Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія палітыкі лічаць, што Мілінкевіча чакаюць нялёгкія часы


Тацяна Поклад, Вільня Літоўскія парлямэнтары, якія былі запрошаныя на Кангрэс дэмакратычных сілаў, адзначаюць, што у Беларусі існуе “жаданьне зьменаў”. Паводле літоўскіх палітыкаў, абраньне адзінага кандыдата дасьць магчымасьць патрабаваць большай дапамогі беларускай дэмакратыі ад Эўразьвязу.

На Кангрэс дэмакратычных сілаў зь Літвы прыяжджалі літоўскія парлямэнтары – кансэрватары Дануце Бекінцене і Аўдроніс Ажубаліс, а таксама сацыял-дэмакрат журналіст Альгірдас Палецкіс. Яны найперш адзначаюць, што сваёй атмасфэрай, уздымам Кангрэс нагадаў ім першыя гады дзеяньня “Саюдзісу” і пачатак змаганьня за аднаўленьне незалежнасьці ў Літве.

Літоўскія палітыкі скрытыкавалі і недахоп, паводле іх словаў, увагі сродкаў масавай інфармацыі ў Літве да сваёй бліжэйшай суседкі, – да прыкладу, у Беларусі акрэдытаваныя толькі двое літоўскіх журналістаў. Тым часам, сёньня літоўскае “Радыё навінаў” прысьвяціла тэме беларускага дэмакратычнага руху гадзінную перадачу ў жывым эфіры.

А.Ажубаліс па вяртаньні зь Беларусі падзяліўся сваім меркаваньнем, што бачыць у падмурку цяперашняга дэмакратычнага руху ў Беларусі ня толькі нацыянальнае адраджэньне:

(Ажубаліс: ) “Існуе і “жаданьне зьменаў”, велізарная сіла, якая можа падштурхнуць многіх, каб выйсьці на вуліцу. І пратэст супраць цяперашняга рэжыму, – прынамсі, у моладзі, у інтэлігенцыі. І жаданьне мець годныя дачыненьні з Расеяй, не такія залежныя, як цяпер. Ёсьць шмат падставаў, ня толькі нацыянальная, якая, вядома, мусіць быць, – але трэба памятаць, што Беларусь – практычна, адна з найбольш пацярпелых краінаў у Эўропе у гістарычным кантэксьце. Нацыянальны генафонд моцна пацярпеў, але і жаданьне зьменаў, жаданьне зьмяніць рэжым, жаданьне мець вальнейшы рынак – ужо гэтага дастаткова, каб стварыць сучасную дзяржаву.”

У Літве, абмяркоўваючы асобу абранага адзінага кандыдата ад беларускай апазыцыі, адзначаюць яго досьвед грамадзкай дзейнасьці, а таксама тое, што Аляксандар Мілінкевіч ня мае вялікага партыйнага і палітычнага вопыту і гаворыць пра “цьвёрды партыйны парадак” і “партыйную вэртыкаль”, што выклікала неразуменьне літоўцаў. Паводле літоўскіх кансэрватараў, цяпер рэжыму ёсьць у каго цэліць, накіраваўшы ўсе сілы на адзінага кандыдата, які апынаецца на “лініі вагню”. Сацыял-дэмакрат Альгірдас Палецкіс лічыць:

(Палецкіс: ) “Без сумневу, абраньне адзінага кандыдата ад апазыцыі – гэта ўжо пагроза рэжыму”.

Літоўскія палітыкі адзначаюць што з увагі на сытуацыю са СМІ і тактыкай дыктатарскага рэжыму ў Беларусі, калі б ім давялося абіраць адзінага кандыдата, яны абіралі б найбольш трывалага перад магчымымі правакацыямі:

(Палецкіс: ) “Бо ўжо цяпер, за пару дзён, мы столькі пачулі плётак пра кожнага з кандыдатаў... Словам, зразумела, што Аляксандра Мілінкевіча чакаюць нялёгкія часы, бо, пэўна, і да прапрадзедаў яго дабяруцца, каб скампрамэтаваць.”

А.Ажубаліс, віцэ-старшыня камітэту замежных справаў Літоўскага Сойму і сябра парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”, гэтак тлумачыць значэньне вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі:

(Ажубаліс: ) “Цяпер мы маем аднаго адрасата, ад імя якога, – вядома, калі нас упаўнаважаць, – мы можам гаварыць у інстытуцыях Эўразьвязу. У тым ліку і адносна падтрымкі дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе, у рамках палітыкі добрасуседзтва, – дасюль на гэты рэгіён вылучалася ўтрая, удвая меней, чым Паўдзённай Эўропе, – цяпер будзе іначай, каліі ў Беларусі ёсьць адзіны кандыдат.”
XS
SM
MD
LG