Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МТV “загаворыць” па-беларуску 15 кастрычніка


Ігар Карней, Менск Анансаваны ў верасьні пачатак вяшчаньня тэлепраграмы “MTV-Беларусь” пераносіцца на сярэдзіну кастрычніка. Як абяцаюць ініцыятары “беларусізацыі” самага вядомага ў сьвеце музычнага тэлеканалу, па-беларуску МТV загаворыць 15 кастрычніка.

Як паведаміў адзін з кіраўнікоў тэлепраекту “МТV: музычнае тэлебачаньне ў Беларусі” Валік Грышко, адразу пасьля атрыманьня неабходных дакумэнтаў пачалася праца над стварэньнем уласных праграмаў. Аднак выйсьці ў эфір у верасьні не атрымалася — ініцыятары праекту крыху пераацанілі ўласныя магчымасьці.

(Грышко: ) “Канкрэтна 15 кастрычніка пачнем рабіць “урэзку” зь беларускім напаўненьнем, каб убачыць і пасьпець да пачатку сталага эфіру выправіць нейкія памылкі. Адразу будзем рабіць такую абкатку на рэгіёнах, паглядзім, як тэхнічна ўсё пойдзе. А дзесьці 21 кастрычніка пачнём у Менску рабіць “урэзкі”. Пакуль гэта будуць, збольшага, рэклямныя блёкі, паступова яны будуць замяняцца аўтарскімі праграмамі. Ідзе ўсё паводле пляну, проста крыху зрушылася ўсё ў часе, бо справа новая і аб’ектыўна не пасьпяваем”.

Паводле Грышка, ад пачатку трамплінам для дзейнасьці беларускага аналягу MTV будзе расейская вэрсія “MTV-Россия”, якую абанэнты апэратара кабэльнага тэлебачаньня “Космас-TV” прымаюць ужо некалькі месяцаў. Спачатку гаворка пра дзьве-тры ўласныя праграмы, але ў пэрспэктыве іх колькасьць будзе павялічвацца. Як запэўнівае Грышко, усе праграмы, зробленыя ў Менску, будуць ісьці толькі на беларускай мове. І ўвогуле, беларускае MTV стане, бадай, адзінай тэлепраграмай, дзе вядоўцы будуць размаўляць выключна па-беларуску. На гэтым грунтуецца ўся канцэпцыя вяшчаньня.

Хто з артыстаў патрапіць на экраны беларускага MTV? Сытуацыя на беларускім музычным рынку прынцыпова розьніцца ад краінаў-суседзяў. Зь дзясятак беларускіх выканаўцаў і гуртоў фактычна забароненыя да ратацыі ня толькі на дзяржаўным тэлебачаньні, а нават на хвалях камэрцыйных FM-станцыяў. Да таго ж, ці будзе абавязковай да выкананьня акрэсьленая Міністэрствам інфармацыі 75-працэнтная квота на беларускіх выканаўцаў у эфіры? На гэтыя пытаньні спадар Грышко адказаў досыць няпэўна: маўляў, на канале гаспадарамі будуць лепшыя беларускія музыкі, пры тым, што канфліктаваць з галіновым міністэрствам у пляны MTV таксама не ўваходзіць. Эстрадная сьпявачка Іна Афанасьева ў гэтым зьвязку лічыць, што выканаўцы самі павінны прабіваць сабе дарогу да гледача, не спадзеючыся, што іхны рэйтынг уздымецца дзякуючы міністэрскім дырэктывам.

(Афанасьева: ) “З гледзішча грамадзянскага, як грамадзяніна сваёй краіны, я б хацела сказаць: павінна быць сорамна за тое, што нас, беларусаў, трэба ў загадным парадку прымушаць любіць сваю культуру, сваю эстраду, сваю краіну. Прыкладам, мне было б прыкра, каб мяне слухалі толькі таму, што выйшаў нейкі загад і ўсе спрабуюць яго выканаць. Хацелася б, каб беларусы любілі ў першую чаргу сябе і ганарыліся культурнымі, спартовымі, мастацкімі дасягненьнямі. Каб ганарыліся самі, а іх да гэтага не прымушалі”.

Паводле кіраўнікоў праекту “МТV-Беларусь”, апроч абанэнтаў “Космас-ТV”, ужо ў кастрычніку глядзець беларускую вэрсію MTV змогуць карыстальнікі менскіх кабэльных сетак (а гэта да 85% жыхароў сталіцы). А на пачатку 2006 году адбудзецца ўключэньне MTV у стандартны набор каналаў “Менскіх тэлесетак”. Да 2007 году плянуецца пакрыць тэлесыгналам усю Беларусь.

Калі спадзяваньні арганізатараў праекту спраўдзяцца, Беларусь стане 165-й краінай “рэгіянальнай асыміляцыі” MTV, а беларуская мова — 19-й працоўнай мовай тэлеканалу.
XS
SM
MD
LG