Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінскі прадпрымальнік і ўдзельнік Кангрэсу дэмсілаў атрымаў штраф


Галіна Абакунчык, Менск Напярэдадні Кангрэсу дэмакратычных сілаў адбыўся суд над удзельнікам форуму ад Пінску Сяргеем Касьцюковічам. Гарадзкі суд прызнаў яго вінаватым у арганізацыі "несанкцыянаванага сходу" і пакараў штрафам на 20 базавых велічыняў. Папярэджаньні атрымалі яшчэ чатыры прысутныя на так званым сходзе.

Сяргей Касьцюковіч узначальвае пінскую арганізацыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (“Грамада”), а таксама гарадзкую суполку прадпрымальнікаў у Свабодным прафсаюзе. У офіс свайго паплечніка па партыі і прадпрымальніцтве Ўладзімера Зянька ён зайшоў з прыватнай справай. Тамсама з рознымі службовымі клопатамі былі яшчэ некалькі чалавек. Неўзабаве зьявіўся нарад міліцыі на чале з намесьнікам кіраўніка гарадзкой управы Валерыем Грыньком, які заявіў, што ім вядома пра наркотыкі ў памяшканьні. Калі наркотыкаў не знайшлі, тады на дзевяцярых прысутных асобаў былі складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе, кажа спадар Зянько.

(Зянько: ) “Мы, канечне, былі ня тое што зьдзіўленыя, мы былі зьняважаныя. Бо ніколі такога дзікунства ня тое што ў Пінску, а ў рэгіёне не было”.

Паводле спадара Зянька, літаральна празь дзень арэндадаўца паведаміў яму, што скасоўвае з дамову на арэнду памяшканьня. А неўзабаве гарадзкі суд прызнаў Сяргея Касьцюковіча вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага сходу і пакараў штрафам. Іншым прысутным у офісе было вынесена папярэджаньне. Спадар Касьцюковіч перакананы, што гэтак мясцовыя ўлады распраўляюцца за палітычную і грамадзкую актыўнасьць пінчукоў.

(Касьцюковіч: ) “Прысуд я лічу палітычна матываваным, бо пачалі яны з наркотыкаў, а зьвінавацілі ў несанкцыянаваным сходзе. І гэта зьвязана з маёй палітычнай дзейнасьцю. Але я аптыміст і перакананы, што гэты рэжым сканае ўсё роўна, рана ці позна”.

Паводле спадара Касьцюковіча, ён не зьбіраецца адмаўляцца ад удзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Па вяртаньні зь Менску намерваецца абскардзіць рашэньне гарадзкога суду Пінску ў вышэйшых судовых інстанцыях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG