Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здольны Тозік на змову супраць Лукашэнкі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Генэральны дырэктар “Джэм-банку” Аляксандар Татарынцаў да арышту нібыта інфармаваў пракуратуру аб спробе дзяржаўнага перавароту з удзелам старшыні Дзяржкантролю Анатоля Тозіка. У Дзяржкантролі па-ранейшаму не камэнтуюць гэтых абвінавачаньняў.

Скандал вакол “Джэм-банку”, які цягнецца ўжо больш за два месяцы, выйшаў на стадыю агучваньня шырокавядомых імёнаў. У дакумэнце, які зьявіўся на афіцыйным сайце “Джэм-банку”, стаіць прозьвішча кіраўніка Камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка. Паводле тлумачэньня генэральнага дырэктара банку Аляксандра Татарынцава, якога арыштавалі сёлета ў жніўні, Анатоль Тозік нібыта спрабаваў уцягнуць банкіра ў падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту з мэтай адхіленьня Аляксандра Лукашэнкі ад улады. Праўда, пэўных доказаў сваіх абвінавачаньняў банкір не падае, а спасылаецца на ўскосныя зьвесткі і свае ўражаньні. Паводле Татарынцава, уцягнуць яго ў антыканстытуцыйную дзейнасьць ад імя старшыні Дзяржкантролю спрабаваў нейкі Жыльцоў — кіраўнік фірмы “Жыльбел”, якая мела запазычанасьць перад “Джэм-банкам”.

“Жыльцоў перадаў мне прапанову сустрэцца ў Маскве ў канцы красавіка 2004 году ўтрох (ён, я і Тозік) для абмеркаваньня магчымасьці зьменаў палітычнага становішча ў краіне”, — сьцьвярджае банкір у сваім тлумачэньні, нібыта дадзеным у пракуратуры ў лютым 2005 году. Паводле Татарынцава, за ўдзел у змове яму абяцалі спыніць праверкі банку, але адначасова прасілі дараваць фірме “Жыльбел” пазыку 500 тысяч даляраў.

Як адрэагаваў на гэтыя абвінавачаньні Анатоль Тозік, падначаленыя якога цяпер расьсьледуюць справу “Джэм-банку”?

Непасрэдна са спадаром Тозікам у прыёмнай Дзяржкантролю не злучаюць, а накіроўваюць у прэсавую службу. Супрацоўнік прэсавай службы Дзяржкантролю Дзяніс Барташ паведаміў Радыё Свабода, што яго ніхто не ўпаўнаважваў камэнтаваць абвінавачаньні Аляксандра Татарынцава. Ад сябе супрацоўнік дадаў.

(Барташ: ) “Ведаеце, кожны можа казаць тое, што лічыць патрэбным, у залежнасьці ад сваёй разбэшчанасьці”.

Паводле “Джэм-банку”, тлумачэньні генэральнага дырэктара Аляксандра Татарынцава занатавала супрацоўніца рэспубліканскай пракуратуры саветнік юстыцыі Дамурадава. Я спытаўся, ці працуе такі чалавек у пракуратуры краіны? У пракуратуры гэта пацьвердзілі, але не далі нумару яе тэлефона. Ці магчыма, каб старшыня Дзяржкантролю Анатоль Тозік быў зьвязаны з карупцыяй ды уцягнуўся ў антыпрэзыдэнцкую змову? Ня блытаць адно з адным раіць Алег Ігнаценка, які напачатку прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі працаваў у Камітэце дзяржкантролю і сышоў у адстаўку, абвінаваціўшы яго былых кіраўнікоў у карупцыі.

(Ігнаценка: ) “Я магу меркаваць, што, як усе чыноўнікі вышэйшага ўзроўню, ён таксама можа быць уцягнуты ў нейкую карупцыю. Інакш навошта займаць такія пасады і цярпець гэтыя зьнявагі, нават калі табе плацяць 2,5 тысячы даляраў заробку? Магчыма, нехта, ведаючы пэўныя рэчы, мог прыкрывацца ягоным імем і рабіць свае справы. Але, каб Тозік дзейнічаў самастойна, я гэта выключаю. Ён не самастойная фігура, ён жа ваенны чалавек”.

У Камітэце дзяржкантролю мне паведамілі, што генэральны дырэктар “Джэм-банку” Аляксандар Татарынцаў па-ранейшаму знаходзіцца ў сьледчым ізалятары менскай міліцыі, куды яго зьмясьцілі яшчэ напачатку жніўня. Там жа знаходзіцца і былы выканаўчы гендырэктар банку Сяргей Блізьнюк, якога арыштавалі два тыдні таму.

Нагадаем, у ліпені “Джэм-банк” пазбавілі ліцэнзіі на частку банкаўскіх апэрацыяў, а потым быў арыштаваны генэральны дырэктар банку Татарынцаў, якога абвінавацілі ў нанясеньні вялікіх стратаў праз злоўжываньні. У злоўжываньнях быў абвінавачаны і часовы пераемнік Татарынцава Сяргей Блізьнюк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG