Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БДГ" мусіць заплаціць 50 мільёнаў


Альгерд Невяроўскі, Менск Суд Кастрычніцкага раёну Менску прыняў рашэньне спагнаць з рэдакцыі "БДГ. Деловая газета” і журналіста Сяргея Сацука, адпаведна, 50 і 5 мільёнаў рублёў. У такую суму суд ацаніў пазоў аб абароне гонару й годнасьці былога байца амону Сяргея Бядрыцкага – героя адной з публікацыяў Сяргея Сацука.

Галоўны рэдактар "БДГ" Пётра Марцаў і аўтар артыкулу лічаць, што з дапамогай суду ўлады хочуць канчаткова расправіцца зь незалежным выданьнем. Яны будуць абскарджваць гэтае рашэньне.

Гэты пазоў быў пададзены ў суд яшчэ ў чэрвені сёлета. У сваім артыкуле пад назваю “Рэклямная акцыя” апублікаваным ў 2003 годзе, Сяргей Сацук апавядаў пра крымінальную справу аднаго з рэклямных агенцтваў, па якой праходзіў былы амонавец Сяргей Бядрыцкі.

І вось, праз два гады, спадар Бядрыцкі вырашыў, што ў гэтым артыкуле Сяргей Сацук абразіў ягоны гонар і годнасьць распаўсюдзіўшы нібыта непраўдзівыя зьвесткі. Бядрыцкі прасіў спагнаць з рэдакцыі газэты і аўтара на ягоную карысьць па 100 і 10 мільёнаў рублёў.

У ходзе разьбіральніцтва высьветлілася, што зьвесткі былі апублікаваныя ў артыкуле былі ўсё ж такі праўдзівымі. Аднак суд ўсё роўна вырашыў спагнаць з рэдакцыі БДГ – 50, а з Сяргея Сацука – 5 мільёнаў рублёў. Нібыта на той падставе, што рэдакцыя і аўтар ня мелі права называць імя й прозьвішча Будрыцкага публічна.

Сяргей Сацук так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Сацук: ) “Адбылася поўная падмена панятку. Шчыра кажучы нават губляюся. Ці то замоўленая справа, ці то што?”

А вось меркаваньне выдаўца і галоўнага рэдактара "БДГ. Деловая газета" Пятра Марцава:

(Марцаў: ) “Прычыны відавочныя – газэту й прадпрыемства трэба ліквідаваць. Збанкрутаваць і закрыць. І робяць гэта пасьлядоўна з 2003 году. Спачатку газэту пазбавілі магчымасьці друкавацца на тэрыторыі краіны, распаўсюду праз “Белсаюздрук”, “Пошту”. Калі гэта не дапамагло, праз судовыя пазовы, праз падатковыя штрафы, празь перасьлед і ліквідацыю прыватнай сыстэмы пашырэньня. Тое, што цяпер адбываецца з “Народнай воляй” – гэта практычна тое самае, што адбывалася з БДГ у 2003 годзе”.

Ні Пётра Марцаў, ні Сяргей Сацук з судовым рашэньнем ня згодныя і будуць падаваць апэляцыю.
XS
SM
MD
LG