Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька пакляўся на Бібліі і кнізе Васіля Быкава


Валер Каліноўскі, Менск Анатоль Лябедзька прэзэнтаваў сваю праграму. Ён заявіў: “Я – не прарасейскі і не праамэрыканскі палітык, я – прабеларускі палітык”, а пасьля пакляўся на Бібліі, Канстытуцыі 1994 году і кнізе Васіля Быкава.

Лідэр АГП выступаў вельмі эмацыйна. Ягоная прамова некалькі разоў перарывалася воплескамі. Палітык зазначыў, што прыхільнікі пераменаў ня дзеляцца на левых і правых, а дзеляцца на аптымістаў і пэсымістаў. Лябедзька перакананы, што перамены ў Беларусь прынясуць толькі аптымісты. “Я – не прарасейскі і не праамэрыканскі палітык, я – прабеларускі палітык”, – падкрэсьліў ён. І дадаў: “Я хацеў бы будаваць на Беларусі не бэрлінскія муры, а будаваць масты, якія будуць яднаць людзей у Беларусі. Я ведаю, што рабіць у Беларусі празь месяц і праз год. Першы дэкрэт, які я падпісаў бы у якасьці новага прэзыдэнта, гэта дэкрэт пра канстытуцыйную рэформу. Рэформа забясьпечыла б падзел уладаў, правоў і паўнамоцтваў паміж урадам і парлямэнтам”.

Анатоль Лябедзька выказаў меркаваньне, што з Кангрэсу вядзецца наўпроставая трансьляцыя ў палац Лукашэнкі. Ён наўпрост зьвярнуўся за кіраўніка дзяржавы: “У вас яшчэ ёсьць шанец сысьці прыгожа і годна. Яшчэ ёсьць магчымасьць сысьці як першы прэзыдэнт Беларусі, а не як апошні дыктатар Эўропы. Мы можам гарантаваць вам асабістую бясьпеку і бясьпеку вашых капіталаў дзеля бясьпекі Беларусі”.

Прэтэндэнт на статус адзінага кандыдата прынёс на трыбуну Кангрэсу Біблію, Канстытуцыю 94-га году і том збору твораў Васіля Быкава. На іх ён даў урачыстую клятву: “Я ня стану на калені і не схілю галавы перад перашкодамі і праблемамі і ніколі ня здраджу ні духу, ні ідэалам Кангрэсу”.
XS
SM
MD
LG