Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч, Лябедзька, Калякін і Шушкевіч заявілі пра еднасьць пасьля абраньня адзінага кандыдата


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандр Мілінкевіч на першай прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што радавацца ягонай перамозе на Кангрэсе рана, паколькі галоўнае выпрабаваньне кааліцыі наперадзе. Спадар Мілінкевіч перакананы, што ягоныя былыя партнэры-канкурэнты будуць цесна супрацоўнічаць, але яшчэ трэба будзе пераканаць іх партыйныя структуры на месцах.

Адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што на сёньня кіраўніком ягонага перадвыбарчага штабу зьяўляецца вядомы палітык Віктар Карнеенка з Гомеля.

(Мілінкевіч: ) "Але я буду прасіць усіх тых, хто побач са мной, увайсьці ў штаб і заняць самыя высокія месцы, тыя што адпавядаюць іх жаданьням і магчымасьцям. Яны ўваходзяць у палітычную раду, але нішто не перашкаджае ўвайсьці таксама ў штаб, і я іх аб гэтым прашу. Гэта было б сыгналам для нашых структураў аб тым, што мы сапраўды аб''ядноўваемся".

Словы Аляксандра Мілінкевіча аб захаваньні еднасьці пацьвердзілі ягоныя былыя канкурэнты, а цяпер паплечнікі. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін зазначыў, што выбар зроблены, і ўсе дамоўленасьці застаюцца ў сіле, гэты толькі першы крок. І яго не бянтэжыць, што перамог кандыдат, якога падтрымлівае БНФ: у ПКБ і БНФ не такія ўжо і складаныя адносіны, – заначыў спадар Калякін:

(Калякін: ) "Яны былі складанымі гістарычна, і рэальна там ня так шмат разыходжаньняў па-сутнасьці, там больш эмоцыяў людзей, якія ня ведаюць пра што ідзе мова. Я перакананы, мы будзем працаваць, бо галоўнай праблемай для нас зьяўляецца той рэжым, які сёньня існуе ў Беларусі".

Станіслаў Шушкевіч публічна заклікаў Анатоля Лябедзьку, які атрымаў на кангрэсе ўсяго на некалькі галасоў меней за Мілінкевіча, знайсьці мужнасьць выканаць усе дамоўленасьці:

(Шушкевіч: ) "Ад цябе шмат залежыць, ты цяпер становісься галоўнай фігурай, ты павінен быць галоўным у штабе, і думаю, на гэта пойдзе адзіны. Калі так будзе, мы абавязкова пераможам".

Сам спадар Лябедзька зазначыў, што ён з палітыкі зусім не зыходзіць, а будзе змагацца разам:

(Лябедзька: ) "Тыя абавязкі, якія я асабіста браў на сябе і многія мае паплечнікі, мы безумоўна выканаем. Я не лічу, што прайграў сёньня".

Анатоль Лябедзька мяркуе ў першую чаргу сабраць сваіх прыхільнікаў, каб захаваць еднасьць спачатку ў самой партыі.

Аляксандр Мілінкевіч, у сваю чаргу, зазначыў, што перш за ўсё ён сустрэнецца з тымі, хто не галасаваў за яго на Кангрэсе. Дзеля інфармацыйнага прарыву ён усклаае надзею на масавы самвыдат і ўсе даступныя беларускія і замежныя сродкі масавай інфармацыі.
XS
SM
MD
LG