Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” ўжо заплаціла Гайдукевічу 85 мільёнаў


Ганна Соусь, Менск Сёньня рэдакцыя газэты “Народная Воля” пералічыла на рахунак суду Ленінскага раёну яшчэ 15 мільёнаў рублёў на карысьць лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргея Гайдукевіча. Гэтыя грошы ахвяравалі газэце яе чытачы, які адгукнуліся на заклік галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Іосіфа Сярэдзіча.

“Народная воля” выплаціла Сяргею Гайдукевічу ўжо 85 мільёнаў рублёў са 100 мільёнаў штрафу, прызначанага судом Ленінскага раёну Менску. Усе гэтыя грошы былі пералічаны на банкаўскімі рахунак рэдакцыі чытачамі газэты. Пра гэта паведаміла Радыё Свабода шэф-рэдактар выданьня Сьвятлана Калінкіна.

Ужо трэці дзень у рэдакцыю бесперапынна ідуць людзі, каб ахвяраваць ці пазычыць грошы на выплату штрафу. Гаворыць пэнсіянэр Генадзь Лагуновіч:

(Лагуновіч: ) “Як толькі я прачытаў зварот Іосіфа Паўлавіча, хацеў прыбегчы сюды. Але захварэў крыху, дык прыйшоў праз два дні, каб унесьці свой невялічкі ўнёсак – 50 тысячаў. Дапамагчы, каб газэта ўсё ж не зьнікла. Гэта нешта страшнае адбываецца”.

Пэнсіянэрка Ніна Валатаўская прыйшла ў рэдакцыю, каб пазычыць газэце 100 даляраў, якія яна некалькі гадоў зьбірала са сваёй невялікай пэнсіі:

(Валатоўская: ) “Хачу, каб лёс Беларусі зьмяніўся. Пазычаю свае грошы на нейкі тэрмін. Хачу дапамагчы. Калі не варушыцца, то хто ведае, што будзе ў нашай краіне”.

Падтрымку незалежнай газэце сёньня выказвалі і вядомыя ў Беларусі асобы. Карэспандэнтка “Народнай волі” Марына Коктыш запісвала для заўтрашняга нумару меркаваньні беларускіх палітыкаў, чыноўнікаў і грамадзкіх дзеячаў:

(Коктыш: ) “Былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Урал Латыпаў адказаў каротка: “Я спадзяюся, што “Народная Воля” ня зьнікне. Зусім адмовіўся адказаць на гэтае пытаньне старшыня Савету Бясьпекі Беларусі Генадзь Нявыглас. Ён сказаў, што вельмі нармальна ставіцца да “Народнай Волі”, аднак папрасіў, каб ягоны камэнтар мы не ўключалі ў гэтае апытаньне. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў сказаў, што “Народнай Волі”, як і іншым незалежным выданьням, відаць, трэба рыхтавацца да выхаду ў нелегальных умовах. Вельмі кранула, што ён сказаў, што гатовы супрацоўнічаць з “Народнай Воляй”, калі яна апынецца ў такіх умовах.

Былі яшчэ і іншыя чыноўнікі, якія выказвалі салідарнасьць з “Народнай Воляй”, проста яны не хацелі, каб былі названыя іх прозьвішчы. Але яны займаюць не апошнія пасады ў цяперашняй уладзе”.

Гл. таксама • Іосіф Сярэдзіч: “Народная Воля” будзе выходзіць
XS
SM
MD
LG