Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Мілінкевіч: “Я сьвята веру ў перамогу!”


Валер Каліноўскі, Менск Пасьля абвяшчэньня вынікаў другога туру галасаваньня, на сцэну падняўся Аляксандр Мілінкевіч. У якасьці адзінага кандыдата ён выступіў перад удзельнікамі Кангрэсу.

Спадар Мілінкевіч заявіў, што вынікі галасаваньня – “гэта давер тых людзей, якія баяцца меней за ўсё ў Беларусі, якія самыя сьмелыя і на якіх можна пакласьціся ў цяжкай працы, якую я падзялю разам з вамі, каб зрабіць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай краінай”.

Мілінкевіч падзякаваў усім – і тым, хто галасаваў за яго, і тым, хто галасаваў заАнатоля Лябедзьку:

“Які б Мілінкевіч ня быў добры, ён не здабудзе перамогі, калі мы ня будзем разам намагаць свае высілкі. Наперадзе нас чакае цяжкая праца. Я не абяцаю перамогі, але сьвята веру ў перамогу. Я фізык і выдатна ведаю, што кожная зьява мае розныя складнікі, і калі адзін зь іх заваліцца, гэта перашкодзіць агульнай справе. Я пайду да канца, я вытрымаю, я не сыйду з дыстанцыі. Я пайду з вамі на плошчу. Я не лічу сябе лепшым, я – першы сярод роўных. Мне патрэбная ваша дапамога. Давайце будзе разам да канцы і я ўпэўнены, што мы дасягнем агульнай мэты, здабудзем нашую перамогу!”

Па сканчэньні прамовы на сцэну выйшлі іншыя прэтэндэнты – Сяргей Калякін, Станіслаў Шушкевіч і Анатоль Лябедзька. Яны павіншавалі Мілінкевіча і абняўшыся пазіравалі перад фотакамэрамі.
XS
SM
MD
LG