Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праекты рэзалюцый Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі


RFE/RL Аб неканстытуцыйнасьці рэфэрэндуму 17 кастрычніка 2004 году і аб незаконнасьці удзелу А. Лукашэнкі ў чарговых прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Мы, удзельнікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі, –

ацэньваючы арганізаваны А. Лукашэнкам у кастрычніку 2004 г. рэфэрэндум, –

усьведамляючы сваю адказнасьць за будучыню краіны, –

лічачы неабходным забясьпечыць умовы для правядзеньня законных, свабодных і дэмакратычных выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у 2006 годзе, канстатуем:

1.

Згаданы рэфэрэндум быў прызначаны і праведзены з парушэньнем артыкула 78 Канстытуцыі і артыкула 112 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Як вынікае з часткі 2 артыкула 137 Канстытуцыі Беларусі, у выпадку разыходжаньня прэзыдэнцкага Указа з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. Такім чынам, маючы разыходжаньне з Канстытуцыяй, Указ № 431 ад 7.09.2004 г. і вынікі праведзенага ў адпаведнасьці з ім рэфэрэндуму не маюць юрыдычнай сілы.

2.

Сфармуляванае ва Указе №431 пытаньне ў парушэньне арт. 22 Канстытуцыі прадугледжвае прадастаўленьне А.Лукашэнку пераважных у параўнаньні з іншымі грамадзянамі краіны правоў. Выкладзенае ў пункце 2 Указа № 431 парушае таксама канстытуцыйнае права (артыкул 39 Канстытуцыі) роўнага доступу грамадзян "да любых пасад у дзяржаўных органах".

3.

Указам №431 А.Лукашэнка парушыў канстытуцыйны прынцып выбарчай сыстэм краіны, дзе гаворыцца, што "кандыдаты, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, удзельнічаюць у выбарах на роўных падставах" (артыкул 66 Канстытуцыі).

4.

Сваімі дзеяньнямі А. Лукашэнка парушыў артыкул 59 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынятую ім Прысягу (артыкул 83 Канстытуцыі). Паводле Прысягі, прэзыдэнт павінен "... аддана служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, захоўваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь...".

5.

У парушэньне артыкула 79 Канстытуцыі А.Лукашэнка як прэзыдэнт краіны, выдаючы Указ №431, не выступіў "гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна", а незаконна выкарыстаў сваё становішча вышэйшай службовай асобы дзяржавы выключна ў асабістых інтарэсах.

6.

Арганізатары неканстытуцыйнага рэфэрэндуму і шматлікіх парушэньняў дзейнага заканадаўства пры яго правядзеньні, як вынікае з артыкула 3 Канстытуцыі Беларусі, учынілі дзеяньні, накіраваныя на зьмену канстытуцыйнага ладу і дасягненьне дзяржаўнай улады незаконнымі мэтадамі, што караецца паводле закону. На падставе выкладзенага мы, удзельнікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі, прыйшлі да высновы: – Указ №431 ад 7.09.2004 года і праведзены ў адпаведнасьці з ім рэфэрэндум зьяўляюцца неканстытуцыйнымі і не маюць юрыдычнай сілы, – удзел А.Р.Лукашэнкі ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года ў якасьці прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь зьяўляецца незаконным.

ПРАЕКТ Патрабаваньні Кангрэсу дэмакратычных сіл да уладаў у сувязі з правядзеньнем выбараў у 2006 годзе.



Выбары прэзыдэнта РБ у 2006 г. павінны адбыцца з выкананьнем міжнародных дэмакратычных норм і правілаў, замацаваных як у міжнародных пагадненьнях, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь, так і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Таму напярэдадні выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 2006 года Кангрэс Дэмакратычных Сіл (КДС) Рэспублікі Беларусь зьвяртаецца да усіх уладных структур краіны з наступнымі патрабаваньнямі:

1.

