Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выбар Мілінкевіча камэнтуюць палітыкі?


Альгерд Невяроўскі, Менск Уладныя палітыкі ня бачаць у Аляксандру Мілінкевічу дастойнага канкурэнта Аляксандру Лукашэнку. Палітыкі, якія самі прэтэндуюць на пасаду прэзыдэнта альбо маюць свайго кандыдата гавораць, што Мілінкевіч ёсьць кандыдатам толькі ад часткі дэмакратычных сілаў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі паставіўся да абраньня Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў вельмі спакойна. Ён упэўнены, што Мілінкевіч ня створыць канкурэнцыю Лукашэнку. Гаворыць Анатоль Красуцкі.

(Красуцкі: ) “ Гэта права любой палітычнай партыі вылучыць кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. У дадзеным выпадку гэта аб’яднанае рашэньне шэрагу партыяў. Я лічу, што ў любых выбарах павінна быць альтэрнатыва. Тады ёсьць з чым параўноўваць, ёсьць з чаго выбіраць. Хаця, канечна, калі казаць пра вынікі, то думаю ўсім зразумела, што наўрад ці цяпер любы апанэнт можа скласьці дастойную канкурэнцыю цяперашняму кіраўніку дзяржавы, калі ён прыме канчатковае рашэньне ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Занадта нізкі рэйтынг у насельніцтва. Давайце гаварыць шчыра. Хто ведае Мілінкевіча? Я, як палітык, адзін раз бачыў яго фотаздымак у газэце. І больш нічога. Дык я ўжо ў палітыцы 30 гадоў. А які просты рабочы чалавек яго ведае?”

Гэта было меркаваньне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Анатоля Красуцкага. Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Ўладзімер Нісьцюк лічыць, што Аляксандар Мілінкевіч ёсьць кандыдатам толькі ад часткі дэмакратычных сілаў і ён ёсьць толькі партнэрам для будучых перамоваў зь іншымі кандыдатамі.

(Нісьцюк: ) “Тое, што сёньня адбылося – адзіны кандыдат абраны для часткі Беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Таму што шмат якія сілы ня ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве. І таму мы будзем весьці перамовы. Мы ўдзельнічалі ў галасаваньні. Нехта галасаваў за Калякіна, нехта за Лябедзьку, нехта за Мілінкевіча. Мы тым самым проста ўдзельнічалі ў абраньні сабе партнэра для будучых перамоваў. Мне бачыцца, што Аляксандар Мілінкевіч, як і Анатоль Лябедзька, вельмі прыстойны чалавек. І кожны зь іх мае права казаць, што ён прадстаўляе вялікую частку беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Але так адбылося, што ў восем галасоў перамог Аляксандр Мілінкевіч. Для нашай партыі, як мы разумеем, гэты кангрэс – як першы этап у справе далейшых кансультацыў па знаходжаньні сцэнару дзеяньняў на будучыя прэзыдэнцкія выбары. Бо сёньня для нас не абраны кандыдат, якога мы лічым адзіным”.

Падобнай думкі таксама трымаецца і адзін з прэтэндэнтаў у прэзыдэнты генэрал Валер Фралоў.

(Фралоў: ) “Гэта будзе адзіны кандыдат ад палітычных партыяў. Дэмакратычнае кола ж у нас вельмі вялікае. І мне здаецца, што гэта першы крок да аб’яднаньня. Яшчэ будуць кандыдаты, я ў тым ліку, якія знойдуць падыходы, як разам працаваць. Ну і пабачым, якія першыя крокі будзе рабіць Мілінкевіч. Праз тыдзень, два, тры пабачым, што будзе зроблена. Я думаю, што мы знойдзем паразуменьне, бо мы яшчэ і добрыя сябры. На тым этапе, на якім ён удзельнічаў, а мы не ўдзельнічалі, я трохі яму дапамагу, як сябру”.
XS
SM
MD
LG