Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зварот Кангрэсу да народу Беларусі


RFE/RL Прапануем вашай увазе Праект звароту Кангрэса дэмакратычных сіл да беларускага народу (фрагмэнт).

"Шаноўныя грамадзяне Беларусі!

Браты і сёстры!

Мы жывем у выдатнай краіне — Беларусі, зь яе старажытнай гісторыяй, пявучай мовай, непаўторнай прыродай і унікальным месцам у сэрцы Эўропы. Нашы продкі перадалі нам славу ўсясьветна прызнаных геніяў — першадрарукароў і вучоных, асьветнікаў і паэтаў, традыцыі працавітасьці і талерантнасьці, мужнасьці і гасьціннасьці. Праз войны і нястачы, праз суровыя выпрабаваньні на цярплівасьць і сумленнасьць, папярэднія пакаленьні нашых землякоў пранесьлі сьвятую мару аб волі і заможнасьці, нацыянальнай дзяржаўнасьці і роўнасьці між народамі сьвету.

Цяпер лёс роднай Беларусі залежыць ад нас з вамі, ад нашай прынцыповасьці і рашучасьці, ад гатоўнасьці кожнага: рабочага і інжынэра, вяскоўца і афіцэра, прадпрымальніка і службоўца, настаўніка і студэнта — выбраць для любімай Бацькаўшчыны дэмакратычны і цывілізаваны шлях да сьветлай будучыні.

Мінулае дзесяцігодзьдзе, пасьля прыходу да улады Аляксандра Лукашэнкі, не прывяло ні да усталяваньня сацыяльнай справядлівасьці, ні да вяршэнства законаў, ні да згоды ў грамадзтве. Кожны год нас робіцца меней на 50 тысяч чалавек. Не спыняецца рост цэнаў на прадукты і тавары першай неабходнасьці. Павышаюцца тарыфы на камунальныя паслугі і праезд ва усіх відах грамадзкага транспарту. Мэдыцынскае абслугоўваньне і адукацыя усё больш робяцца платнымі. У навучальны працэс уведзена так званая дзяржаўныя ідэалёгія, цалкам скіраваная на вынішчэньне любой самастойнай думкі. Тэлебачаньне і радыё захліснуў брудны паток хлусьні і дэмагогіі. Беларусь аказалася ў ганебнай самаізаляцыі ад цывілізаванага сьвету.

Калі такое становішча будзе працягвацца і далей, нас з вамі чакае горкая доля міжнародных ізгояў, нявольнікаў на бацькоўскай зямлі, рабоў ва уласным доме. Прыйшоў час дзейнічаць рашуча, мяняць стырнавых дзяржаўнага карабля. Хопіць моўчкі глядзець на самавольства чыноўнікаў і хлусьню штатных прапагандыстаў! Мы заслужылі справядлівасьць і праўду, строгае выкананьне законаў і павагу да правоў усіх грамадзян.

Набліжаюцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары. У нас ёсьць шанц замяніць карысьлівы, некампэтэнтны, ілжывы кіруючы клан на каманду сумленных, адукаваных, маральных людзей, сапраўдных патрыётаў Беларусі. Для гэтага нам трэба аб’яднацца і разам дамагчыся пераменаў".
XS
SM
MD
LG