Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьменіцца палітыка Польшчы пасьля выбараў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 26 верасьня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дарадца мэра Варшавы Марэк Буцька і старшыня Беларускага шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў.

(Валер Карбалевіч: ) “Парлямэнцкія выбары ў Польшчы пацьвердзілі традыцыю, калі кіроўныя партыі церпяць паразу і перамагае апазыцыя, а на наступных выбарах усё паўтараецца. Такія арэлі, такая гушкалка сталі амаль правілам існаваньня польскай палітычнай сыстэмы. На выбарах пераканаўчую перамогу атрымалі правыя партыі “Закон і справядлівасьць” і “Грамадзянская плятформа”, якія дасюль былі ў апазыцыі. Няма сумненьня, што і на прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбудуцца 9 кастрычніка, таксама пераможа кандыдат ад правых партыяў, хутчэй за ўсё, лідэр Грамадзянскай плятформы Доналд Туск. Што азначаюць вынікі выбараў? Гэта проста чарговы раз шалі вагаў хіснуліся ў іншы бок ці гэта адлюстраваньне нейкіх больш глыбокіх тэндэнцыяў у польскім грамадзтве?”

(Марэк Буцька: ) “Не, я думаю, што гэта нешта другое. Па-першае, посткамуністы, якія кіравалі Польшчай апошнія чатыры гады праз прыватныя фірмы, а таксама дзяржаўныя фірмы, дзе кіраўніцтва было зьвязанае зь левымі, даказалі поўную няздольнасьць далей кіраваць краінаю. І насельніцтва гэта адчувае. І вынікі выбараў ілюструюць, што палякам, груба кажучы, надакучыла кіраваньне посткамуністаў у Польшчы. На працягу апошніх чатырох гадоў адбыліся карупцыйныя скандалы, у якіх былі, найперш, задзейнічаныя палітыкі, парлямэнтары з Саюзу левых сілаў. Людзі гэта бачаць, асэнсоўваюць і робяць высновы. На гэтым заснаваная перамога правых сілаў у Польшчы.

Акрамя таго, у левых не было прапановаў наконт пэрспэктываў разьвіцьця нашай дзяржавы. У партыі “Закон і справядлівасьць”, якую ўзначальваюць браты Качыньскія, а таксама ў партыі “Грамадзянская плятформа” Доналда Туска ёсьць канцэпцыя разьвіцьця краіны і ў пляне ўнутранай і замежнай палітыкі. І гэтыя выбары сьведчаць, у нейкай ступені, пра сьпеласьць нашай дэмакратыі. Людзі ўжо не галасуюць за тых, што гучна крычаць, а галасуюць за тых, у якіх ёсьць праграма, у каго ёсьць што прапанаваць грамадзтву. У левых гэтага ўжо не было”.

(Ігар Лялькоў: ) “Адназначна можна сказаць, што гэта вельмі важная падзея, прычым, ня толькі для Польшчы, але для ўсёй посткамуністычнай прасторы. Выглядае на тое, што Польшча стала, бадай што, першай краінай гэтага рэгіёну, дзе посткамуністычныя сілы цалкам сябе дыскрэдытавалі. У шмат якіх краінах гэтыя сілы знаходзяцца на хвалі. У Польшчы, здаецца, гэты пэрыяд ужо перажыты. Апошняе кіраваньне левых суправаджалася такой колькасьцю карупцыйных скандалаў, яны так сябе дыскрэдытавалі ў вачах польскага грамадзтва, што можна прагназаваць: ім цяжка будзе падняцца пасьля такога кіраваньня.

Таму, здаецца, перамога правацэнтрысцкіх сілаў — гэта адкрыцьцё новага этапу ў жыцьці Польшчы. Тым больш, што партыя “Закон і справядлівасьць”, якая сталася пераможцам гэтых выбараў, абвяшчала ў сваёй праграме паўстаньне Чацьвертай Польскай Рэспублікі. І яна павінна стаць супрацьвагай, антытэзай таму рэжыму, які ўзьнік у Польшчы пасьля 1989 году. Здаецца, у Польшчы надышоў час радыкальных пераменаў”.

