Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна выступае супраць ізаляцыі Беларусі, мірыць яе з Польшчай


Юры Сьвірко, Кіеў Сёньня ў Кіеве адбыліся перамовы ўкраінскага міністра замежных справаў Барыса Тарасюка са старшынём бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Ежы Барам і дзяржсакратаром рады бясьпекі Генадзем Нявыгласам. Спадар Тарасюк абвясьціў, што “дасягнутыя вынікі”, якія будуць пададзеныя прэзыдэнтам трох краін.

Кіраўнік украінскага МЗС у інтэрвію Радыё Свабода пацьвердзіў, што на перамовах сярод іншых абмяркоўваўся беларуска-польскі канфлікт, і паведаміў, што дасягнутыя вынікі будуць абнародаваныя на наступным тыдні.

У афіцыйным паведамленьні МЗС Украіны гаворыцца, што на трохбаковай сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні памежнага супрацоўніцтва ў рамках Эўрарэгіёну “Буг”, у галіне эканомікі, культуры ды гуманітарнай сфэры. “Бакі канстатавалі, што разьвіцьцё сувязяў у трохбаковым фармаце можа стаць важкім унёскам ва ўмацаваньне рэгіянальнай стабільнасьці, а таксама спрыяць пашырэньню ўзаемадзеяньня паміж сяброўскімі народамі трох краін”, – паведаміла ўкраінскае дыпляматычнае ведамства.

Яго кіраўнік Барыс Тарасюк на прэсавай канфэрэнцыі практычна паўтарыў тое самае, але дадаў:

(Тарасюк: ) “Мы дасягнулі пэўных вынікаў. Вынікі нашых абменаў думкамі будуць перададзеныя прэзыдэнтам трох краін. Толькі пасьля таго, як яны будуць ухваленыя, мы можам абвясьціць гэтыя вынікі”.

Барыс Тарасюк дадаў, што лічыць сустрэчу надзвычайна карыснай і пазытыўнай паводле яе вынікаў.

Дзяржаўнае агенцтва навінаў Укрінформ раніцай перадало, што “паводле неафіцыйных крыніцаў, Украіна выступіць у ролі пасярэдніка ва ўрэгуляваньні канфліктнай сытуацыі, якая паўстала ў польска-беларускіх адносінах у пытаньнях нацыянальнай меншасьці Польшчы ў Беларусі”. А недзяржаўнае агенцтва “Українські новини” паведаміла, спасылаючыся на польскую дыпляматычную крыніцу, што “галоўная тэма перамоваў – гэта Беларусь”. Гэтая ж польская крыніца паведаміла, што мова ідзе “пра пасярэдніцтва Ўкраіны ў польска-беларускім канфлікце”.

(Тарасюк: ) “Так, гэтая тэма таксама была”.

(Карэспандэнт: ) “А тут былі вынікі – што да канфлікту?”

(Тарасюк: ) “Давайце пачакаем”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі?”

(Тарасюк: ) “Я думаю, да наступнага тыдня”

Апрача перамоваў з Барысам Тарасюком, кіраўнікі апаратаў польскай і беларускай радаў бясьпекі мелі сустрэчу са сваім украінскім калегам Анатолем Кінахам, які заняў пасаду сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі й абароны Ўкраіны на гэтым тыдні. Да гэтага спадар Кінах быў першым віцэ-прэм''ерам, а яшчэ раней, падчас прэзыдэнцтва Леаніда Кучмы, прэм''ер-міністрам.

Анатоль Кінах заявіў, што Кіеў пазытыўна ацэньвае аднаўленьне трохбаковага дыялёгу, і дадаў: “Мы разглядаем наш дыялёг, і гэта вельмі дакладная палітычная пазыцыя Ўкраіны, як намаганьні ў недапушчэньні нават спробаў у той ці іншай ступені міжнароднай ізаляцыі Беларусі”. Варта зазначыць, што міністар замежных справаў Барыс Тарасюк такіх гучных заяваў не рабіў, а нядаўна падпісаны Віктарам Юшчанкам указ зазначае, што з заявамі на замежнапалітычныя тэмы могуць выступаць толькі тры асобы – прэзыдэнт, прэм''ер-міністар і кіраўнік МЗС Украіны.

Сакратар ўкраінскае рады нацбясьпекі, які ў гэты пералік не ўваходзіць, тым ня менш заявіў, што Кіеў і надалей будзе актыўна браць удзел у дзеяньнях, накіраваных на тое, каб Беларусь прысутнічала ва ўсіх міжнародных падзеях, у арганізацыях накшталт АБСЭ ды Цэнтральна-эўрапейскай Ініцыятывы. Гэтую заяву Анатоль Кінах зрабіў у дзень, калі была абнародваная рэзалюцыя Эўрапейскага парлямэнту з крытыкай становішча ў Беларусі.

Анатоль Кінах адзначыў, што Ўкраіну, Беларусь і Польшчу аб''ядноўваюць шматлікія фактары, сярод якіх унікальнае геаграфічнае становішчае гэтых краінаў. Паводле Кінаха, вельмі пэрспэктыўнымі для супрацоўніцтва зьяўляюцца пытаньні транзыту ў кірунку Балтыка – Чорнае мора, пытаньні ўмацаваньня супольнай энэргетычнай бясьпекі, пэрспэктывы рэалізацыі нафтатранспартнага калідора Адэса-Броды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG