Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Эўрапарлямэнту з Баварыі крытыкуе "Нямецкую хвалю"


Алена Струвэ, Менск Нямецкі хрысьціянскі сацыяліст, сябра Эўрапарлямэнту Бэрнт Посэльт патрабуе ад Эўракамісіі і Рады Эўразьвязу аказаць куды больш рашучую падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці. Паводле ягоных словаў, Беларусь ёсьць часткай агульнаэўрапейскай супольнасьці і любыя спробы зрабіць зь яе савецкае грамадзтва ў той ці іншай форме недапушчальныя. У сваёй заяве спадар Посэльт крытыкуе нямецкае радыё "Deutsche Welle" за вяшчаньне для Беларусі “на мове яе колішніх каланізатараў”.

Баварскі палітык Бэрнд Посэльт зьяўляецца міжнародным каардынатарам групы ХСС ў эўрапейскім парлямэнце. Разам са сваімі калегамі ён цалкам падтрымлівае пазыцыю польскіх дэпутатаў ў беларускім пытаньні і ўдзячны ім за тое, што яны пастаянна агучваюць перад эўрапейскімі палітыкамі актуальную сытуацыю ў краіне, якую апошнім часам прынята называць “апошняй дыктатурай Эўропы”.

Тым часам, падкрэсьлівае ў сваёй заяве нямецкі палітык Бэрнт Посэльт, ў часы сярэднявечча Беларусь, якая разам зь Літвой і Польшчай ўваходзіла ў адну фэдэрацыю, зьяўлялася сапраўдным прыкладам для маленькай Эўропы, свайго роду мадэльлю будучага разьвіцьця рэгіёну.

Паводле словаў спадара Посэльта, эўрапейцы мусяць актыўна падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі:

(Посэльт: ) “ Беларускі народ, які гістарычна доўгі час знаходзіўся пад прыгнётам самых розных акупантаў, стаіць перад чарговай пагрозай аднаўленьня Савецкага Саюзу ў той ці іншай форме. Аб''ектыўна такія спробы ня маюць ніякіх шанцаў на посьпех. Аднак падобныя, гэтак званыя, гульні розуму існуюць на ўсходзе Эўропы. Таму ў інтарэсах ўсяго Эўразьвязу куды больш рашуча, чым дагэтуль падтрымаць свайго ўсходняга суседа, падтрымаць беларускі народ, беларускую грамадзянскую супольнасьць, свабоду прэсы ў гэтае краіне”.

Адначасна эўрапейскі парлямэнтар і дэпутат Бундэстагу Бэрнт Посэльт рэзка крытуе будучыя беларускія праграмы радыёстанцыі “Нямецкая хваля” на мове былой “каляніяльнай улады” Паводле спадара Посэльта, "беларускі народ мае сваю непаўторную культуру, якая належыць да агульнаэўрапейскай, і гэты момант павінны улічваць эўрапейскія мэдыі".
XS
SM
MD
LG