Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вышэйшы гаспадарчы суд падтрымаў М.Аўтуховіча – ён спыняе галадоўку


Галіна Абакунчык, Менск Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суда скасаваў рашэньні ўсіх судовых інстанцыяў і накіраваў справу ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча на новы перагляд. У гэтай сувязі Мікалай Аўтуховіч, які на знак пратэсту супраць судовага перасьледу галадае 9-ы дзень, заявіў, што спыняе галадоўку.

Гэта была трэцяя галадоўка Мікалая Аўтуховіча ад 2003 году, калі падатковая інспэкцыя Ваўкавыску выставіла прадпрымальніку штраф памерам мільён даляраў. Падставай для гэтага сталіся нібыта парушэньні ў справе выплаты падаткаў. Гэтае рашэньне спадар Аўтуховіч абскарджваў у судах усіх інстанцыяў цягам двух гадоў. На знак пратэсту супраць несправядлівых рашэньняў ён тройчы галадаваў. Пастанову Вышэйшага гаспадарчага суда, на якім старшыняваў Віктар Камянкоў, Мікалай Аўтуховіч успрыняў, як перамогу.

(Аўтуховіч: ) “Мы на гэта нават не спадзяваліся. Я думаў, што мяне будуць дабіваць канчаткова. Я вельмі рады, спыню галадоўку ў спадзяваньні на тое, што будзе справядлівы перагляд. Бо калі б нас хацелі пакараць – пакаралі б”.

Распараджэньне ваўкавыскіх падаткавікоў аб выплаце буйной сумы штрафу распаўсюджвалася таксама на кампанію-партнэра “Ніка-Транс”, якую ўзначальвае Юры Лявонаў. Разам зь Мікалаем Аўтуховічам яны арганізавалі перавозку пасажыраў на маршрутных таксоўках. За нявыплату прызначанага падатку на спадара Лявонава была распачатая крымінальная справа, апісаная маёмасьць. На знак пратэсту супраць канфіскацыі маршрутак галадавалі таксама й вадзіцелі таксовак. Сёньняшняе рашэньне Прэзыдыюму суда для ўсіх і яго асабіста таксама мае вялікае значэньне – кажа спадар Лявонаў.

(Лявонаў: ) “Усе, літаральна ўсе чакалі гэтага рашэньня. Няма дня, каб людзі не зьбіраліся не абмяркоўвалі гэтую сытуацыю. Для мяне як дырэктара прадпрыемства гэтае рашэньне азначае магутную падтрымку. Ну, дай бог, каб працэс пайшоў і гэтак далей у гэтым жа кірунку”.

Гаварыў дырэктар ваўкавыскай аўтатранспартнай кампаніі “Ніка-Транс” Юры Лявонаў. Паводле юрыдычнай працэдуры, справу Мікалая Аўтуховіча Юрыя Лявонаў Вышэйшы гаспадарчы суд мусіць разгледзець цягам месяца.
XS
SM
MD
LG