Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі камэнтуюць рэзалюцыю Эўрапарлямэнту?


Альгерд Невяроўскі, Менск Зь беларускімі праўладнымі й апазыцыйнымі палітыкамі наконт сёньняшняй рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту гутарыў наш карэспандэнт.

Афіцыйнага камэнтара Міністэрства замежных справаў Беларусі адносна рэзалюцыі Эўрапарлямэнту пакуль яшчэ не было. А вядомы сваімі радыкальнымі выказваньнямі на адрас Захаду дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян пракамэнтаваў рэзалюцыю гэтак:

(Касьцян: ) “Сабака брэша — караван ідзе. Гэта адбываецца таму, што ў Эўрапарлямэнце ўзмацняецца фашысцкая ідэалёгія і фашысцкая прапаганда. Я ўжо не адзін раз падкрэсьліваў: Эўропа зь невялікай купкай палітыкаў праводзіць фашысцкую ідэалёгію і фашысцкую зьнешнюю палітыку”.

Міжнародны каардынатар грамадзкай ініцыятывы “Хартыя-97”, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў назваў рэзалюцыю прадказальнай. На ягоную думку, галоўнае — як палажэньні гэтага дакумэнта будуць рэалізаваныя на практыцы:

(Саньнікаў: ) “Даволі прадказальная рэзалюцыя. Але ж незразумела, ці пойдуць і кіраўніцтва Эўразьвязу, і асобныя краіны на больш эфэктыўныя меры. Таму што цяпер відавочна, што сытуацыя падышла да вельмі небясьпечнай рысы. Беларускія ўлады прыстасаваліся да тых словаў, што гучаць на іх адрас з боку Эўразьвязу, з боку асобных краінаў, з боку Злучаных Штатаў, і не заўважаюць тых жорсткіх ацэнак, якія робяцца. Таму цяпер патрэбныя больш дзейсныя меры і патрэбнае абмеркаваньне таго, што можа паўплываць на сытуацыю ў Беларусі. А гэта могуць быць меры, скіраваныя на асобных чыноўнікаў, на вышэйшае кіраўніцтва Беларусі”.

Пры гэтым спадар Саньнікаў дадаў, што Эўропе варта было б замарозіць важныя для беларускіх уладаў эканамічныя кантакты.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прыняцьцё рэзалюцыі назваў падтрымкай Эўропай Кангрэсу дэмакратычных сілаў:

(Лябедзька: ) “Напярэдадні Кангрэсу прыняцьцё такой рэзалюцыі можна ацэньваць як палітычную падтрымку самога форуму. Зь іншага боку, што тычыцца рэалізацыі тых пунктаў, якія закладзеныя ў рэзалюцыю, то гэта пытаньне няпростае. Мы ведаем, што ёсьць шмат прынятых рэзалюцыяў. Там былі закладзеныя добрыя памкненьні, але ў парлямэнцкіх структураў далёка не заўсёды ёсьць эфэктыўны інструмэнт іх рэалізацыі. І гэта ўжо зьвязана з палітычнай воляй тых, хто прымае гэтыя рэзалюцыі, даводзіць іх да лягічнага завяршэньня. Я думаю, што сярод парлямэнцкіх структураў Эўрапейскі парлямэнт — найбольш дынамічная структура, у іх ёсьць пэўныя мэханізмы ўзьдзеяньня на тую ж Эўрапейскую камісію. Ёсьць спадзяваньне, што пытаньне прарыву інфармацыйнай блякады, а таксама кропкавыя санкцыі адносна чыноўнікаў, якія парушаюць міжнародныя дакумэнты і Канстытуцыю, — гэта можа быць рэалізавана”.

Гл. таксама • Эўрапарлямэнт прапануе ўвесьці бясплатныя візы для беларусаў • Поўны тэкст рэзалюцыі Эўрапарлямэнту
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG