Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У. Ганчарык: "Спадзяюся, ня будзе памылкі 2001 году"


Гутарыў Аляксандар Уліцёнак У кулюарах і падчас выступаў удзельнікі Кангрэсу шмат гаварылі, як складана будзе працаваць адзінаму кандыдату. Пра гэта добра ведае папярэднік новага лідэра апазыцыі - Уладзімер Ганчарык, які змагаўся з Аляксандрам Лукашэнкам на выбарах 2001 году.

Працэдура абраньня Ўладзімера Ганчарыка адзіным кандыдатам была прасьцейшая, чым сёлетняя. Фактычна яго вызначыла вузкае кола прэтэндэнтаў на гэтую пасаду й лідэры партый. Той варыянт, прызнаецца Ганчарык, ня лепшы. Адсутнасьць шырокага, агульнанацыянальнага абмеркаваньня кандыдатуры лідэра дэмакратычнай супольнасьці, спарадзіла далей шмат праблемаў. Найперш не ставала паразуменьня з тымі, зь кім раней яму не давялося сустрэцца, паспрачацца, знайсьці агульную мову... І вельмі добра, лічыць спадар Ганчарык, што цяпер сытуацыя выпраўлена. Гэта дае падставы для аптымізму:

(Ганчарык: ) "Я спадзяюся, што ня будзе дапушчана тая памылка, якая была дапушчана ў 2001 годзе, калі пасьля вызначэньня адзінага кандыдата частка лідэраў, частка структураў ня сталі на яго працаваць".

Аднак і новаму адзінаму кандыдату ня варта разьлічваць на поўную падтрымку сваіх ініцыятываў з боку дэмакратычнай кааліцыі, перасьцерагае Ўладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Ужо ёсьць выказваньні: вось калі я палічу, што адзіным выбраны недастойны кандыдат, то я ня буду працаваць... Вось гэтага быць не павінна! Кангрэс вызначыць - значыць гэта дастойны выбар дастойных людзей. І ня так ужо важна, хто гэта будзе па прозьвішчы".

Пытаюся ва Ўладзімера Ганчарыка, што ён бачыць галоўным ужо заўтра для толькі абранага адзінага кандыдата?

(Ганчарык: ) "Галоўнае ў тым, як зрабіць так, каб пасіўнае такое непрыманьне ўлады перайшло ў актыўнае. І - як дайсьці да людзей? Яшчэ - навучыцца абараняць вынікі галасаваньня".

Нагадваю, адзінаму кандыдату на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, калі пасьля паразы яму не ўдалося захаваць саюзу з аднадумцамі: напрацаваныя падчас выбарчай кампаніі міжпартыйныя, міжрэгіянальныя сувязі ў момант распаліся..."

(Ганчарык: ) "Вось гэтага не павінна быць: каб разьбегліся ўсе пасьля выбараў. Трэба замацаваць. Тады гэтага не ўдалося зноў жа з-за таго, што частка партыйных структур пачала працаваць супраць. Яны і на выбарах не дапамагалі, а потым самі ў асабістых інтарэсах пачалі ня вельмі прыемную, ня вельмі канструктыўную кампанію супраць адзінага ўжо ў мінулым, і супраць вынікаў, і гэтак далей. Трэба нацэльвацца на будучыню пры любым выніку. Пры любым выніку не апускаць рукі..."

На заканчэньне - пажаданьні Уладзімера Ганчарыка свайму наступніку, новаму адзінаму кандыдату ад дэмакратычнай супольнасьці краіны:

(Ганчарык: ) "Не дапусьціць расколу ў дэмакратычным руху - вось гэта галоўнае. Бо там не пра ўсё там яшчэ дамоўлена, многа шкодзяць асабістыя амбіцыі... Рашучасьці, уменьня дамовіцца і быць нацэленым на перамогу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG