Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія "гастарбайтэры" ў Расеі атрымаюць падатковую палёгку


Міхал Стэльмак, Менск У Расеі Фэдэральная падатковая служба зьмяніла падатковыя ўмовы для “гастарбайтараў” зь Беларусі. Яны будуць плаціць аднолькавы падаходны падатак з расейцамі. Такое рашэньне прынятае ў адпаведнасьці з палітыкай забесьпячэньня роўных правоў грамадзянаў Беларусі і Расеі.

Фэдэральная падатковая служба вызначыла беларусам падаходны падатак памерам 13%. Столькі ж працэнтаў складае падатковая стаўка і для працоўных грамадзянаў Расеі. Дагэтуль беларусы ў Расеі мелі аднолькавыя ўмовы з іншаземцамі. Яны абкладаліся першыя паўгады 30% падаткам.

У амбасадзе Беларусі ў Маскве новаўвядзеньне вітаюць. Гаворыць супрацоўнік беларускай дыпмісіі Стэфан Васілеўскі:

(Васілеўскі: ) “Для грамадзян Беларусі – гэта добра. Беларускім грамадзянам будзе прасьцей уладкоўвацца на працу, і менш падаткаў давядзецца плаціць работадаўцам”.

Паводле расейскіх падаткавікоў, скарыстаць падатковую прывілею змогуць ня ўсе беларусы. Дакумэнт устанавіў 13% стаўку толькі для тых “гастарбайтараў”, якія заключаюць з працадаўцамі доўгатэрміновыя працоўныя дамовы. Астатнія мусяць працаваць у ранейшым падатковым рэжыме. Калі расейцы скасуюць доўгатэрміновую дамову ў першыя паўгады, беларусам таксама давядзецца выплаціць 30% падатак.

Адметна тое, што самі расейцы скептычна ставяцца да рашэньня Фэдэральнай падатковай службы. Дырэктар маскоўскай Незалежнай гандлёва-будаўнічай кампаніі Алег Бяляеў мае працоўныя зносіны з іншаземцамі, у тым ліку зь Беларусі. Падатковае новаўвядзеньне ён пракамэнтаваў наступным чынам:

(Бяляеў: ) “Я ня думаю, што гэта будзе эфэктыўна адлюстоўвацца на паступленьнях у бюджэт. Таму што асноўная маса людзей працуе нелегальна. І беларусы, і украінцы, і таджыкі. Чаму яны нелегальна працуюць? Таму што асноўная маса людзей, гэта, у асноўным, некваліфікаваныя рабочыя, неспэцыялісты”.

Паводле спадара Бяляева, большасьць беларусаў, якія сёньня працуюць у той жа Маскве, расейскія бізнэсоўцы выкарыстоўваюць як танную працоўную сілу. Ніякіх дамоваў з працадаўцамі яны не заключаюць і не плацяць ніякіх падаткаў. Таму рашэньне Фэдэральнай падатковай службы такіх беларускіх “гастарбайтэраў” ня тычыцца.

А вось як пракамэнтаваў маскоўскую ініцыятыву вядомы беларускі экспэрт у пытаньнях сацыяльнай палітыкі Канстанцін Скуратовіч:

(Скуратовіч: ) “Гэта больш нагадвае палітычную дэклярацыю, чымсьці рэальную дапамогу. Нават расейцу, каб мець нейкую працу ў Маскве, трэба рэгістравацца. А, тым больш, беларусам. Каб атрымаць рэгістрацыю, патрэбна мець добрых знаёмых сярод чыноўнікаў. Ці пагаджацца на непрэстыжную малааплачваемую працу. Калі ёсьць саюзны ўрад, яны павінны рабіць нейкія захады. Але вялікага сэнсу я ў гэтым ня бачу. Падатак – гэта спэцыфічная рэч”.

Паводле расейскіх крыніцаў, 90 працэнтаў беларускіх “гастарбатараў” працуюць у Расеі нелегальна. Таму ім усё роўна, якія падатковыя стаўкі тут дзейнічаюць.
XS
SM
MD
LG