Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Б.Нямцоў: “Сумеснымі намаганьнямі Эўропы і Расеі трэба зьвергнуць ненавіснага тырана”


Гутарыў Алесь Дашчынскі Вядомы расейскі палітык Барыс Нямцоў, цяперашні дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі, ухваляе той факт, што ў беларускай апазыцыі зьявіўся адзіны кандыдат.

Паводле рашэньня афіцыйнага Менску, Барыс Нямцоў зьяўляецца пэрсонай нон-грата на тэрыторыі Беларусі. Гэтая акалічнасьць перашкодзіла яму прыехаць на Кангрэс дэмсілаў у Менск.

(Нямцоў: ) “Спадзяюся, калі сумеснымі намаганьнямі зьвергнем Лукашэнку, я стану ганаровым грамадзянінам Беларусі. А пакуль усё КГБ Беларусі, адміністрацыя прэзыдэнта, сам прэзыдэнт вельмі заклапочаны тым, што я магу аказаць нейкі вельмі моцны ўплыў на беларускі народ і ён падымецца і зьвергне апошняга тырана Эўропы”.

Ці ўспрымае Барыс Нямцоў абраньне адзінага кандыдата ад апазыцыі як сьведчаньне пачатку пераменаў на Беларусі?

(Нямцоў: ) “Гэта цудоўна, што нарэшце ў апазыцыі зьявіўся адзіны кандыдат, паважаны чалавек. Думаю, што зараз вельмі важна, каб беларускі народ даведаўся, што акрамя Лукашэнкі ёсьць іншыя кандыдаты. Галоўнае, каб усе ўдзельнікі форуму ўсяляк дапамагалі Мілінкевічу ў яго вельмі цяжкай працы. Вельмі спадзяюся, што будзе актывізавана праца для ўсталяваньня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі. Усяляк гатовы гэтаму дапамагаць.”

Барыс Нямцоў лічыць, што Аляксандар Мілінкевіч пакуль мала вядомы як у Расеі, так і ў Беларусі. Ён абяцае падтрымку адзінаму кандыдату дэмсілаў Беларусі.

(Нямцоў: ) “Я думаю, што цяпер, калі расейская ўлада ўсур’ёз заклапочаная тым, каб нашыя адносіны зь Беларусьсю складваліся нармальна, а не так як адбываецца з Лукашэнкам, яна павінна зьвярнуць увагу і на Кангрэс дэмсілаў, і на яго рашэньне. Толькі сумеснымі намаганьнямі Эўропы і Расеі можна, нарэшце, зьвергнуць ненавіснага беларускага тырана. Думаю, што ня толькі апазыцыя ў Расеі гэта разумее, але гэта разумее і ўлада”.
XS
SM
MD
LG