Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Схавайся ў бульбу і не варушыся


Андранік Антанян, Вільня Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

“Схавайся ў бульбу і не варушыся”, – казалі ў нас, калі суразмоўца ляпнуў нешта недарэчнае, перайшоў межы годнасьці і вам шчыра за яго сорамна.

Некаторыя мае знаёмыя, кулінары-аматары, любяць наракаць на тое, што, маўляў, бульба патрапіла стаць царыцай беларускай кухні і сымбалем нацыянальнай ідэнтычнасьці незаслужана і нават выпадкова. Маўляў, бульба на беларускім стале – культура даволі новая. Ніякай у ёй спрадвечнасьці і асьвечанасьці глыбінёй вякоў. Куды ёй раўнавацца з бобам ці жытам?

Сапраўды, апрача гэтага выразу, здаецца, ніякіх сьлядоў бульбы ў беларускай фразэалёгіі і няма. Таксама вядомы факт, што квазінародны танец “Бульба” – гэта вынік працы прафэсійных кампазытараў і харэографаў. Можа, тая бульба і каралева беларускіх палёў незаслужаная?

Але тым, хто трымаецца такой думкі, раю зьвярнуць увагу на тую акалічнасьць, што беларускі нацыянальны праект і першыя гатункі бульбы, выведзеныя на нашых землях, зьявіліся практычна адначасова – у канцы XІX стагодзьдзя. У выпадковасьці і супадзеньні дарослыя людзі звычайна ня вераць.

Наканавана, відаць, новай Беларусі жыць з бульбай на стале, як гэта ні прыкра для аматараў грэчкі і гароху. А кулінарам-аматарам трэба сказаць: “Схавайся ў бульбу і не варушыся”. Бо наракаць на лёс – сама менш мавэтон.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
XS
SM
MD
LG