Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за 77 гадоў у Менску адкрылася выстава слуцкіх паясоў


Іна Студзінская, Менск Дагэтуль адзінай у Беларусі выставай, прысьвечанай слуцкім паясам, была выстава ў 1927 годзе. Але на ёй былі прадстаўленыя толькі фрагмэнты: у зборы айчынных музэяў не было аніводнага цэлага поясу, вырабленага на Слуцкай пэрсіярні. Цяпер жа ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры выстаўленая найбольшая колькасьць слуцкіх паясоў з тых беларускіх музэяў, дзе яны зараз знаходзяцца, і чатыры дзівосныя шаўковыя і залатыя шэдэўры з расейскага Дзяржаўнага гістарычнага музэю.

Слуцкія паясы – сапраўдны брэнд, візытная картка мастацтва Беларусі другой паловы 18 стагодзьдзя. І хоць яны прыйшлі у краіну здалёку, з Усходу, беларуcкія ткачы так дасканала здолелі асвоіць тэхналёгію, дасягнулі такога майстэрства, што ўвесь сьвет ведае менавіта пра слуцкія паясы.

Гаворыць намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц.

(Гедройц: ) “Так здарылася, што ў нас няшмат засталося гэтых каштоўных рэчаў. І цяпер, калі мы будзем мець магчымасьць убачыць гэтыя каштоўнасьці, напэўна, кожны задасьць сабе пытаньне: што такое культурная каштоўнасьць нацыянальная, як яе трэба выкарыстоўваць, як яе трэба захоўваць, каб нашы дзеці ведалі пра продкаў, пра нас, пра тое, што мы самастойная нацыя, адукаваная, культурная, вельмі таленавітая, і што мы ў Эўропе, у сьвеце нечага вартыя”.

Піянэрам стварэньня мануфактуры тканін па ўсходніх тэхналёгіях на беларускіх землях быў князь Міхаіл Казімір Радзівіл (па мянушцы Рыбанька), гетман вялікі Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віленскі, IХ ардынат Нясьвіжу. Створаная ў Нясьвіжы, мануфактура была перанесена ў Слуцак. Спачатку працавалі там работнікі, прывезеныя князем з Турэччыны і Пэрсіі, якія дакладна капіявалі ўсходнія ўзоры. Але праз дзесятак гадоў майстэрствам дасканала авалодалі беларускія ткачы, пад уплывам якіх арнамэнт аздобіўся кветкамі свайго краю, найчасьцей незабудкамі і валошкамі. Росквіт мануфактуры прыпадае на 1760-70-я гады, калі ёю кіраваў Ян Маджарскі разам з сынам Лявонам (яны армяне па паходжаньні). Менавіта створаны імі тып поясу атрымаў назву “слуцкі пояс”, якая стала сынонімам усіх даўгіх шаўковых паясоў, незалежна ад таго, дзе яны вырабляліся – у Слуцку, Горадні ці Ліёне. Гэта доўгі і вузкі пояс, 30 – 45 сантымэтраў шырынёй і 3 – 5 мэтраў даўжынёй.

Заняпад Слуцкай пэрсіярні пачаўся ад канца 18 стагодзьдзя. Са зьнікненьнем Рэчы Паспалітай на тэрыторыях, што адышлі да Расейскай імпэрыі, нашэньне нацыянальных шляхецкіх строяў было забаронена. Вытворчасьць паясоў спынілася. А ў другой палове 19 стагодзьдзя слуцкія паясы сталі прадметамі калекцыянаваньня і разышліся па зборах многіх музэяў сьвету. Ёсьць слуцкія паясы ў Лёндане, Маскве, Кракаве, Львове, Вільні…

Распавядае каардынатар выставы Ірына Зварыка.

(Зварыка: ) “Мы імкнуліся скарыстаць такую нагоду, шанец, прадстаўлены нашымі калегамі з Масквы, што да нас прыяжджаюць у госьці, упершыню за шмат-шмат гадоў вось гэтыя шыкоўныя залатыя тканіны – 4 цудоўныя паясы. І мы вырашылі зрабіць агляд таго, што мы маем у беларускіх музэях, у якой колькасьці, у якім стане. Вырашылі зрабіць такі сойм паясоў, якія знаходзяцца ў Беларусі”.

Канешне, каралямі пануюць у экспазыцыі выставы шыкоўныя шаўковыя, з залатымі і срэбранымі ніткамі, паясы. Але ёсьць яшчэ прадметы атачэньня, сьвіта караля. Цудоўныя жывапісныя партрэты Радзівілаў, вітрынка са шклом – унікальныя рэчы! Келіх, які на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца ў адзінкавым экзэмпляры. Дукаты, талеры, лялькі ў строях тагачаснай шляхты. У экспазыцыі прадстаўлены каталёг выставы 1927 году, а таксама альбомчык з аўтографам Вацлава Ластоўскага.

Выставе будзе працаваць ад 30 верасьня да 13 сьнежня ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі па вуліцы Карла Маркса, 12.
XS
SM
MD
LG