Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Талака" -- успаміны праз 20 гадоў


Галіна Жарко, Менск На мяжы савецкіх застойных часоў і перабудовы, у моладзевым асяродку, цалкам падкантрольным камсамолу, нечакана зьявіліся “нефармалы”. Па ўсёй Беларусі раптам самі сабою ўзьніклі клюбы па ахове гістарычнай спадчыны. У Віцебску – “Узгор’е”, у Горадні -- “Паходня”, у Воршы -- “Повязь”... Першы такі клюб зьявіўся ў восень 1985 году ў Менску. Талака. Мінула 20 гадоў.

У лістападзе 1987-га ў менскім Палацы культуры тэкстыльшчыкаў адбывалася незвычайнае для савецкага часу паседжаньне. Сабраліся прадстаўнікі моладзевых клюбаў з усёй Беларусі, якімі, дзіва дзіўнае, не кіраваў камсамол. Незаплянаваны энтузіязм бянтэжыў камсамольскіх кіраўнікоў, бо энтузіясты зьбіраліся самастойна і без аніякай платы дапамагалі ў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры.

За работу браліся цяжкую і брудную, а вось думкі мелі ўзьнёслыя.

У радыёперадачы на хвалях “Беларускай маладзёжнай” Сяргей Вітушка расказваў, зь якім уздымам дзялілі абавязкі па адбудове Менскае Ратушы. “Разьмеркавалі, хто цэглу робіць, хто яе падвозіць, хто кладзе... Каб у нас была магчымасьць будаваць Ратушу, прыйшло б вельмі шмат народу”, -- марыў завадатар моладзі Вітушка, якому было крыху за 20 гадоў.

(Вітушка: ) “Сёньня, калі менская Ратуша адноўленая, хочацца туды прыйсьці, стукнуцца лбом і згадаць...”

Кажа сталы ўжо Сяргей Вітушка. Спраўдзіць існаваньне нядаўна пабудаванай у Менску Ратушы ён можа хіба навобмацак, бо ў выніку хваробы страціў зрок.

(Вітушка: ) “На месцы разбуранай Ратушы адбыўся першы за савецкую гісторыю мітынг. Нефармальны, апазыцыйны. Тады нават заканадаўства не было пра правядзеньне мітынгаў. Мы проста сабраліся і сабраліся... І ніхто нам аніякіх штрафаў не даваў. Але пасьля гэтага хуценька быў створаны закон пра правядзеньне мітынгаў і дэманстрацый”.

Месца, дзе стаяла менская Ратуша, бударажыла напамінам пра страчаную вольнасьць. Кажуць, у цяперашняй Ратушы вісіць сэрыя літаграфій мастака Віктара Сташчанюка, прысьвечаная старому Менску.

(Сташчанюк: ) “Сам я гэтага ня бачыў. Туды ня так проста трапіць. А зносілі Ратушу... Быў указ яго імпэрскай вялікасьці зьнесьці ў Менску Ратушу, каб “вытравіць са сьвядомасьці менчукоў іхныя мінулыя вольнасьці”. Каб забылі”.

Зруйнаваная, паводле ўказу цара, і адбудаваная, паводле ўказу прэзыдэнта... Цяперашні будынак Ратушы гісторык Уладзімер Дзянісаў называе муляжом.

(Дзянісаў: ) “Былі зьнішчаныя падземныя аўтэнтычныя канструкцыі, раскапаныя падчас археалягічных дасьледаваньняў. Быў проста вырыты катлаван. Хаця плянавалася ў падземнай частцы зрабіць музэй, каб экспанаваць сапраўдныя аўтэнтычныя фрагмэнты. Там захоўваліся падмуркі і часткова скляпеньні. Усё было зьнішчана, калі будавалі гэты муляж. Дарэчы, па гісторыі Ратушы я друкаваў артыкул і прасіў сродкі пералічыць у фонд аднаўленьня менскае Ратушы. Канец 80-х”.

Падмуркі старажытнай Ратушы, зьнішчаныя падчас пабудовы цяперашняе Ратушы, 20 гадоў таму раскопвала і былая “талакоўка” Алена Сотнікава.

(Сотнікава: ) “Мая гісторыя пачыналася з Ратушы. 20 гадоў назад. Я ведаць ня ведала, што гэта такое. Проста пазнаёмілася з адным маладым чалавекам, які ведаў больш, больш чытаў. З газэты ён даведаўся, што ёсьць такія хлопцы, дзяўчаты, якія на Верхнім горадзе раскопкі вядуць. І размаўляюць па-беларуску. Мы іх шукалі, шукалі і знайшлі. А гэты знаёмы цяпер мой муж”.

Расейскамоўныя на той час камсамольцы Алена Сотнікава і Ігар Русецкі шукалі беларускамоўных нефармалаў.

(Вітушка: ) “Мы, заснавальнікі Талакі, адзін аднаго ведалі. І ў паветры вісела ідэя стварыць клюб, толькі шукалася форма. Нечакана дапамагла ўлада. Пачалася рэстаўрацыя Траецкага прадмесьця, і ў “Вячэрнім Мінску” пачалі друкаваць абвесткі: запрашаем на суботнікі. І мы пайшлі. Спачатку прыводзілі шмат школьнікаў, студэнтаў у абавязковым парадку. Камсамол накіроўваў групы. Але яны хутка адсеяліся. А мы прыходзілі, гаварылі па-беларуску, сьпявалі свае песьні... Напачатку і назвы не было. Нам, беларускамоўным, так муляла гэтае слова “суботнікі...”

Працягвае Генэк Лойка. На той час -- студэнт Тэатральна-мастацкага інстытута.

(Лойка: ) “Аднойчы ў сталоўцы я расказваў Алесю Мірончыку, што вось ладзім суботнікі. А мы зь ім цікавіліся летувіскай мовай. І я кажу: а як па-летувіску “суботнік”? Ён кажа: ня ведаю, хіба, “талка”? А! Ўсё, талака! Мне хацелася назваць талака “Адраджэньне”, напрыклад. Гэткая тусоўка “Адраджэньне”. Талака, як клюб. Хеўра такая”.

На гербе клюбу Талака, намаляваным Генэкам Лойкам, была выява Ратушы. Былі, праўда, і іншыя варыянты.

(Лойка: ) “Пень сьпілаваны, а зь яго парасткі выходзяць маладыя. Нацыяналізм сьсечаны і маладыя парасткі. Але ён быў занадта графічны, а ня знакавы. У мяне былі прапановы зрабіць рыдлёўку з надпісам “Талака”.

Рыдлёўку, дарэчы, талакоўцы ахрысьцілі “брыдлёўкаю”. Натхняла не мазольная праца, а зусім іншае.

(Вітушка: ) “Літаральна зь першага дня адкрылася нашая нацыянальная сутнасьць. Зьвязана гэта таксама зь Генэкам Лойкам. Карэспандэнты БЕЛТА зрабілі рэпартаж з адной з першых талок. Як на славутым суботніку, дзе Ўладзімер Ільліч нёс бервяно, таксама і Генэк сагнуўся, падымаючы нейкае бервяно. Буйным плянам шчыры твар бялявага хлопца, побач іншыя нешта дапамагаюць... Генэк апрануты ў куртачку. А на грудзёх – бел-чырвона-белы сьцяг“.

Таварыства аховы помнікаў ужо не хацела ані той дапамогі, ані клопатаў на сваю галаву. Справа пахла палітыкаю.

(Русецкі: ) “Для мяне напачатку гэта была непалітычная справа. Хутчэй адраджэнская. Менавіта нешта капаць, будаваць. Палітыка зьявілася натуральна, проста. Таму што бяз гэтага было немагчыма штосьці зрабіць. Калі проста працуеш, нешта там капаеш, калупаеш, ад гэтага зьмяняецца мала. Падышло разуменьне, што трэба зьмяняць нешта ў дзяржаве”.

У Эўропе радавыя замкі з гонарам паказваюць турыстам. “А ў нас гэта захавалася ў зямлі”, -- кажа археоляг Ніна Здановіч. Але і раскапаныя сутарэньні здольныя абуджаць гонар. Раскопкамі многіх аб’ектаў у цэнтры Менску, які людзі прывыклі лічыць маладым пасьляваенным горадам, кіраваў Зянон Пазьняк.

(Здановіч: ) “Вадзіў экскурсіі. Задоўга да таго, як на доме зьявілася шыльда “Тут жыў Станіслаў Манюшка”, ён пра гэта распавядаў. І паказаў сквэр, казаў, што менавіта там былі Дамініканы. Атмасфэра вельмі спрыяла выхаваньню. Гістарычнага, патрыятычнага. Грамадзянскага. Старыя назвы вуліц ажывалі. Празь месяц працы на раскопках вярталіся зусім іншымі людзьмі”.

Раскапаныя сутарэньні выклікалі і гонар, і пытаньні. Навошта ў 1952-м было ўзрываць ацалелыя ў вайну сьцены Дамініканскага кляштара?

Гісторык Уладзімер Дзянісаў.

(Дзянісаў: ) “Калі праектаваўся помнік Сталіну, другім помнікам на плошчы не засталося месца. Быў зьнішчаны ўнікальны ансамбаль, адзін з самых выдатных помнікаў архітэктуры барока -- комплекс касьцёла і кляштара Дамініканаў, які быў закладзены яшчэ ў 1605 годзе. Мы патрабавалі ад нямецкай дзяржавы пасьля вайны кампэнсацыю і сродкі для правядзеньня рэстаўрацыйных работ. Каштарыс складаў па сёньняшнім курсе каля 10 мільёнаў даляраў. Але куды пайшлі гэтыя сродкі, нікому невядома. А сам унікальны помнік у 52 годзе быў узарваны менавіта для таго, каб не замінаў манумэнту Сталіну.

Сутарэньні Дамініканскага кляштару. На вачах разбураны першы беларускі тэатар. Месца, дзе стаяла Ратуша... Моладзь 80-х усьвядоміла раптам, што мае спадчыну.

(Вітушка: ) “Нам здавалася, калі б наш горад быў не такі панішчаны, захаваліся гэтыя помнікі, дык і людзі былі б іншыя. Мелі б гонар. Хай бы кожны менчук хоць раз прыйшоў на талаку, паклаў сваю цаглінку ў адбудову старога храма... Хай бы кожны менчук залез у раскоп на Нямізе. 9 мэтраў глыбіні! Колькі людзей тут жыло! Чалавек бы іначай сябе адчуваў. Успомніў бы, што ён беларус, што ў яго ёсьць мова. Вось такая была ў нас матывацыя”.

Праз 20 гадоў Алена Сотнікава асэнсоўвае той час – “час летуценьняў і мараў”.

(Сотнікава: ) “Гэта не істотна, колькі мы там вынесьлі сьмецьця. Нашага ўнёску кот наплакаў. Мы займаліся чорнай работай. Мы проста пачалі гэту справу. Агучылі. У гэтым талакоўская заслуга. А ў што цяпер ператварылі Траецкае, Верхні горад і асабліва Ракаўскае прадмесьце!.. У мяне страшнае расчараваньне”.

Тым часам вырасла ўжо новае пакаленьне дзяцей былых талакоўцаў, якія бачылі бел-чырвона-белыя сьцягі на вуліцах і для якіх беларуская мова сапраўды родная. Працяг у наступнай перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG