Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегаты Кангрэсу чакаюць кансалідацыі апазыцыі і перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах.


Альгерд Невяроўскі, Менск Перад пачаткам Кангрэсу дэмакратычных сілаў наш карэспандэнт размаўляў з дэлегатамі і гасьцямі форуму. Ён цікавіўся, чаго яны чакаюць ад Кангрэсу і каму з прэтэндэнтаў у адзіныя кандыдаты аддадуць свой голас.

З самай раніцы 1 кастрычніка сьцены Палацу культуры менскага аўтазаводу, дзе праходзіць Кангрэс дэмсілаў, сустракалі дэлегатаў і гасьцей вялікімі надпісамі зробленымі ад рукі чырвонай фарбай па-расейску: “Слава Союзу, Нет Евросоюзу!”, “Нет продажной оппозиции!”, “Руки прочь от Беларуси!”.

Пад гэтымі надпісами былі намаляваныя сэрп и молат, а таксама абрэвіятура НБП, што азначае нацыянал-бальшавіцкая партыя. Многія дэлегаты кангрэсу абураліся хуліганскай акцыяй нацболаў. А вось, што сказаў з гэтай нагоды старшыня аргкамітэту кангрэсу Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Дырэктар палацу вельмі занепакоены тым, што палац нясе страты. Бо ўсё гэта трэба будзе прыбіраць. І мы маем нейкую ступень адказнасьці за гэта. Я ня ведаю, можа быць органы правапарадку ўмяшаюцца й прыцягнуць да адказнасьці тых людзей, што дапускаюць такія парушэньні грамадзкага парадку”.

Тым часам рабочы даволі хутка зафарбавалі надпісы.

Дэлегаты й госьці праходзілі ў холе палацу рэгістрацыю. Трэба адзначыць даволі ўзмоцненыя меры аховы кангрэсу. Хлопцы з аховы прапускалі ў залю й на паверхі палацу людзей толькі з карткамі дэлегатаў, гасьцей кангрэсу, альбо прэсы. Я пацікавіўся ў дэлегатаў, чаго яны чакаюць ад гэтага форуму і каму з прэтэндэнтаў аддадуць свой голас. Гаворыць Кастусь Кузьняцоў з Гомелю:

(Кузьняцоў: ) “ Я больш за ўсё вылучаю Аляксандра Мілінкевіча і за яго аддам свой голас на гэтым кангрэсе. Пры наяўнасьці яркай, выбітнай, выдатнай асобы кангрэс і ня варта было б праводзіць. Але пакуль мы ня маем такой асобы ў Беларусі кангрэс проста неабходны. І перш за ўсё чакаю абраньня адзінага кандыдата. І фармаваньня агульнай стратэгіі беларускай дэмакратычнай апазыцыі на выбарах прэзыдэнта ў 2006 годзе”. А вось меркаваньне Кацярыны Нікіфаравай са Смалявіцкага раёну:

(Нікіфарава: ) “Я лічу, што гэты кангрэс вельмі добрая зьява. Таму што адзіны кандыдат – гэта не абы што. Я буду галасаваць за Мілінкевіча”.

Выказаў сваю думку і дэлегат Фэлікс Шкірманкоў са Слаўгараду:

(Шкірманкоў: ) “Ён парэбен – гэты кангрэс. Патрэбен хаця б з таго боку, каб людзі пабачылі, што ёсьць у нас у Беларусі шмат людзей, якія разумеюць, што будзе з Беларусьсю, калі мы ня здолеем зьмяніць кірунак сёньняшняй улады”.

“Кангрэс гэта шанец зрушыць сытуацыю з месца” – гаворыць дэлегат Анджэй Пісальнік з Горадні, прадстаўнік непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі:

(Пісальнік: ) “Я бачу Кангрэс як нейкі шанец, каб зрушыць сытуацыю зь месца, каб яна зьмянілася ў гэтай краіне. Бо для большасьці палякаў ужо цяпер абсалютна зразумела, што нашая сытуацыя польскай меншасьці ў Беларусі можа зьмяніцца толькі тады, калі зьменіцца сытуацыя ў Беларусі”. А вось думка госьця зьезду, старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведара Нюнькі:

(Нюнька: ) “Я рады вітаць. Гэта вельмі прыемна, што й мы зразумелі, што без еднасьці нам не абысьціся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG