Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьляпы казаў: “Пабачым, як бязногі паскача”


Андранік Антанян, Вільня Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Па шчырасьці, нават не здагадваўся, што гэты выраз мае такую недаравальна нізкую частотнасьць. У беларускай мастацкай літаратуры знайшоў толькі два выпадкі яго ўжываньня. І ўжывалася выключна першая частка прымаўкі.

Гэтая прымаўка мае непасрэднае дачыненьне да абяцанак. У мяне з абяцаньнямі былі вельмі складаныя ўзаемаадносіны. Мой бацька любіць паўтараць, што, маўляў, разумны чалавек ніколі нікому нічога не абяцае. Мяркую, што разумны чалавек, прынамсі, знаходзіць сродак пазьбегчы гэтага дзеяньня. Рабіць гэта ня так і складана, галоўнае не забывацца ў самы адказны момант заместа пэўнага цьверджаньня ўставіць “пабачым”, якое пакідае не адзін варыянт для манэўраў.

“Сьляпы казаў: “Пабачым, як бязногі паскача”, – адказвала на мае дзіцячыя хітрыкі схільная да скрайніх эмоцыяў бабуля. І даводзілася браць на сябе па вялікім рахунку нікому не патрэбныя абавязаньні, выкананьне якіх ад мяне звычайна мала залежала.

Сёньня дзеяслоў пабачым ужываю часьцей у якасьці скарочанага варыянту фразы: “Пабачым, што атрымаецца”. Напэўна, так яно лепш і лягічней. Вынікі ад нашых слоў і спраў часам перавышаюць чаканае. Пабачым, як бязногі паскача. А ад цьвёрдых абяцаньняў усё ж лепш устрымацца. Калі ёсьць такая магчымасьць, натуральна.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
XS
SM
MD
LG