Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандар Мілінкевіч: “Кампанія "ад дзвярэй да дзьвярэй" будзе асноўнай”; Анатоль Лябедзька: “У нас аднолькавая стратэгія -- на аб''яднаньне”


Вольга Караткевіч, Прага Аляксандар Мілінкевіч і Анатоль Лябедзька ў прамым ранішнім эфіры беларускай “Свабоды”

(Караткевіч: ) На кангрэсе Аляксандар Мілінкевіч атрымаў 399 галасоў, Анатоль Лябедзька - 391 голас. Абодва на тэлефоннай сувязі ў Менску. Першае пытаньне Анатолю Лябедзьку. Спадар Анатоль, асобы, структуры, якія прынцыпова падтрымлівалі Вас -- ці яны здолеюць падтрымліваць адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча?

(Лябедзька: ) “Я спадзяюся на гэта, таму што, відаць, галоўным інвэстарам працэсу аб''яднаньня была АГП, і вельмі важна захаваць гэтую стратэгічную лінію. У сераду пройдзе палітсавет, я ведаю, што пакуль ёсьць эмоцыі ў асобных структураў у рэгіёнах, але я за тое, каб стратэгію аб''яднаньня захаваць як галоўны курс АГП”.

(Караткевіч: ) “Спадар Мілінкевіч, якія ў Вас былі разыходжаньні і якія аднолькавыя моманты ў праграме з Анатолем Лябедзькам?”

(Мілінкевіч: ) “Трэба шчыра сказаць, што гэта была канкурэнцыя не праграмаў, бо ў нас ва ўсіх былі аднолькавыя праграмы. І мы падпісалі заявы аб тым, што мы будзем рабіць, калі пераможам на выбарах. Таму праграмы апазыцыі не залежаць ад пэрсаналіяў. І ў гэтым сэнсе кааліцыя – адзіная”.

(Караткевіч: ) “Спадар Анатоль, ці былі ў нечым разыходжаньні?”

(Лябедзька: ) “У нас аднолькавая стратэгія -- на аб''яднаньне. У нас аднолькавыя мэты і задачы -- мы за тое, каб вярнуць Беларусь да дэмакратыі. Што датычна тактыкі, дык канешне, ёсьць пэўныя разыходжаньні, але самае галоўны арбітар у гэтай сытуацыі -- гэта кампраміс. Таму што любая кааліцыя, яна ў сваёй дзейнасьці грунтуецца на кампрамісе. Кампраміс -- не самае моцнае рашэньне, але толькі ён дазваляе ісьці наперад. Пакуль што гэта спрацоўвала, мы знаходзілі кампрамісныя рашэньні, магчыма, недзе ахвяравалі тактычнымі паразамі, але выігрывалі самае галоўнае -- аб''яднаньне”.

(Караткевіч: ) “Анатоль Лябедзька ў інтэрвію, у тым ліку і радыё Свабода, казаў, што выбараў як такіх ў 2006 годзе ня будзе. Усё будзе вырашаць вуліца. Як да такой тэзы ставіцца Аляксандар Мілінкевіч?”

(Мілінкевіч: ) “Думаю, што гэта агульная думка лідэраў кааліцыі. Таму што сапраўды, апошнія выбары і ў мясцовыя Саветы, і ў парлямэнт паказалі, што больш ніхто ня лічыць галасоў. І напэўна, іх ня будуць лічыць і ў час прэзыдэнцкіх выбараў. І мы рыхтуемся да гэтых выбараў не як ў заходнім сэнсе гэтага слова, але да магчымасьці правесьці палітычную кампанію. Мы выкарыстаем гэты момант, каб прыйсьці да людзей, патлумачыць ім, чаму яны дрэнна жывуць. і што можна зрабіць лепш. І кампанія "ад дзвярэй да дзьвярэй" будзе асноўнай. і безумоўна, без вуліцы немагчыма перамагаць у дыктатарскіх краінах”.

(Караткевіч: ) “А зараз пытаньне да Анатоля Лябедзькі. Хто і за што можа выйсьці на вуліцы дзеля зьмены сытуацыі ў Беларусі?”.

(Лябедзька: ) “Я ня думаю, што ў Беларусі людзі могуць выйсьці на вуліцу пад грукат пустых каструляў. Хутчэй за ўсё, яны могуць выйсьці за Беларусь, за чалавечую годнасьць, за тое, каб людзьмі звацца, а ня быць быдлам. Я думаю. што ёсьць такія групы людзей, і 17 адсоткаў заяўляюць, што "мы гатовыя абараняць свой выбар на вуліцы". Гэта -- вельмі пазытыўныя лічбы. Гэта -- амаль два мільёны людзей. Калі правільна адбудаваць стратэгію, калі знайсьці камунікацыі з гэтымі людзьмі, можна разьлічваць, што вуліца зробіцца вельмі важкім фактарам. Калі гэта ня будзе зроблена, я думаю, на вялікі жаль, на нейкі час ізноў застанецца застой. Таму я прыхільнік таго, каб працаваць ў першую чаргу з гэтай групай. А другая група -- гэта 65 адсоткаў прыхільнікаў пераменаў, якія павінны прайсьці на выбарчыя ўчасткі, прагаласаваць за адзінага кандыдата, за ягоную плятформу. А 17 адсоткаў павінны быць гатовыя выйсьці на вуліцы і абараняць свой выбар”.

(Караткевіч: ) “Выступаючы на Кангрэсе, яшчэ адзін прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта на выбарах 2006 году, лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін сказаў, што "мы змушаныя будзем абыйсьці два з паловай мільёны кватэраў". Аляксандар Мілінкевіч, ці лічыце Вы гэта рэальным?”

(Мілінкевіч: ) Я ўвогуле думаю, што не абраньне "адзінага" -- галоўная мэта кааліцыі, а менавіта зьбіраньне людзей па ўсёй краіне ў адну каманду. Вось слова "каманда" для мяне -- гэта асноўнае, ключавое слова. І ў нас ёсьць шанец сабраць вялікую камандую. І толькі такая каманда можа абыйсьці два з паловай мільёны кватэраў. І безумоўна, праца “ад дзвярэй да дзьвярэй” будзе асноўнай. Іншая справа, што закон не дазваляе вось так проста пайсьці па кватэрах. І мы вымушаныя будзем прыдумаць такія мэханізмы, каб рабіць гэта ўжо цяпер, а ня толькі ў час збору подпісаў”.

(Караткевіч: ) “У тэлефанаваньнях нашы слухачы выказваюць камэнтуюць падзеі вакол Кангрэсу. Адзін зь іх , напрыклад, сказаў, што палітыка – гэта канцэнтраваная эканоміка, і што няма чалавека са зразумелай праграмай, а Лукашэнка хаця і з памылкамі, але “змагаецца”... Пракамэнтуйце такое меркаваньне”

(Мілінкевіч: ) “Для нас такое меркаваньне знаёмае, мы ведаем такі пункт гледжаньня і паважаем яго. Безумоўна, у нас у краіне ўсё зроблена, каб стварылася меркаваньне, што толькі адзін палітык існуе. Гэта вынік прапаганды тэлевізійнай. І трэба людзям даказаць, што ёсьць іншыя, альтэрнатыўныя палітыкі. Яны павінны прыйсьці да людзей з праграмай, абсалютна канкрэтнай, зразумелай. І мы такую праграму падрыхтуем, і ў нас з гэтым праблем ня будзе. Іншая справа -- як дайсьці да кожнага чалавека? Вось гэта -- самая галоўная праблема.

(Лябедзька: ) “Па-першае, трэба глядзець шырэй, далей і глыбей. Калі паглядзець на Літву, Славенію, Чэхію і Польшчу, дык трэба прызнаць, што яшчэ 15 гадоў таму мы мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы. Але сёньня ў іх заробкі у два, у тры, у тры з паловай разоў вышэйшыя, чым у Беларусі. Цэны на розныя тавары, на харчаваньне, на тэхніку -- значна ніжэйшыя, альбо такія, як у Беларусі. І гэта зрабіла там дэмакратыя. Гэта вынік таго, што людзі абіраюць людзей, якія прытрымліваюцца дэмакратычных каштоўнасьцяў. Гэта прынесла дэмакратыя нашым суседзям. І запытайцеся іх, ці хочуць яны вярнуцца ў тыя часы, калі было аўтарытарнае кіраўніцтва -- ці калектыўнае, ці гэта быў адзін чалавек? Яны адкажуць -- "Не!". Пад час адкрытых рэфэрэндумаў, пад час адкрытага галасаваньня там ніхто не маніпулюе бюлетэнямі, і там падлічваюць усё да аднаго голасу. Так што дэмакратыя - гэта якраз пэрспэктыва для Беларусі, і дэмакратычныя лідары -- гэта лепш, чым цяпер у нас, калі мы маем аднаго чалавека, які адначасна і суд, і парлямэнт. Такога быць не можа. Што датычыць праграмы, мне шкада, што Беларускае тэлебачаньне здольнае толькі прывозіць "артыстаў" са спэцслужбаў і рабіць правакацыі якія мы бачылі на БТ. Яны не гавораць пра тыя праграмы, якія ёсьць. Мы яшчэ ў 2001 годзе аддалі Сідорскаму праграму, якую правялі праз міжнародную экспэртызу. І адказ быў такі: калі яна будзе рэалізаваная ў Беларусі, дык гэты быў бы значна крок наперад у першую чаргу ў сфэры эканомікі. Я запрашаю вашага слухача прыехаць да нас, мы дадзім яму гэтую праграму, і калі ён разумны чалавек, ён зьменіць свой пункт гледжаньня, ператэлефануе на радыё "Свабода" і скажа: "Я памыліўся".

(Караткевіч: ) “Праз тыдзень у Празе пачнецца "Форум 2000", які патранаваны Вацлавам Гавэлам, і туды запрошаны Аляксандар Мілінкевіч. Аляксандар, што Вы скажаце ўдзельнікам Форуму?”

(Мілінкевіч: ) “Мне важна расказаць пра тыя палітычныя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, пра тое, як больш жорстка паводзіць сябе рэжым, аб правах чалавека, якія парушаюцца, аб сытуацыі ў СМІ, а таксама даць надзею Эўропе, якая салідарная з намі, што ў Беларусі дэмакратычныя сілы здолеюць аб''яднацца, яны ўжо аб''ядноўваюцца, і гэта вельмі важна даслаць такі тэзіс у Эўропу, што мы аб’яднаемся, мы дойдзем да перамогі. І ўвогуле, настрой на аптымізм -- гэта вельмі важна для нашых эўрапэйскіх партнэраў”.

(Караткевіч: ) “Калі ў 2006 годзе пры ўладзе ўсё ж застанецца Аляксандар Лукашэнка, як Вы бачыце сваю палітычную будучыню?”

(Лябедзька: ) “Я не сумую ад таго, што ўчора прайграў восем галасоў, таму што гэта дэмакратычныя выбары, дэмакратычная працэдура. Але, я думаю, для мяне было б асабістай трагедыяй, калі б я прайграў Аляксандру Лукашэнку. Мы сёньня павінны вырашыць псыхалягічную праблему. Мне думаецца, што не хапае апанэнтам рэжыму, тым, хто за перамены -- гэта аптымізму і веры ў нашу перамогу. Я прапанаваў бы сёньня размаўляць пра канкрэтныя рэчы -- як дамагчыся перамогі? -- чым сёньня гаварыць пра паразу і пра тое, што будзе, калі будзе параза. Спачатку мы павінны ісьці да перамогі, каб у нас гарэлі вочы, верыць у гэтую перамогу, і тады яна прыйдзе. Яна не прыходзіць да тых, хто гаворыць пра паразу, што нельга перамагчы. Перамога любіць моцных. І я прытрымліваюся гэтага пункту гледжаньня, і ад сябе асабіста зраблю усё, каб гэты рэжым сышоў. Таму што калі гэтага не адбудзецца -- для Беларусі -- не столькі для мяне, а для Беларусі, -- зноў будзе "чорная паласа" і гэта будзе для мільёнаў людзей страчаны час”.

(Мілінкевіч: ) “ Я думаю, што ўсе тыя людзі, што вельмі эмацыйна ўспрымалі падзеі на Кангрэсе, -- а ў залі панаваў выдатны проста настрой, -- яны ўсе ідуць на гэтую палітычную кампанію, як у апошні бой. Слова "бой" не значыць, што будзе кроў, але для нас гэта будзе апошні бой, таму што калі мы не пераможам на гэтых выбарах, калі не прымусіць уладу паводле закону адыйсьці -- мы ўсе думаем, што на Беларусь можа апусьціцца палярная ноч".
XS
SM
MD
LG