Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтарвыбаркам будзе ствараць складанасьці офісу АБСЭ?


Паводле БелаПАН Супрацоўніцтва Цэнтрвыбаркама з АБСЭ падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі будзе складаным з прычыны прыняцьця Эўрапейскім Зьвязам рашэньня, паводле якога кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Зьвязу.

Пра гэтае чаканае ўскладненьне адносінаў паведаміў сёньня сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік. Нагадаем, што кіраўніцтва Эўразьвязу прыняла візавыя санкцыі адносна Ярмошынай, палічыўшы яе датычнай да фальсыфікацыі вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў кастрычніку 2004 году.

Паводле Лазавіка, гэтае рашэньне было прынятае "з падачы назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека АБСЭ".

"Намі была працягнутая рука дружбы, былі створаныя ўсе ўмовы для бесперашкоднага назіраньня за выбарамі. Яны маглі наведваць любы ўчастак, не паведамляючы нам пра гэта", – сказаў Мікалай Лазавік. Аднак, зазначыў ён, у выніковым дакумэнце назіральнікаў АБСЭ выбары былі прызнаныя несвабоднымі і недэмакратычнымі.

Сакратар ЦВК лічыць, што свае заключэньні аб легітымнасьці выбараў прадстаўнікі АБСЭ робяць, зыходзячы не з заканадаўства, арганізацыі і правядзеньня кампаніі, а з таго, "хто быў абраны". Паводле яго, выбарчыя рэкамэндацыі, што вылучаюцца АБСЭ да Беларусі, "не выконваюцца ў краінах, якія іх вылучаюць". Калі ж будуць выпрацаваны адзіныя стандарты, то АБСЭ ня зможа прад''явіць Беларусі ніякіх прэтэнзіяў у частцы парушэньня выбарчых правоў, упэўнены Мікалай Лазавік.
XS
SM
MD
LG