Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 кастрычніка літоўцы пры ўезьдзе ў Беларусь павінны мець страхоўку


Тацяна Поклад, Вільня Ад 1 кастрычніку пры ўезьдзе у Беларусь грамадзяне Літвы абавязаны застрахаваць сваё здароўе і абавязкова паказаць страхавы поліс на мяжы, а таксама у консульстве Рэспублікі Беларусь пры атрыманьні візы. Пра гэта паведамілі Дзяржаўны памежны вайсковы камітэт Беларусі і Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Ад 1 ліпеня сёлета патаньнелі візы для грамадзянаў Беларусі і Літвы для наведваньня гэтых двух суседніх краінаў. Але спачатку літоўскі бок увёў абавязковае страхаваньне для грамадзянаў Беларусі. Цяпер, адпаведна, патрабуе абавязковую страхоўку і Беларусь ад грамадзянаў Літвы. Якія умовы гэтага патрабаваньня?

Гэта можна разглядаць як крок Беларусі у адказ на патрабаваньне Літвы ад беларускіх грамадзянаў абавязкова страхаваць сваё здароўе, каб была гарантаваная магчымасьць аплаціць выдаткі на лекаваньне у мэдыцынскіх установах суседняй краіны. Паводле правілаў, трэба пры перасячэньні мяжы мець дзейсную страхоўку на такі самы тэрмін, на які разьлічаная аднаразовая віза альбо на столькі дзён, колькі дазваляе усяго разам правесьці у краіне шматразовая віза. Апошняе выклікае непаразуменьне і абурэньне, паколькі атрымліваецца, што, да прыкладу, калі грамадзянін Беларусі мае гадавую візу, ён мусіць мець страхавы поліс на 90 дзён, -- хаця і б плянаваў знаходзіцца у Літве значна меней. Аднак у практыцы пакуль ўжываюцца розныя варыянты, і, паводле беларусаў, якія маюць досьвед наведваньня Літвы, адным даводзіцца страхавацца на ўсе меркаваныя дні знаходжаньня у Літве цалкам, іншым – хапае на некалькі дзён і ня узьнікае праблем на мяжы.

Ад літоўскіх грамадзянаў дасюль страхоўка свайго здароўя не патрабавалася, толькі знакаміты экалягічны падатак – кожны чалавек пры ўезьдзе у Беларусь на транспартным сродку мусіў плаціць 3 эўра, сродкі гэтыя ішлі у бюджэт мясцовых уладаў.

Ад 1 кастрычніка тыя літоўскія грамадзяне, якія ужо маюць візы, мусяць набыць страхоўку перад паездкай у Беларусь, гэта будзе спраўджвацца на мяжы разам з іншымі неабходнымі для уезду дакумэнтамі. Набыць страхавы поліс можна будзе і на памежжы. Тыя грамадзяне Літвы, якія толькі будуць атрымоўваць візу пасьля 1 кастрычніка, ужо у кансулят павінны прыходзіць з аформленай страхоўкай.

Страхавы поліс на суткі будзе прыкладна каштаваць у межах сумы да 2-х даляраў, ёсьць паведамленьні, што на суткі можна набыць страхавы поліс за 1,5 літы – гэта крыху болей за палову даляра. Гэта мусіць быць страхавы поліс, сума выплаты якога (сума адказнасьці) мае быць ня меншая за 5 000 даляраў. Страхавая дамова мае быць створаная альбо з адной з беларускіх страхавых кампаніяў, альбо, -- калі з замежнай, то на полісе мае быць ясна пазначана, што поліс дзейсны на тэрыторыі Беларусі.

Страхоўка не патрабуецца ад транзытных пасажыраў і ад тых, хто наведвае тэрыторыю Беларусі у складзе афіцыйных дэлегацыяў, ад дыпляматаў і іх сем''яў, і, урэшце, ад тых, хто мае падарожныя дакумэнты ААН. Літоўскія беларусы, у тым ліку і тыя, у каго ёсьць блізкія сваякі, бацькі на тэрыторыі Беларусі, а таксама тыя, хто працуе у культурна-асьветніцкай сфэры і мае кантакты зь Беларусьсю, -- ніякага права на палёгкі ня маюць. У Вільні беларускі консул адмыслова сустрэўся з бацькамі вучняў беларускамоўнай школы імя Скарыны, каб распавесьці пра новыя правілы, ён паведаміў пра літоўскія страхавыя кампаніі, якія падпісалі дамовы з беларускімі аб узаемапрызнаньні і ўзаемаразьліках што да страхавых выплатаў.

Вось меркаваньні беларусаў, якія жывуць у Літве і ездзяць у Беларусь і у справе культурна-адукацыйных кантактаў, і да сваіх блізкіх сваякоў, да бацькоў.

Лілея Плыгаўка, кіраўніца катэдры беларусістыкі у Віленскім пэдунівэрсітэце, мяркуе, што на акадэмічныя кантакты гэтыя новыя выдаткі не паўплываюць:

(Плыгаўка:) “Я да гэтага стаўлюся абсалютна спакойна і з разуменьнем – гэта сусьветная практыка. Я ня бачу у гэтым перашкодаў для далейшых паездак, абменаў і гэтак далей. Рана ці позна гэта было б уведзена. Я асабіста для сябе ня бачу ніякіх праблем. Дарэчы, я паеду разам са студэнтамі 24 кастрычніка у Беларусь, вядома, аформім і страхоўку. Ва ўсякім разе зьяўляецца нейкая абароненасьць – кожны спадзяецца, што, дай Божа, нічога не здарыцца, але усё можа быць.”

Беларусы Літвы, якія маюць у Беларусі сваякоў, асабліва бацькоў сталага узросту, успрымаюць новыя патрабаваньні як дадатковыя выдаткі і перашкоды. Людвіка Вітушкава адзначыла, што шматлікія патрабаваньні і праблемы, што да перасячэньня беларуска-літоўскай мяжы нібыта наўмысна ствараюцца, каб атруціць жыцьцё звычайным людзям.

(Вітушкава:) “Гэта, з аднога боку зразумела, што страхаваньне здароўя мусіць быць, але гэта мусіць быць разумна (арганізаванае). Вось з літоўскага боку, -- патаньнелі візы, вітальны крок, -- але адразу увялі гэтую страхоўку абавязковую. Тут адбываецца лябізм страхавых кампаніяў. Чалавеку было б выгодна набываць страхоўку на канкрэтную паездку. Я маю права на гадавую візу, але я можа тры разы за год прыеду у Беларусь, навошта мне плаціць вялікія грошы?! Інтарэсы звычайных людзей так і застаюцца незразумелымі і літоўскім чыноўнікам, і беларускім.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG