Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка патрабуе "абараніць народ ад замежнай інфармацыйнай экспансіі"


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня на паседжаньні Савету бясьпекі быў разгледжаны праект канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка даручыў дапрацаваць гэты дакумэнт для разгляду яго на чарговым паседжаньні Савету бясьпекі. Паводле А.Лукашэнкі, “супраць краіны разьвязана інфармацыйная вайна, створанае “дэзінфармацыйнае кола”, але гэтым зьявам пакуль удаецца супрацьстаяць”.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэты дакумэнт няпросты па сутнасьці і па зьмесьце. Праект канцэпцыі важны для ўсіх сфэраў жыцьцядзейнасьці краіны як на агульнакраёвым, так і на рэгіянальным узроўнях. Паводле Лукашэнкі, інфармацыйную бясьпеку павінны забясьпечваць ня толькі дзяржаўныя мэдыі, але і перш за ўсё прэзыдэнт, урад і галоўныя каардынатары – адміністрацыя прэзыдэнта і дзяржсакратарыят Савету бясьпекі.

Паводле А.Лукашэнкі, “неабходна надзейна абараніць свой народ ад замежнай інфармацыйнай экспансіі, ад унясеньня разладу і нестабільнасьці антыбеларускімі інфармацыйнымі рэсурсамі”.

Маўляў, апазыцыя, якую ён назваў самым яркім ворагам краіны, разам з Захадам не шкадуюць намаганьняў “дзеля пошуку новых спосабаў фармаваньня нэгатыўнай грамадзкай думкі і пашырэньня ў краіне дэструктыўных зьвестак”.

Кіраўнік Беларусі адзначыў, што памежныя зь Беларусьсю Польшча і краіны Балтыі “даўно ператварыліся ў пляцдарм, дзе разгорнуты ня толькі НАТОўскія сродкі радыёэлектроннай барацьбы і выведкі. Ужо заяўлена і разрэклямаваная праграма шырокамаштабнага вяшчаньня мэдыяў на Беларусь”.

Як ставіцца да заяваў кіраўніка Беларусі старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка?

(Вячорка: ) “Ну што ж, прыпякло Лукашэнку. Да яго даходзіць, што адна справа – гіганцкая савецкая імпэрыя, якая была самадастатковая і магла зачыніць усе свае межы. А іншая рэч – патэнцыйна нармальная 10-мільённая эўрапейская краіна, аточаная амаль з усіх бакоў дэмакратычнымі дзяржавамі, а значыць свабодным пераплывам інфармацыі.

Інфармацыя, наагул, ня можа быць пагрозаю. Калі яе шмат, і калі яе можна выбіраць і рабіць свае высновы. А вось прапагандысцкая, артылерыйская ўстаноўка, створаная Лукашэнкам у выглядзе саталітарнага тэлебачаньня, газэты “Советксая Белоруссия” і ўсёй іншай прадукцыі, гэта сапраўды шкодна для любога грамадзтва, таму што гэта ёсьць манаполія на інфармацыю”.

Старшыня камісіі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалай Чаргінец лічыць за неабходнае прыняцьцё закону аб інфармацыйнай бясьпецы, бо супраць Беларусі вядзецца “інфармацыйная агрэсія”.

(Чаргінец: ) “Тут не глушылкі, не тармазы на інтэрнэт і іншае. Гаворка ідзе пра элемэнтарныя, неабходныя ў першую чаргу эканоміцы і ажыцьцяўленьню правоў грамадзянаў пытаньнях. Інфармацыйных бомбаў, якія вынайшлі ЗША прымяняць не будзем”.

Пра што канкрэтна гаворыцца ў праекце канцэпцыі аб нацыянальнай бясьпецы? У прэсавай службе Савета бясьпекі пакуль ніякай інфармацыі не падаюць.
XS
SM
MD
LG