(Карбалевіч: ) “Якія можна зрабіць прагнозы адносна будучай палітыкі новага кааліцыйнага ўраду правых партыяў, а таксама будучага прэзыдэнта? Ці можна чакаць нейкіх заўважных зьменаў ва ўнутранай, замежнай палітыцы?”

(Буцька: ) “Я думаю, незалежна ад таго, хто пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах, ці гэта будзе мэр Варшавы Качыньскі, ці гэта будзе Доналд Туск, замежная палітыка Польшчы будзе дакладна вызначана. Па-першае, нашмат больш, чым раней, Варшава будзе адстойваць статус Польшчы як сувэрэннай дзяржавы, сябра Эўразьвязу. То бок, мы будзем мацней адстойваць польскія інтарэсы ў межах Эўразьвязу. Па-другое, усходняя палітыка Польшчы кардынальна памянялася. Таксама гэта тычыцца палітыкі адносна Беларусі, рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”.

(Лялькоў: ) “Калі казаць пра замежную палітыку, то Польшча будзе актыўней шукаць сябе ў рамках Эўразьвязу, будзе больш актыўна прэтэндаваць на тое, каб адказваць за ўсходні кірунак дзейнасьці. Пра гэта сьведчыць актыўнасьць правых партыяў на ўсходнім кірунку, калі яны яшчэ знаходзіліся ў апазыцыі. Думаю, такія тэндэнцыі захаваюцца і цяпер, калі яны прыйшлі да ўлады. Зь іншага боку, Польшча будзе займаць больш незалежную пазыцыю ва ўсіх міжнародных інстытуцыях. Бо элемэнт апоры на ўласныя сілы і будаваньне кааліцыяў зыходзячы з карэнных інтарэсаў Польшчы былі адным з пунктаў праграмы, найперш, партыі “Закон і справядлівасьць”, але таксама і “Грамадзянскай плятформы”. Таму Польшча будзе спрабаваць сьцьвердзіцца на міжнароднай арэне як рэгіянальная дзяржава, якая мае моцную незалежную пазыцыю і аказвае ўплыў на ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Прынамсі, да гэтага польскія палітыкі будуць імкнуцца”.

(Карбалевіч: ) “Цяпер пра польска-беларускія дачыненьні. Экспэрты сьцьвярджаюць, што правыя партыі Польшчы займаюць больш жорсткую пазыцыю адносна афіцыйнага Менску, чым левыя, якія былі ва ўладзе дасюль. Вядома, што гэтыя левыя ішлі на пэўныя кантакты з прадстаўнікамі беларускага рэжыму высокага ўзроўню. Напрыклад, сустракаліся прэм’еры дзьвюх краінаў. А прадстаўнікі правых партыяў актыўна займаюцца “беларускім пытаньнем” у Эўрапарлямэнце. Яны займалі больш жорсткую пазыцыю па пытаньні канфлікту вакол Саюзу палякаў Беларусі. Доналд Туск нават прыяжджаў у Горадню, каб падтрымаць Анжаліку Борыс. Магчыма, гэта былі перадвыбарчыя крокі. Ці можна чакаць сапраўдных зьменаў у беларуска-польскіх дачыненьнях? Вядома, што цяпер у Беларусі няма польскага амбасадара. І ўсе чакаюць, якія будуць рашэньні адносна вяртаньня ці невяртаньня яго ў Менск ад новага ўраду”.

(Буцька: ) “Я спадзяюся, што новы амбасадар Польшчы ў Беларусі будзе чалавек, які, з аднаго боку, будзе падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць, дэмакратычныя працэсы ў Беларусі. Зь іншага боку, вы закранулі цікавы момант — сустрэчы былога левага кіраўніцтва Польшчы з высокімі службовымі асобамі Беларусі. Такую пазыцыю займала Міністэрства замежных справаў Польшчы на чале зь Цімашэвічам. Такая палітыка тлумачылася рознымі прычынамі. Адыграла сваю ролю і тое, што яны, польскія левыя, вучыліся ў Маскве, знаёмыя з многімі постсавецкімі кіраўнікамі.

Акрамя таго, ёсьць шмат бізнэсовых інтарэсаў, сувязяў паміж фірмамі, зьвязанымі зь левымі, і фірмамі, якія папарадкаваныя Лукашэнку. Гэта таксама ўплывала на польскую замежную палітыку ў мінулым. Цяпер такога ня будзе. Я думаю, нарэшце нам удасца зрабіць польскую сувэрэнную палітыку ня толькі адносна Расеі, але таксама адносна Беларусі. І на гэтую палітыку ня будуць уплываць бізнэсовыя інтарэсы людзей, блізкіх да кіраўніцтва дзяржавы. Гэтая палітыка будзе скіраваная на падтрымку грамадзянскай супольнасьці, недзяржаўных арганізацыяў, незалежных мэдыяў, польскай меншасьці ў Беларусі.

Таму што апошні час беларускія ўлады ладзяць атаку на польскую меншасьць. Але ня толькі. Апошні час беларускі рэжым робіць крокі ня толькі супраць польскай, але і літоўскай меншасьці, ня толькі супраць каталіцкай царквы, але і пратэстанцкіх канфэсіяў. Дасюль на гэтыя зьявы рэакцыя польскага боку была стрыманая. Таму што адыгрывалі ролю групы, якія лабіявалі бізнэсовыя інтарэсы. Але гэта ўсё ўжо ў мінулым. Цяпер мы жывём у новай Польшчы зь сёньняшняга дня. І гэта будзе зусім іншая палітыка”.

(Лялькоў: ) “Па-першае, трэба адзначыць, што тыя сілы, якія прыйшлі да ўлады ў Польшчы, маюць найбольш шчыльныя, нават сяброўскія адносіны зь беларускімі правацэнтрысцкімі партыямі, увогуле, зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Партыя “Закон і справядлівасьць” мае дзейсную падпісаную дамову аб супрацы з Партыяй БНФ. А партыя “Грамадзянская плятформа” мае шчыльныя сяброўскія стасункі на вышэйшым узроўні і з Партыяй БНФ, і з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Таму можна сказаць, што да ўлады ў Польшчы прыйшлі сябры правацэнтрысцкіх сілаў Беларусі. Думаю, што адпаведным чынам будзе будавацца і палітыка гэтых сілаў адносна Беларусі.

З аднаго боку, можна спадзявацца, што Польшча будзе рабіць больш пасьлядоўныя і рашучыя крокі ў галіне падтрымкі грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў у Беларусі. А зь іншага боку, калі гэтыя партыі былі яшчэ ў апазыцыі, яны выступалі галоўнымі лабістамі ў Эўрапарлямэнце беларускіх інтарэсаў, беларускіх дэмакратычных сілаў. Таму на міжнароднай арэне можна чакаць больш пасьлядоўнай і мэтанакіраванай падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі.

Пры гэтым, яны ня будуць забывацца пра эканамічныя інтарэсы Польшчы ў стасунках зь Беларусьсю. Аднак яны будуць усьведамляць, што нармальныя добрасуседзкія дачыненьні магчымыя толькі з дэмакратычнай Беларусьсю, што доўгатэрміновыя, у тым ліку гаспадарчыя інтарэсы Польшчы палягаюць у тым, каб у Беларусь прыйшла дэмакратыя і Беларусь стала добрым партнэрам у сям’і дэмакратычных народаў Эўропы. Я гэта ведаю з асабістых кантактаў з нашымі польскімі сябрамі, якія цяпер прыходзяць да ўлады ў Варшаве”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, адрозна ад Беларусі, польскія грамадзяне выбралі не стабільнасьць, а перамены. Што тычыцца беларуска-польскіх дачыненьняў, то можна чакаць больш пасьлядоўнай падтрымкі беларускай дэмакратыі”.
XS
SM
MD
LG