Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кангрэсe дзяржаўная тэлевізія заўважыла "сэксуальны скандал"


Алесь Дашчынскі, Менск Першым на правядзеньне Кангрэсу дэмсілаў у Менску адгукнуўся рэпартажам беларускі дзяржаўны тэлеканал ОНТ. Сюжэт пра Кангрэс ішоў адразу пасьля рэпартажу пра гей-парад на Тайвані.

Вядоўца інфармацыйнага выпуску “Нашы навіны” Аляксандар Аверкаў прамовіў у эфіры: “З сэксуальнага скандалу пачаўся сёньня ў Менску збор беларускай апазыцыі, які яго арганізатарамі называюць Кангрэсам дэмакратычных сілаў. Грамадзкасьць і прэса не праявілі б да мерапрыемства асаблівай увагі, калі б да барацьбы беларускіх дэмакратаў не далучыліся таварышы нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі”.

Паводле карэспандэнта ОНТ, менавіта прадстаўнікі сэкс-мяньшыняў стварылі адзіную інфармацыйную нагоду для паведамленьняў пра Кангрэс. Маўляў, шырокія пратэстныя масы не прыйшлі да месца правядзеньня Кангрэсу. “Замест пакрыўджанага рэжымам рабочага клясу, прыціснутай студэнцкай моладзі, падтрымаць ідэйных натхняльнікаў барацьбы за сьветлае будучыню беларускага народу прыбылі прадстаўнікі сэкс мяньшыняў - электаральная падтрымка адзінага кандыдата”, – распавядаў аўтар рэпартажу. Далей “Нашыя навіны” паказалі буйным плянам двух прадстаўнікоў актораў, якія выступаюць за аднаполыя шлюбы. У рэпартажы ОНТ былі пададзеная абуральная рэакцыя мінакоў. Прадстаўнік менскай міліцыі сказаў тэлеканалу ОНТ, што міліцыя “ў іх справы ня ўмешваецца, гэта не наша задача. Хто там да іх прыходзіць, чырвоныя, блакітныя, зялёныя – нас гэта ня тычыцца. Мы ажыцьцяўляем ахову грамадзкага парадку”.

Паводле карэспандэнта ОНТ, паседжаньне Кангрэсу “больш было падобна на пленум былой КПСС, усё тыя ж нязьменныя лідэры партый і рухаў, некаторым зь якіх пад 70 гадоў, усё той жа сплянаваны рэглямэнт і чытаньне з трыбуны раней падрыхтаваных тэкстаў”.

Таксама ОНТ паведаміла, што, быццам, пад эгідай НАТО ў Вільні адбылася рэпэтыцыя Кангрэсу і практычна ўсе сябры прэзыдыюму прайшлі там інструктаж. А ўчора трымалі нараду ў рэзыдэнцыі амэрыканскага пасла ў Беларусі.

Тым часам у інтэрвію агенцыі БелаАПАН адзін з лідэраў руху асобаў нетрадыцыйнай сэксуальнасьці Эдвард Тарлецкі катэгарычна абверг датычнасьць яго руху да акцыі, пададзенай на тэлеканале ОНТ, якую ён назваў правакацыяй. Паводле Тарлецкага, да яго цягам чатырох дзён да Кангрэсу зьвярталіся прадстаўнікі беларускага тэлебачаньня з просьбай даць інтэрвію, на якое ён не пагадзіўся. Паводле Э. Тарлецкага, тое, што, быццам бы, прадстаўнікі сэкс-мяньшыняў правялі перад Кангрэсам акцыю - гэта правакацыя”.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі Станіслаў Шушкевіч так адрэагаваў на пытаньні карэспандэнтаў дзяржаўных тэлеканалаў: ”Што ў каго баліць, той пра тое і пытаецца”.
XS
SM
MD
LG