Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапамогуць паўтары мільярды даляраў беларускай вёсцы?


Уладзімер Глод, Менск Міністэрства фінансаў Беларусі, якое рыхтуе праект бюджэту на 2006-ы год, пазнаёміла дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з той часткай бюджэту, якая тычыцца аграрна-прамысловага комплексу. Мяркуецца ў наступным годзе аддаць вёсцы амаль паўтары мільярды даляраў. З гэтай нагоды намесьнік міністра фінансаў краіны Аляксандар Курлыка падкрэсліў, што "падтрымка сельскай гаспадаркі знаходзіцца сярод галоўных прыярытэтаў дзяржавы". Ці могуць такія грошы выратаваць беларускую вёску, ці можна пры такой падтрымцы выканаць Дзяржаўную праграму адраджэньня вёскі?

Калі праект бюджэту будзе зацьверджаны менавіта ў такім варыянце, дык на адзін гектар сельгасугодзьдзяў у наступным годзе прыпадзе 175 даляраў, на 20 больш, чым сёлета. Гэта больш за расейскія альбо ўкраінскія паказчыкі. Але калі зьвярнуцца да эўрапейскіх вымярэньняў, дык гэта вельмі мала. Давайце параўнаем -- 1500 даляраў на гектар у Фінляндыі ці 1300 ва Ўгоршчыне. Зразумела, што пры такіх розных падыходах розныя краіны маюць і розныя вынікі. Іхныя прыбыткі ад продажу прадукцыі АПК за мяжу непараўнальныя. Вось што гаворыць на гэтую тэму эканамічны аглядальнік газэты "Белорусы и рынок" Кастусь Скуратовіч:

(Скуратовіч:) "Калі ўзяць, напрыклад, Польшчу, дык там жа мільярдныя абароты ў далярах. А ў нас падлік ідзе на дзесяткі мільёнаў, у найлепшым выпадку сотню-другую мільёнаў. Гэта ж мізэр".

Амаль паўтара мільярды даляраў таксама немалыя грошы. Чаму ж ад іх няма адпаведнай аддачы? Пра гэта лепш ведаюць спэцыялісты сельскагаспадарчай галіны. Адзін зь іх Аляксандар Ярашук у свой час узначальваў рэспубліканскі прафсаюз працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Ён лічыць, што паўтара мільярда сапраўды значныя сродкі, значныя сумы. Але, самае галоўнае, тое, як яны выкарыстоўваюцца, гаворыць спадар Ярашук:

(Ярашук:) "У бальшыні выпадкаў яны выкарыстоўваюцца не так эфэктыўна, а часьцяком зусім неэфэктыўна. З той пары, які няма сапраўднага эканамічнага стымулу, інтарэсу, можна казаць, што гэтымі сродкамі закрываюць элемэнтарную безгаспадарчасьць. Укладаюцца даволі значныя сродкі, якія не даюць адпаведнай аддачы. Гэта напэўна самае галоўнае і найбольшы непакой выклікае. І калі ў нашых суседзяў, няхай і зь вялікімі цяжкасьцямі рэструктурызацыя адбываецца, дык у нас ... Хоць і перайменавалі нашыя калгасы , але яны як былі калгасамі па сваёй сутнасьці, так і засталіся".

У інфармацыі, дарэчы са спасылкай на таго ж самага намесьніка міністра Курлыку, гаворыцца: "у рамках перамоваў з Усясьветнай гандлёвай арганізацыяй гэтая сума значна ніжэйшая -- 504 мільёны даляраў". Гэта своеасаблівы маленькі хітрык. Зразумела, што Усясьветная гандлёвая арганізацыя патрабуе ад краінаў, якія хочуць у яе ўвайсьці, пэўных міжнародных стандартаў. Таму для ўнутранага карыстаньня адны лічбы, а калі вядуцца перамовы з міжнароднымі арганізацыямі нярэдка ўзьнікаюць іншыя. Ня будзем забывацца, што акрамя бюджэту аграрыі атрымліваюць сродкі яшчэ і з некалькіх пазабюджэтных фондаў. Менавіта так тлумачыць гэта спадар Скуратовіч:

(Скуратовіч:) "Можна сказаць такую лічбу, а можна і іншую. Хаця, згодна з афіцыйнай статыстыкай, на адну траціну павысіліся выдаткі на падтрымку эканомікі, таму што выконваецца праграма адраджэньня вёскі. Была ж, дарэчы, такая праграма -- Адраджэньне расейскага Нечарназем''я. І кожны раз (праз год-два-тры) ўсё гэта сьпісвалі. На мой погляд, такія праграмы ня маюць пэрспэктываў. Існуе аграрнае лобі, моцныя такія хлопцы, якія прабіваюць сабе грошы. Гэта ўсё больш мае палітычны зьмест".
XS
SM
MD
LG