Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз плянуе ўвесьці санкцыі супраць Узбэкістану


Ул.інф. Міністры краінаў Эўрапейскага Зьвязу абмяркоўваюць санкцыі супраць Узбэкістану, якія могуць быць прынятыя на іх сустрэчы ў Люксэмбургу ў панядзелак. Гэтыя санкцыі ёсьць вынікам імкненьня кіраўніцтва Ўзбэкістану прыхаваць праўду пра падзеі ў Андыжане ў траўні, калі былі забітыя мірныя дэманстранты.

Сёньня афіцыйныя прадстаўнікі Эўрапейскага Зьвязу ясна далі зразумець, што міністры замежных спраў маюць намер прыняць сур''ёзныя санкцыі супраць Ташкенту.

Яны будуць складацца з эмбарга на пастаўку ўзбраеньняў, забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу высокапастаўленых асобаў, істотнае скарачэньне эканамічнай дапамогі і прыпыненьне партнэрскай праграмы Ташкенту і Эўрапейскага Зьвязу.

Міністры замежных спраў двойчы зьвярталіся да кіраўніцтва Ўзбэкістану з прапановай дазволіць незалежнае міжнароднае расьсьледаваньне падзеяў у Андыжане. Праваабарончыя арганізацыі перакананыя, што сотні ўдзельнікаў мірных выступаў былі расстраляныя ўрадавымі войскамі. Узбэцкія ўлады адмаўляюцца прыняць міжнародную сьледчую камісію.

Паводле высокапастаўленага чыноўніка Эўразьвязу, “цярпеньне Брусэля скончылася”.

Прадстаўніца Эўрапейскай Камісіі Эма Ўдвін заявіла ў інтэрвію нашаму радыё, што Эўразьвяз настойвае на правядзеньні сьледзтва:

(Удвін: ) "Мы вельмі ўважліва вывучаем падзеі ў Андыжане, якія адбыліся на пачатку гэтага году. Пакуль што мы маем толькі інфармацыю пра тое, што ў выніку гэтых падзеяў загінулі людзі. Гэтая інфармацыя вельмі сур''ёзная. І галоўнае, мы лічым, гэтыя падзеі павінны быць вывучаныя незалежным міжнародным расьсьледаваньнем, каб мы маглі ведаць праўду".

Эма Ўдвін заявіла, што допуск міжнароднай камісіі – абавязковая ўмова для нармалізацыі ўзаемаадносінаў паміж Ташкентам і Эўрапейскім Зьвязам:

(Удвін: ) "Калі Ўзбэкістану няма чаго хаваць, уладам нават можа быць выгоднае такое расьсьледаваньне. Мы пераконваем Узбэкістан, што адмова ад расьсьледаваньня толькі шкодзіць гэтай краіне, у якім зацікаўленая ўся міжнародная супольнасьць – а ня толькі краіны Эўрапейскага Зьвязу".

Паводле інфармацыі дыпляматаў, эмбарга на гандаль зброі – у значнай ступені сымбалічны акт, паколькі такі гандаль паміж Ташкентам і краінамі Эўразьвязу практычна адсутнічае. Аднак Узбэкістан сапраўды адыгрывае істотную ролю для Гішпаніі і Нямеччыны ў справе разьмяшчэньня базаў для апэрацыяў у Аўганістане.

Раней Ташкент ужо заявіў пра вывад з тэрыторыі краіны амэрыканскай вайсковай базы – але ў адносінах іншых краінаў ніякіх падобных заяваў не было. Прадстаўнікі НАТО паведамілі Радыё Свабода, што альянс мае варыянты на выпадак, калі б Узбекістан адмовіў і эўрапейскім краінам.

Эўразьвяз таксама плянуе скараціць эканамічную дапамогу Ўзбэкістану. Замест 11-ці мільёнаў эўра краіна атрымае 9 мільёнаў.
XS
SM
MD
LG