КДС патрабуе выкананьня чатырох крытэрыяў, замацаваных у Дэклярацыі Санкт-Пецярбурскай сэсіі ПА АБСЭ (1999 г.) і Дэклярацыі Стамбульскага саміту кіраўнікоў дзяржаў-членаў АБСЕ (1999 г.) у якасьці асновапалагаючых прынцыпаў дэмакратычных выбараў і асноўных умоў працэса дэмакратызацыі ў Беларусі: –

стварэньне ў краіне клімату даверу, спыненьне палітычных рэпрэсій; –

забесьпячэньне доступу палітычнай апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і стварэньне роўных умоваў для дзейнасьці СМІ розных формаў уласнасьці; –

прывядзеньне дзеючага заканадаўства, у першую чаргу выбарчага, у адпаведнасьць з агульнапрынятымі дэмакратычнымі стандартамі; –

аднаўленьне прынцыпа падзяленьня уладаў, у тым ліку пашырэньне функцый і паўнамоцтваў Парлямэнта.

2.

Для правядзеньня ў Беларусі свабодных і дэмакратычных выбараў неабходна унесьці наступныя зьмены ў Выбарчы кодэкс: – гарантаваць прадстаўніцтва палітычнай апазыцыі ў выбарчых камісіях усіх узроўняў. Прадстаўнікі ад ворганаў, якія ствараюць камісіі, не маюць права займаць у іх пасады старшыні, намесьніка старшыні і сакратара. – адмяніць датэрміновае галасаваньне; – зьмяніць парадак галасаваньня выбаршчыкаў па месцы іх знаходжаньня (на даму): яно павінна праводзіцца толькі па пісьмовай заяве выбаршчыка. – зьмяніць падставы для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты: адзінай падставай можа быць толькі недастатковая колькасьць сабраных яго ініцыятыўнай групай дзейсных подпісаў. – пашырыць правы назіральнікаў: а) увесьці паведамляльны прынцып прысутнасьці на пасяджэньнях выбарчых камісій і выбарчых участках; б) прадаставіць права на атрыманьне па першым патрабаваньні завераных копій пратаколаў аб выніках галасаваньня ад выбарчых камісій усіх узроўняў; в) гарантаваць права знаходзіцца каля стала, за якім вядзецца падлік галасоў, на такой адлегласьці каб бачыць зьмест выбарчага бюлетэня; г) выдаленьне назіральніка з выбарчага участка можа адбыцца толькі у выпадку грубага парушэньня ім выбарчага заканадаўства і па аднагалоснаму рашэньню выбарчай камісіі; – забясьпечыць усім грамадзянам, палітычным партыям, кандыдатам у прэзыдэнты роўныя магчымасьці правядзеньня перадвыбарчай агітацыі; – гарантаваць права на судовае абскарджаньне рашэньняў выбарчых камісій усіх узроўняў.

3.

Прэзыдэнцкія выбары 2006 года павінны прайсьці без удзелу А.Лукашэнкі. Рэфэрэндум 2004 г., які фармальна “дазволіў” А.Лукашэнку кіраваць краінай бэстэрмінова, быў праведзены з грубымі фальсыфікацыямі і парушэньнямі закону і непрызнаны міжнароднымі арганізацыямі і дэмакратычнымі краінамі. А.Лукашэнка не мае права удзельнічаць у выбарах.



4. КДС патрабуе расьсьледаваньня справы аб зьнікненьнях вядомых людзей – Ю.Захаранкі, В.Ганчара, В.Красоўскага, З.Завадзкага і прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці асоб, якія вінаватыя ў гэтых злачынствах.

КДС патрабуе спыніць палітычны перасьлед апанэнтаў рэжыму, у тым ліку супраць грамадзкіх арганізацый, палітычных партый, прафсаюзаў. Спыніць арышты, затрыманьні і штрафы ў адносінах да арганізатараў і удзельнікаў мірных сходаў і дэманстрацый і унесьці адпаведныя зьмены ў Закон “Аб масавых мерапрыемствах”. КДС патрабуе вызваліць з месцаў зьняволеньня грамадзян, асуджаных па палітычных матывах: В.Леванеўскага, М.Марыніча, С. Скрабца, П.Севярынца, М.Статкевіча.

Праект

Беларусь: дарога ў будучыню

Плятформа прыхільнікаў пераменаў "За Беларусь"

Мы – людзі розных прафэсіяў, рознага веку, маем розныя палітычныя погляды. Мы заяўляем пра сваё жаданьне дзейнічаць разам, каб адкрыць нашай роднай Беларусі дарогу ў будучыню. Мы супраць застою, непазьбежнага пры доўгім кіраваньні аднога чалавека, мы не жадаем закалотаў, якія непазьбежна наступаюць пасьля застою. Мы за рух наперад. Мы разам, таму што прагнем лепшай будучыні. Для сябе, для нашых дзяцей, для нашых унукаў. Для нашай краіны. Мы выбіраем справядлівую, адказную, вольную, незалежную і заможную Беларусь. Абярыце і Вы свой шлях. Мы клічам Вас у дарогу. Разам будзем ствараць нашую будучыню. Яна лепшая, чым многія могуць сабе уявіць. Яна больш рэальная, чым цвердзяць пэсымісты. Яна больш справядлівая і маральная, чым “вэртыкальная” цяпершчына. Нашая будучыня – духоўная і культурная, таму што яе выбіраем мы, адказныя патрыёты сваёй краіны. Мы верым у сілу перакананьня, а не прымусу. Мы – за партнэрства, а не падпарадкаваньне. Паасобку ніхто не створыць наш дабрабыт. Таму мы клічам вас пайсьці з намі – за вашую і нашую свабоду. За будучыню новай Беларусі, нашай з вамі Радзімы. Такой мы яе уяўляем.

1. Беларусь справядлівая

Закон, а не бюракрат абараняе грамадзяніна. Чыноўнік і просты чалавек, багаты і бедны, сталы і малады – усе роўныя перад законам. Суд рэальна незалежны. Міліцыя ловіць злачынцаў, а не мірных дэманстрантаў. Парлямэнт прымае законы, а урад няўхільна іх выконвае. За усім сочыць грамадзянская супольнасьць і незалежныя СМІ. Краіна жыве паводле закону, а не дэкрэтаў і дырэктываў. Прадпрымальнікі не баяцца дзяржаўнага і крымінальнага рэкету, падатковай ды іншых праверак. Уладальнікі дамоў і кватэр лёгка вырашаюць пытаньні з жыльлёва-камунальнымі службамі. Людзям створаныя роўныя магчымасьці для атрыманьня адукацыі, працы, лячэньня і вядзеньня бізнэс. Без палёгкі для блатных, без прэфэрэнцыяў для чыноўнікаў. У пашане – творчасьць, інавацыі, якасная праца і стварэньне новых працоўных месцаў. Грамадзкая ганьба – злодзеям, п’яніцам і безадказным бацькам.

2. Беларусь адказная

Ў Вас ёсьць палітычная і эканамічная воля. Гэта не ўседазволенасьць і беспакаранасьць. Гэта адказнасьць за свае дзеяньні, за свой выбар. Даў слова – трымай. Падпісаў дамову – выконвай. Зрабіў шкоду – аднаві. Узяў крэдыт – аддай. Гэта тычыцца ў роўнай ступені і дзяржавы, і грамадзяніна. Старыя людзі атрымліваюць пэнсіі не ад шчодрасьці чыноўнікаў. Гэта іх неад’емнае права паводле дамовы з дзяржаваю. Працаўнікі атрымліваюць заробак не з міласэрнасьці наймальнікаў. Гэта іх права паводле дамовы. Дзяржава парушыла дамову – яна плаціць штраф і кампэнсуе чалавеку страты. Кантракт абараняе працаўніка, а не інтарэсы бюракратаў. Незаконныя канфіскацыя і нацыяналізацыя – гэта прыклады амаральных, безадказных паводзінаў чыноўнікаў і палітыкаў. У Беларусі адказнай ім няма месца. Бізнэс не заплаціў падаткі, парушыў экалягічныя стандарты, несвоечасова выплаціў заробак – нясе адказнасьць паводле закону, а не адкупляецца хабарам. "Карай зло, заахвочвай дабро" – гэта просты прынцып адказнай дзяржавы. Адказны вытворца не падманвае спажыўца. Ён працуе на яго і дзеля яго. Вы не баіцеся набыць фальшыўку або падробку: Вас абараняе закон і рэпутацыя крамаў і вытворцаў. Вы не баіцеся, што дактары залекуюць Вас да сьмерці, а настаўнікі сапсуюць дзяцей. Безадказнасьць караецца разбурэньнем рэпутацыі і стратай кліентаў.

3. Беларусь адроджаная

Мы ганарымся сваёй Радзімай і яе гісторыяй. Мы патрыёты роднай Беларусі. Мы гаворым на роднай мове, вывучаем гісторыю і робім з яе высновы. Мы слухаем сваю музыку, глядзім фільмы, ходзім у тэатар. Таму што беларускае – гэта якаснае і прафэсійнае, гарманічнае і мэладычнае. Пры гэтым не існуе забаронаў і абмежаваньняў на мастацтва і культурную спадчыну іншых краінаў. Мы не гандлюем незалежнасьцю. Яна для нас сьвятая. Мы не навязваем сваю палітыку іншым, але таксама не прымаем гвалту звонку. У мінулым застаўся комплекс уласнай непаўнавартасьці. Беларусь – надзейны, прыстойны і стабільны сусед. Нас цэняць і паважаюць на усіх кантынэнтах. Мы падарожнічаем па сьвеце без візаў і запрашэньняў, і да нас езьдзяць бяз візаў і запрашэньняў. Штогод мы прымаем да 1 млн. замежных гасьцей і турыстаў, а не 60 тысячаў, як сёньня. Беларускі бізнэс працуе на сусьветным рынку. Асноўныя карпарацыі сьвету працуюць у бальшыні беларускіх гарадоў. Студэнты вучацца па усім сьвеце і вяртаюцца працаваць дадому. Усім, незалежна ад нацыянальнасьці, аднолькава камфортна працаваць і вучыцца, адпачываць і лячыцца ў нашай Беларусі. Багацьце не дае шчасьця без адраджэньня ў грамадзтве маралі. Таму дзяржава стварае роўныя умовы для дзейнасьці усіх рэлігійных канфэсіяў, якія выхоўваюць маральнага чалавека. Спрыяе гуманізацыі адукацыі і адраджэньню нацыянальнай культуры, захоўвае і адбудоўвае помнікі архітэктуры, прапагандуе нацыянальную мастацкую спадчыну. Мы – частка Эўропы. Мы аднолькава актыўна працуем у ААН, Радзе Эўропы, АБСЭ і рэгіянальных міжнародных арганізацыях. Мы – сябры Усясьветнай гандлёвай арганізацыі. У гэтым гарантыя нашай бясьпекі. Мы не крычым пра яе на кожным кроку, а пасьлядоўна працуем на яе узмацненьне – у барацьбе з тэрарызмам, наркотыкамі, гандлем людзьмі і міжнароднай злачыннасьцю, у рэалізацыі супольных навуковых, культурных і інвэстыцыйных праектаў.

4. Беларусь вольная

Дзяржава – для чалавека, а не наадварот. Кожны голас мае значэньне. Кожны грамадзянін бярэ удзел у кіраваньні краінай – на сумленных, адкрытых, дэмакратычных выбарах. Вы вольныя гаварыць усё, што думаеце – не баючыся апынуцца без працы або за кратамі. Вы вольныя пратэставаць супраць рашэньняў улады – бяз страху быць зьбітым і прыніжаным. Вы вольныя ладзіць любыя мерапрыемствы, калі толькі не заклікаеце да насільля, не распальваеце нацыянальныя, рэлігійныя або этнічныя канфлікты. Вы вольныя вучыць сваіх дзяцей сваім каштоўнасьцям. Пры гэтым Вы абавязаныя паважаць такое самае права іншых людзей. Вы вольныя пачаць законны бізнэс у любой галіне. Танна і хутка, без мафіі і рэкету. Вы самастойна абіраеце, у якой валюце Вам зьберагаць і інвэставаць. Ніхто не замінае Вам увозіць або вывозіць сумленны капітал. Ніхто не загадвае прадпрыемствам, колькі вырабляць, якім коштам і каму прадаваць, каго браць у партнэры і якія ставіць цэны. У нашай краіне канкуруюць ідэі, тавары і паслугі. Тут чуваць стрэлы толькі ў цірах і на паляваньні.

5. Беларусь канкурэнтная

Беларусь – краіна мільёнаў заможных людзей. Яны маюць доступ да самых сучасных тэхналёгіяў, да багатага усясьветнага рынку фінансаў ды інавацыяў. Нямецкія аўтамабілі, японскія робаты, карэйская бытавая тэхніка, італьянскае адзеньне вырабляюць прадпрыемствы на беларускай зямлі. Яны зарэгістраваныя ў нас, плоцяць падаткі ў дзяржаўную скарбніцу, ствараюць працоўныя месцы для беларусаў. Яны пашыраюць тавары "Зроблена ў Беларусі" па усім сьвеце. Мы ужываем лепшае на плянэце, а не тандэтныя сурагаты. Мы – частка сусьветнай эканомікі, а не яе завугольле. Малы бізнэс і простыя людзі маюць доступ да танных крэдытаў. Працуе іпатэка. Прадпрымальнік зьвяртаецца да дзяржавы раз на год – сплаціць падатак. Хабар – вялікая рэдкасьць. Не таму, што ў дзяржаўных структурах працуюць "анёлы". Чыноўнікам плацяць заробак за тое, каб яны не стваралі перашкодаў, а дапамагалі прадпрымальнікам. Каб стымулявалі канкурэнцыю, а не хабарніцтва. За новыя працоўныя месцы, за сплачаныя падаткі, за якасныя тавары і паслугі – гонар і павага. Суб''екты гаспадаркі плацяць пяць падаткаў замест трыццаці пяці сёньня. Падатковая нагрузка – не больш на 30% ВУП. Прыватны прадпрымальнік купляе патэнт, танны і унівэрсальны. Няма ліцэнзіяў на розьнічны гандаль. Сэртыфікаты ЭС і ЗША, Расіі і Украіны прымаюцца без пацьверджаньня. Роўна як і беларускія – нашымі гандлёвымі партнэрамі. Дробныя акцыянэры абароненыя ад злоўжываньняў нанятых мэнэджэраў.

6. Беларусь сінявокая

Мы ганарымся чыстымі азёрамі і рэкамі, багатымі лясамі і чыстым паветрам. Ніхто не квапіцца з сякерай і пілой на наш нацыянальны скарб – Белавескую пушчу, іншыя нацыянальныя запаведнікі. Жывая прырода нашай краіны вабіць сотні тысяч турыстаў Эўропы, Азіі і Амэрык, а не сотні чыноўнікаў і бізнэсмэнаў, якія будуюць свае катэджы ў запаветных зонах. Палесьсе – не толькі найлепшае месца Эўропы для вывучэньня расьліннага і жывёльнага сьвету. Яно вылечваецца ад згубных вынікаў мэліярацыі. Прадпрыемствам і людзям невыгодна пакідаць за сабой горы сьмецьця. Вуліцы беларускіх гарадоў – чыстыя, дагледжаныя і прыгожыя. Пасьпяхова працуюць заводы перапрацоўкі сьмецьця. Актыўна ужываюцца экалягічна чыстыя машыны і абсталяваньне. У Беларусі забаронена захоўваньне і перапрацоўка ядзерных адыходаў. У невялікіх гарадах і пасёлках цеплавая і электрычная энэргія здабываецца з адыходаў вытворчасьці і жыцьцядзейнасьці. Мы актыўна карыстаемся сучаснымі навуковымі дасягненьнямі ў галіне энэргетыкі, генэтыкі і сельскай гаспадаркі. Мы харчуемся экалягічна чыстымі прадуктамі і прадаем іх па усім сьвеце. Чарнобыльская зона – месца правядзеньня грунтоўных навуковых дасьледаваньняў, вывучэньня узьдзеяньня радыяцыі на прыроду. Дзяржава не падтрымлівае камэрцыйную сельскагаспадарчую вытворчасьць у чарнобыльскай зоне. Дзяржава беражэ наш генафонд.

7. Беларусь бясьпечная

Мы сябруем з усімі суседзямі. Гандлюем з усім сьветам. Супрацоўнічаем з усімі краінамі на роўных і без дыскрымінацыі ў культурнай, адукацыйнай, эканамічнай, спартыўнай сфэрах. У гэтым – гарантыя нашай зьнешняй бясьпекі. Вуліцы нашых гарадоў бясьпечныя. Можна без страху шпацыраваць у любы час сутак не толькі ў цэнтры Мінска, але ў любым горадзе краіны. Міліцыянэр – памочнік і партнэр грамадзяніна. Міліцыя карыстаецца сучасным абсталяваньнем для нэўтралізацыі злачынцаў. Пракуратура не абслугоўвае інтарэсы бюракратаў, а абараняе правы і свабоды грамадзян. Суды не просяць падачак ад выканаўчай улады. Яны фінансава і адміністрацыйна незалежныя. Натарыяльныя, адвакацкія, прававыя паслугі даюць незалежныя ад дзяржавы кампаніі. Турмы перастаюць быць месцам гвалту, зьнявагі, нішчэньня здароўя і годнасьці чалавека. За нязначныя эканамічныя парушэньні прадугледжана сыстэм штрафаў ды іншых адміністрацыйных пакараньняў. Урад, усе органы дзяржаўнай улады абавязаныя публікаваць стэнаграмы паседжаньняў. Мы ведаем, хто якія рашэньні прымае. Мы сочым, каб палітыкі абаранялі інтарэсы грамадзян, а не сваіх таемных спонсараў. Нам вядома, за чый кошт адпачываюць і купляюць нерухомасьць і аўтамабілі дэпутаты і дзяржаўныя службоўцы. Жорсткі грамадзкі кантроль і доступ СМІ да дакумэнтаў усіх органаў улады – трывалая аснова для барацьбы з карупцыяй. Празрысты бюджэт і ніякіх закрытых прэзыдэнцкіх фондаў. Грамадзтва без усемагутных і некантраляваных чыноўнікаў, грамадзтва адкрытай канкурэнцыі, без алігархаў і манаполіяў – гэта грамадзтва без карупцыі. Гэта грамадзтва абароны правоў рабочага і бюджэтніка, грамадзтва сацыяльнай бясьпекі.

8. Беларусь рэгіянальная

Улада максымальна набліжаная да чалавека. Мы са сваімі суседзямі самі вырашаем, як будаваць свой дом, вуліцу і горад. Мы не мусім узгадняць усе рашэньні з цэнтрам. Мы самі вырашаем, як выдаткаваць грошы мясцовага бюджэту, каму і ў якім памеры аказаць дапамогу. Ваш голас важны пры вызначэньні рэжыму працы дзіцячых садкоў і школаў, унівэрсытэтаў і лякарняў у Вашым раёне. Мы актыўна удзельнічаем у эўрапейскіх праграмах рэгіянальнага разьвіцьця. З іх дапамогаю мы паляпшаем дарогі і экалягічную сытуацыю, разьвіваем сельскі турызм, праводзім Інтэрнэт у кожную школу. Вы рэалізуеце свае інтарэсы, дапамагаеце людзям праз структуры грамадзянскай супольнасьці, праз мясцовыя органы улады. Яны – Вашыя суседзі і партнэры, таму што Вы іх абіраеце самі. Вы становіцеся сапраўдным патрыётам, дапамагаючы найперш сваёй мясцовай супольнасьці, сваім суседзям.

9. Беларусь сучасная

Беларусь робіць самыя сучасныя камп’ютары, трактары, аўтамабілі і робаты. Нашая краіна вабіць як замежных вытворцаў, гэтак і беларускіх навукоўцаў. Партнэрства замежнага капіталу і беларускіх мазгоў – натуральны шлях да раскрыцьця нашага творчага патэнцыялу. Мы удзельнічаем у міжнародных навуковых праграмах у галіне высокіх тэхналёгіяў. Беларускія ВНУ уключаныя ў базу дадзеных вядучых навуковых цэнтраў сьвету. Мы распрацоўваем формулы эфэктыўных лекаў. Мы будуем з экалягічна чыстых, надзейных матэрыялаў. Яны робяцца ў Беларусі. Нашымі рукамі, паводле нашых і ліцэнзійных тэхналёгіяў. Вёска жыве без аўралаў і бітваў за ураджай, ужываючы сучасныя тэхналёгіі. Затое каровы даюць не 2 тысячы літраў, а 8-9 тысяч літраў малака ў год. Ураджай збожжавых – 100 цэнтнэраў з гектара. Мы вучым студэнтаў з розных краін праграмаваньню, матэматыцы і фізыцы. Нанатэхналёгіі, генэтыка і лазэрныя тэхналёгіі служаць крыніцай росту прадукцыйнасьці працы. Нашыя дактары карыстаюцца самым сучасным абсталяваньнем: лячыцца ў Беларусі надзейна і танна. Нашыя унівэрсытэты становяцца незалежнымі цэнтрамі сучасных ведаў. Нашыя студэнты і выкладчыкі размаўляюць на роднай і некалькіх замежных мовах. Супрацоўнічаюць з найлепшымі навукоўцамі сьвету, публікуюцца ў прэстыжных часопісах. Беларуская навука адкрытая і прагрэсіўная, фундамэнтальная і практычная.

10. Беларусь заможная

Сёньня мы добра ведаем, як трэба выжываць, і дрэнна ведаем, што значыць па-сапраўднаму жыць. У новай Беларусі людзі ведаюць смак годнага жыцьця. Без прыніжальна нізкіх зарплатаў і пэнсіяў. Без непрадказальнага і бесьперапыннага росту цэнаў. Дынамічна разьвіваецца рынак працы. Заробак €500-700 даўно стала сярэднім. Пэнсія гарантуе чалавеку даход на узроўні спажывецкага бюджэту і складае 200-300 даляраў. Дзяржава і грамадзянская супольнасьць актыўна дапамагае беспрацоўным бясплатна атрымаць новыя прафэсіі і веды, хутка прайсьці крызысны момант у жыцьці. Калі чалавек не па сваёй волі не працуе, дзяржава бярэ на сябе выдаткі на утрыманьне дзяцей і лячэньне. Мы рупімся пра вэтэранаў, інвалідаў, дзяцей. Не 35%, а 70% беларускіх сэм''яў маюць аўтамабілі. 90% дамоў і кватэраў падключаныя да Інтэрнэту. Не 3%, а 40% беларусаў звычна вячэраюць у беларускіх кавярнях і рэстаранах. Дачныя участкі ператвараюцца ў месцы адпачынку, а не цяжкай барацьбы за ураджай. За мяжой штогод адпачываюць многія беларускія сем''і. Iншыя аддаюць перавагу беларускім дамам адпачынку, пансіянатам і курортам. Мы зьберагаем каля 20% даходу, ствараем падмурак сямейнага дабрабыту. Мы не баімся страціць грошы ад росту цэнаў або ненадзейных банкаў. Інфляцыя – не больш за 2% у год. Курс нашай нацыянальнай валюты – стабільны і прадказальны. Банкі маюць агульнапрызнаныя інвэстыцыйныя рэйтынгі. Мы атрымліваем 7-10% гадавых са сваіх пэнсійных укладаў. Дзяржава не на словах, а насамрэч кампэнсуе людзям страчаныя ў пачатку 90-х гадоў грашовыя зьберажэньні. Больш як палова сем''яў мае акцыі беларускіх акцыянэрных таварыстваў. Капіталізацыя зямлі, прадпрыемстваў, ведаў Беларусі дасягае €1 трлн., а не €60 млрд., як сёньня. Нашым нацыянальным багацьцем валодаюць мільёны сем''яў, а не валадар і яго вузкае кола. Людзі дапамагаюць адзін аднаму. Яны гэта робяць ад шчырага сэрца. Таму што усе мы жывем у адной, дарагой нам усім краіне.
XS
SM
MD
LG