Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9-гадовы Янка Лапіцкі па-ранейшаму ня мае магчымасьці вучыцца па-беларуску


Міхал Стэльмак, Менск У Жодзіне ўлады працягваюць ігнараваць жаданьне 9-гадовага Янкі Лапіцкага вучыцца па-беларуску. Завяршаецца верасень, але ён так і не пайшоў у школу. Нагадаю, беларускамоўная кляса, у якой вучыўся Янка, была расфармаваная напярэдадні мінулага навучальнага году. У ёй былі два вучні. Паводле жодзінскіх чыноўнікаў, трымаць клясу дзеля двух вучняў — дорага для бюджэту. Бацькі Янкі адмовіліся ад прапанаванага навучаньня сына ў расейскамоўнай школе.

Днямі бацькі Янкі Аляксей і Сьвятлана Лапіцкія зьвярнуліся па дапамогу да міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. У лісьце паведамляецца, што з 2004 году з-за рашэньняў мясцовай улады яны пазбаўленыя “элемэнтарнага права” на атрыманьне сынам абавязковай і бясплатнай адукацыі на роднай мове, якая ёсьць дзяржаўнаю мовай у Беларусі. За год прымусовага, як лічаць Лапіцкія, пазбаўленьня Янкі магчымасьці навучацца па-беларуску, яны ў Жодзіне не дачакаліся ад мясцовага аддзелу адукацыі вырашэньня іх пытаньня. Больш таго, з боку мясцовых чыноўнікаў мае месца псыхалягічны ўціск і прымус прыняць значна пагоршаныя ўмовы працягу адукацыі. Лапіцкія выказалі ў лісьце да міністра “рашучы пратэст” дыскрымінацыйным, на іх думку, дзеяньням Жодзінскага гарадзкога аддзелу адукацыі. Бацька Янкі Аляксей Лапіцкі патлумачыў гэты зварот да спадара Радзькова наступным чынам:

(Лапіцкі: ) “Гвалт над сям’ёй практычна. То бок яны кажуць, што вам прапановы прынесены, вядома непрымальныя, бо вучыцца трэба альбо ў расейскамоўнай клясе, альбо самастойна, альбо напалову так і напалову гэтак. І кажуць, што мы можам толькі праз атэстацыю трапіць у наступную клясу. У сувязі з тым, што мы не па нашай ініцыятыве прапускаем заняткі ў школе, пазбаўлены бясплатнай сярэдняй адукацыі, якая гарантавана кожнаму грамадзяніну Беларусі, яны за свае дзеяньні, дыскрымінацыйны стан, у якім апынулася наша сям’я і дзіця, мусяць праяўляць іншую ініцыятыву”.

Бацькі Янкі ў лісьце да міністра адукацыі сфармулявалі пяць патрабаваньняў. Найперш, яны настойваюць, каб у самы кароткі час было разгледжанае пытаньне і прыняты захады па аднаўленьні ў Жодзіне беларускамоўнай клясы. Да моманту вырашэньня пытаньня з аднаўленьнем школьнага навучаньня Янкі яго бацькі просяць забясьпечыць належную падрыхтоўку сына. Таксама Лапіцкія зьвяртаюць увагу спадара Радзькова, каб іх, бацькоў “беларускамоўнага ад нараджэньня” сына, не прымушалі адмовіцца ад канстытуцыйных правоў на бясплатную агульную сярэднюю адукацыю на дзяржаўнай беларускай мове.

Дарэчы, пра тое, што Янка Лапіцкі другі год не навучаецца ў школе, добра ведаюць не толькі ў Жодзінскім гарвыканкаме, але й у Менскім аблвыканкаме. У абласным упраўленьні адукацыі сьцьвярджаюць, што ўлады прапанавалі Лапіцкім выйсьце з сытуацыі, аднак бацькі Янкі ад яго адмаўляюцца. Гаворыць прадстаўніца гэтага ўпраўленьня Вольга Несьцярук:

(Несьцярук: ) “Ён дома сядзіць. Не мае зносінаў з іншымі дзецьмі. Дзіця выяўляе сябе ў соцыюме. Яно выяўляе сябе ва ўзаемадачыненьнях з іншымі дзецьмі. Я ведаю, што было прапанавана наведаньне ў клясе тых прадметаў, дзе выкладаецца на беларускай мове. То бок расейская, беларуская мова абавязковая, яшчэ мова. Астатнія прадметы можна здаць экстэрнам. Але яны адмовіліся ад такой формы”.

Паведаміла спадарыня Несьцярук. Жодзінскую сытуацыю дасьледавала Таварыства беларускай мовы. Намесьнік старшыні гэтай арганізацыі Сяргей Кручкоў лічыць, што канфлікт Лапіцкіх з уладамі мае палітычны падтэкст:

(Кручкоў: ) “На маю думку, Лапіцкі досыць актыўны ў грамадзкай дзейнасьці, у палітычнай. То бок улады, пасьля таго як ён браў актыўны ўдзел у выбарах, у назіраньнях за выбарамі, ён і жонка, яны вырашылі гэткім чынам яго пакараць. І, як я лічу, пытаньне даўным-даўно ўжо б вырашылася з беларускамоўным навучаньнем там, каб не было жаданьня там з боку мясцовых уладаў яго любым чынам, але пакараць. Сытуацыя такая, што яны нават і не зьбіраюцца прадпрымаць ніякіх захадаў, каб забясьпечыць ягонае канстытуцыйнае права навучаць сваё дзіця на беларускай мове”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG