Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які адбыўся 1—2 кастрычніка. У нумары будзе зьмешчаная рэзалюцыя, прынятыя на кангрэсе. Гэтаксама журналісты “Народнай Волі” распавядуць чытачам пра адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча.

Як паведаміла Сьвятлана Калінкіна, існуе яшчэ верагоднасьць таго, што друкарня “Чырвоная зорка” адновіць дамову з “Народнай Воляй”. Рэдакцыя выплаціла ўсе запазычанасьці, і цягам некалькіх дзён будзе прынятае рашэньне аб тым, ці будзе газэта ізноў друкавацца ў Беларусі. Варта дадаць, што раней рэдакцыя “Народнай Волі” зьвярнулася ў Менскі Гаспадарчы суд з пазовамі да прадпрыемстваў “Белсаюздрук”, “Менгарсаюздрук”, “Менаблсаюздрук” і друкарні “Чырвоная зорка” з патрабаваньнем прызнаць іх дзеяньні па скасаваньні ў аднабаковым парадку дамоваў паміж імі і недзяржаўным выданьнем незаконным і забавязаць аднавіць выкананьне дамоваў на ўмовах і ў тэрмінах, усталяваных бакамі. Што да пытаньня распаўсюду газэты, то, калі сёньня я зьвярнулася ў адзін менскіх газэтных шапікаў па “Народную Волю”, прадавачка мне адказала, што гэтая газэта больш не выходзіць.

У самой жа рэдакцыі такі адказ успрынялі з абурэньнем, паколькі “Народная Воля” не спыніла свайго існаваньня, і, як запэўнівае галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч, будзе выходзіць пры любых умовах. Нагадаю, што з 1 кастрыніка газэта не распаўсюджваецца праз падразьдзяленьні “Белсаюздруку”.

Рэдакцыя “Народнай Волі” пры дапамозе ахвяраваньняў чытачоў ужо выплаціла 100 мільёнаў кампэнсацы лідэру Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргею Гайдукевічу — так пастанавіў суд Ленінскага раёну Менску ў сувязі з публікацыяй у газэце артыкулу пра эканамічнае супрацоўніцтва Гайдукевіча з рэжымам Садама Хусэйна. Але дагэтуль у рэдакцыю прыходзяць людзі, якія хочуць фінансава дапамагчы газэце. Сьведчыць камэрцыйная дырэктарка “Народнай Волі” Яўгенія Церахава:

(Церахава: ) “Ідуць, шмат людзей ідзе. Праўда, ужо не такія чэргі, як раней, але людзі ёсьць. Сёньня, напрыклад, прыйшоў чалавек і прынёс 300 даляраў, каб пералічыць на рахунак “Народнай Волі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG