Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як успрынялі перамогу Аляксандра Мілінкевіча яго канкурэнты?


Алесь Дашчынскі, Менск Як успрынялі перамогу Аляксандра Мілінкевіча яго канкурэнты, якія прайгралі, а таксама тыя вядомыя палітыкі, якія бралі ўдзел ў Кангрэсе? Меркаваньні зьбіраў наш карэспандэнт.

Дэлегаты Кангрэсу вельмі эмацыйна ўспрынялі перамогу Аляксандра Мілінкевіча. Яны выкрыквалі: “Мілінкевіч!”, “Жыве Беларусь!”

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька даў першае інтэрвію “Свабодзе” адразу пасьля агучваньня вынікаў галасаваньня.

(Лябедзька: ) “Мы прынялі рашэньне па працэдуры, якая б яна не была спрэчная ці якая іншая, але гэта працэдура прынятая ўсімі намі. Безумоўна, мы будзем яе выконваць”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ўспрымаеце перамогу Мілінкевіча?”

(Лябедзька: ) “Я не лічу за сваю паразу прайграць там камусьці, быў бы гэта Мілінкевіч, Калякін ці Шушкевіч. Было б значна горш, калі б гэта быў пройгрыш Лукашэнку. Самае галоўнае, мне цяпер з маёй камандай сабрацца, каб астудзіць эмацыйны пыл і прыняць узважаныя рашэньні. Але я асабіста буду выконваць тыя абавязкі, якія ўзяў на сябе. Я буду падтрымоўваць адзінага кандыдата і выконваць рашэньні кангрэсу”.

Як успрыняў перамогу Аляксандра Мілінкевіча ягоны канкурэнт, старшыня ПКБ Сяргей Калякін?

(Калякін: ) “Я ўспрыняў гэта як выбар Кангрэсу, зь якім я пагаджаюся. Так, як я браў абяцаньне пагаджацца з гэтым. Мы будзем працаваць яшчэ больш моцна, чым працавалі дагэтуль. Мы працавалі сумесна і будзем працягваць гэту працу. Я застаюся ў камандзе адзінага кандыдата, і я буду сябрам палітычнай рады, якая будзе вырашаць лёс будучай кампаніі, палітычнай кампаніі і буду працаваць на нашу агульную перамогу”.

Меркаваньне былога старшыні Савета рэспублікі Аляксандра Вайтовіча.

(Вайтовіч: ) “Тое, што адбылося, гэта вельмі добрая зьява, але гэта толькі этап кансалідацыі партыйнай часткі апазыцыі. Для таго, каб аб’яднаць усю апазыцыю, трэба яшчэ шмат працы зрабіць”.

Генэрал Валеры Фралоў пра асноўную падзею Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

(Фралоў: ) “Я думаю, што трэба аб’ядноўваць ня толькі апазыцыю, але і шырокае кола грамадзтва – як кажуць, народ. Пакуль, на жаль, гэтага не адбылося. Вельмі хацелася б, каб яны працавалі разам. Ёсьць нейкая насьцярожанасьць, што можа такога не адбыцца”.

Як спадар Фралоў успрымае кандыдатуру спадара Мілінкевіча?

(Фралоў: ) “Як чалавека, сябра вельмі паважаю. Пакуль ня бачу нейкай працы, якая б яго неяк так адзначыла, як чалавека дзяржаўнага”.

Валеры Фралоў не выключае падтрымкі адзінага кандыдата. Ці будзе падтрымліваць Аляксандра Мілінкевіча Аляксандар Вайтовіч? Паводле яго словаў, пакуль вызначаны чалавек ад партыйнай часткі апазыцыі.

(Вайтовіч: ) “Калі ён стане сапраўды народным лідэрам, і пакажа, што гэта сапраўды тая фігура, якая зможа вакол сябе аб’яднаць тых людзей, якія хочуць пераменаў, я буду падтрымліваць. Хай папрацуе. Паглядзім”.
XS
SM
MD
LG