Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваеннае кіраўніцтва ЗША: да стабілізацыі ў Іраку яшчэ далёка


Сьвятлана Курс, Прага Кіраўнік амэрыканскіх сілаў у Іраку генэрал Джордж Кейсі заявіў камісіі Сэнату, што спатрэбіцца “пэўны час”, перш чым ірацкія войскі самастойна апануюць напружаную сытуацыю зь бясьпекай. Сэнат ЗША выклікаў кіраўнікоў амэрыканскіх узброеных сілаў, каб даведацца, ці магчыма скласьці расклад вываду амэрыканскіх войскаў з Іраку.

Міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэлд, генэрал Джордж Кейсі, які камандуе апэрацыяй амэрыканскіх сілаў у Іраку, камандуючы Аб''яднаным камітэтам начальнікаў штабоў генэрал Рычард Маерс, і камандуючы сіламі ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі генэрал Джордж Абізайд адказалі на пытаньні Камісіі Сэнату ў справах абароны.

Ваенныя чыноўнікі заявілі, што амэрыканскія ўзброеныя сілы пасьпяхова змагаюцца з ваеўнікамі, але да перамогі яшчэ далёка. Прагрэс у навучаньні ірацкіх узброеных сілаў недастатковы для таго, каб плянаваць вывад амэрыканскіх сілаў.

Вось словы генэрала Кейсі:

(Кейсі: ) "Мы ня маем графіку альбо раскладу, якія б плянавалі суадносіны ірацкіх сілаў і сілаў кааліцыі. Гэта будзе адбывацца паэтапна па ўсёй краіне. Не такім чынам, што вось вы маеце 20 ірацкіх брыгадаў, значыць, трэба вывесьці 4 амэрыканскія брыгады. Усё ня так проста”.

Генэрал Кейсі заявіў, што колькасьць ірацкіх батальёнаў, здольных ваяваць без падтрымкі сілаў кааліцыі, зьменшылася за 3 месяцы з трох да аднаго. Ён не патлумачыў дакладныя прычыны зьмяншэньня. Аднак аналітыкі лічаць, што гэта выклікана зьменай ваеннага кіраўніцтва з 2003 году, калі ўпаў рэжым Хусэйна.

Кейсі дадаў, што каля 30 ірацкіх батальёнаў здольныя ўзяць на сябе ініцыятыўную ролю ў апэрацыях пры дапаможнай ролі амэрыканскіх войскаў.

Узьніклі дэбаты паміж сэнатарамі й ваеннымі чынамі. Гэтак, сэнатар-рэспубліканец Джон Макейн не пагадзіўся са сьцьверджаньнем, што справы ў Іраку ідуць добра, маўляў, выбары ў парлямэнт адбыліся, і рыхтуецца нацыянальны канстытуцыйны рэфэрэндум.

(Макэйн: ) "Генэрал Маерс, здаецца, лічыць, што справы ў Іраку ідуць добра, што амэрыканцы працягваюць падтрымліваць палітыку ў Іраку, што нашыя шматлікія пераможныя рэляцыі ніяк не паўплывалі на амэрыканскую грамадзкасьць. Справы аднак пайшлі ня так добра, як мы плянавалі й чакалі па словах генэрала Маерса”.

Сэнатар Макейн выступае за ўзмацненьне амэрыканскай прысутнасьці ў Іраку і за тое, каб гэтая прысутнасьць цягнулася гэтулькі, колькі трэба для пацыфікацыі краіны. Сэнатар Карл Левін аднак сумняваецца, ці не перакладуць ірацкія палітычныя дзеячы абавязак стабілізаваць краіну на плечы амэрыканскіх вайскоўцаў, калі ня зьявіцца дакладны графік вываду войскаў.

Учора, у часе слуханьняў у Сэнаце, у Іраку паднялася чарговая хваля тэрору. За два дні, чацьвер і пятніцу, у выніку выбухаў бомбаў у людных месцах загінулі каля 200 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG