Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў абраны старшынём Беларускага ПЭН-цэнтру


Валянціна Аксак, Менск Пастанову аб вылучэньні Рыгора Барадуліна на атрыманьне Нобэлеўскае прэміі ў галіне літаратуры, заявы ў сувязі з рэпрэсіямі супраць газэты “Народная Воля” і ў сувязі з ссылкай Паўлы Севярынца, а таксама шэраг іншых дакумэнтаў прыняў на сваім агульным сходзе Беларускі ПЭН-цэнтар, які адбыўся ў Менску сёньня ўвечары.

Беларускі ПЭН-цэнтар, грамадзкая арганізацыя пісьменьнікаў і журналістаў, якая паводле сваіх статутных мэтаў мусіць бараніць свабоду слова ў краіне, апошнім часам сама была вымушаная займацца пытаньнямі выжываньня. Зь сямі паседжаньняў, якія Рада ПЭН-цэнтру правяла летась, ні на водным не праміналася гэтая тэма, – зазначыў у сваёй справаздачы старшыня арганізацыі Лявон Баршчэўскі.

І з усімі навязанымі дзяржаўнымі органамі юрыдычнымі і фінансавымі праблемамі ПЭН-цэнтар справіўся, здолеўшы наладзіць пры гэтым некалькі літаратурных конкурсаў, выданьне кніг, правядзеньне творчых фэстаў.

Нягледзячы на гэта, старшыня арганізацыі Лявон Баршчэўскі папрасіўся ў адстаўку, спаслаўшыся на асабістыя творчыя пляны.

На сходзе было вылучана два кандыдаты на пасаду новага кіраўніка ПЭН-цэтру: Уладзімер Сіўчыкаў і Уладзімер Някляеў. Большасьць сяброў арганізацыі падтрымала Някляева, які абяцаў захаваць пераемнасьць.

(Някляеў: ) “Гэтая работа ня будзе мець нейкіх прынцыповых адрозьненьняў. Адзінае, што можа быць будзе больш эмацыйна праводзіцца ў зьвязку з маім асабістым характарам”.

На сходзе ПЭН-цэнтру былі прынятыя заявы з пратэстам супраць рэпрэсіяў у дачыненьні газэты “Народная Воля” і ў сувязі з абмежаваньнем свабоды сябра арганізацыі Паўла Севярынца, які быў сасланы за свае перакананьні ў аддаленую вёску, дзе пазбаўлены магчымасьцяў прафэсійнае працы.

Акрамя таго, на агульным сходзе ПЭН-цэнтру было ўхваленае рашэньне аб вылучэньні паэта Рыгора Барадуліна на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі.
XS
SM
MD
LG