Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася выстава Чурлёніса


Уладзімер Глод, Менск 30 верасьня ў доме Ваньковічаў – філіяле Нацыянальнага мастацкага музэя Беларусі ў Менску – адбылося адкрыцьцё выставы знакамітага літоўскага мастака Мікалоюса Чурлёніса. У гэты дзень наведвальнікі выставы пазнаёміліся ня толькі з мастацкімі творамі Чурлёніса, але пабачылі яго ў ролі кампазытара і фотамайстра.

Карціны Чурлёніса апошнім разам у Менску можна было пабачыць аж у 1911 годзе. Менавіта тады ў Беларусь завезьлі некалькі арыгінальных твораў знакамітага літоўскага мастака.

Цяпер у Менску прадстаўленыя не арыгіналы, а толькі копіі твораў Мікалоюса Чурлёніса. Чаму нельга было прывезьці сюды арыгіналы, тлумачыць дырэктар музэя Чурлёніса ў Каўнасе спадар Урбаніс. Паводле яго словаў, арыгіналы Чурлёніса вывозяцца зь Літвы надзвычай рэдка, таму што далёка непаўсюдна існуюць неабходныя ўмовы для бясьпечнага захаваньня гэтых твораў. Таму да гэтага часу творы знакамітага літоўскага мастака экспанаваліся толькі ў Маскве, Пецярбургу, Рызе і Варшаве.

Доктар гуманітарных навук Рыта Беляўскене адзначае, што творчасьць Чурлёніса важная для ўсіх:

(Беляўскене: ) "Самае галоўнае ў творчасьці Чурлёніса, гэта размова аб жыцьці, аб існаваньні чалавека, не ў ягоным звычайным жыцьці, а аб сутнасьці: хто гэта такі чалавек, навошта ён жыве на Зямлі? Адказ на гэтае пытаньне ён шукаў у сваёй творчасьці".

Пасьля прадстаўленьня экспазыцыі адбылося адкрыцьцё выставы. Падчас гэтай цырымоніі была дасягнутая дамоўленасьць пра тое, што да канца гэтага году ў Літве адбудзецца выстава твораў вядомага беларускага мастака Язэпа Драздовіча.

Падчас адкрыцьця выставы слова ўзяў і намесьнік міністра культуры Беларусі Валеры Гедройц:

(Гедройц: ) "Імя Чурлёніса добра вядомае на Беларусі. Таму што гэтая фігура вызначае ня толькі літоўскую культуру ды мастацтва. У музычных ды мастацкіх школах вывучаюць творчасьць Чурлёніса. Можна прывесьці шмат прыкладаў, калі праводзяцца канцэрты ды пленэры, якія прысьвечаныя гэтаму знакамітаму мастаку. І мне здаецца, што Чурлёніс зьяўляецца ня толькі прадстаўніком свайго, літоўскага народу, але і чалавекам, які належыць сьвету".
XS
SM
MD
LG