Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 кастрычніка адзначаецца Дзень нямецкага адзінства – у гонар аб''яднаньня дзьвюх частак Нямеччыны


RFE/RL

Сьпярша – пра каляндар учорашняе нядзелі.

2 кастрычніка 1323 году ў дакумэнтах упершыню згадваецца Вільня, сталіца Вялікага Княства Літоўскага, якая з 1940 году стала сталіцай сучаснай Літвы, а датуль на працягу шасьціста гадоў была сталіцаю ўсяго беларуска-літоўскага краю. У Вільні друкаваў першыя беларускія кнігі Францішак Скарына, зь Вільні кіраваў паўстаньнем Кастусь Каліноўскі, у Вільні пабачылі сьвет першыя беларускія газэты “Наша Доля” і “Наша Ніва”.

2 кастрычніка 1862 году ў Пецярбургу ствараецца так званы Заходні камітэт – адмысловая расейская дзяржаўная ўстанова для ліквідацыі нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі. Камітэт меў вельмі шырокія паўнамоцтвы і спрычыніўся да задушэньня паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

2 кастрычніка 1819 году ў Смалічах пад Нясьвіжам нарадзіўся Аляксандар Незабытоўскі, беларускі пісьменьнік, філёзаф і гісторык. Свае кнігі, поўныя заклікаў да свабоды ад расейскага царызму, ён выдаваў за мяжою і нелегальна перапраўляў іх у Беларусь. Урэшце аднойчы на мяжы Незабытоўскага схапілі і прысудзілі да 20-гадовае катаргі, на якой ён і памёр.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

3 кастрычніка адзначаецца Дзень нямецкага адзінства – у гонар аб''яднаньня дзьвюх частак Нямеччыны.

3 кастрычніка 1078 году загінуў князь Ізяслаў Яраславіч. Ён быў сынам Яраслава Мудрага і займаў княскія пасады ў Тураве, Ноўгарадзе і Кіеве. Ізяслаў найболей вядомы тым, што гэта ён разам з братамі біўся супраць полацкага князя Ўсяслава на Нямізе, дзякуючы чаму і трапіла ў летапісы першая згадка пра Менск. У той бітве Ізяслаў перамог і захапіў Усяслава ў палон. А загінуў ён у міжусобнай бойцы пад Чарнігавам.

Таксама ў гэты дзень у розныя гады прыйшлі на сьвет францускі паэт, заснавальнік сюррэалізму Луі Арагон; літоўскі паэт, найбольш знаны па-за межамі Літвы, Эдуардас МежэлАйціс, вядомы артыст савецкага тэатру і кіно Армен Джыгарханян і беларускі грасмайстар Анатоль Гантварг, неаднаразовы чэмпіён сьвету, які лепей за ўсіх гуляе ў шашкі.
XS
SM
MD
LG