Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль падтрымае дэмакратыю ў Беларусі


Алена Струвэ, Менск У Страсбуры пераважная большасьць эўрапейскіх парлямэнтароў падтрымала папраўку фракцыі “зялёных” што да фінансавай падтрымкі Брусэлем дэмакратычнага разьвіцьця ў Беларусі. У размове са “Свабодай” аўтарка гэтай папраўкі, а таксама адна з распрацоўніц дакумэнту па Беларусі нямецкая дэпутатка Элізабэт Шродтэр сказала: “Рэзалюцыю ўхваліла пераважная большасьць парлямэнтароў. Было толькі некалькі крытычных выступаў, у тым ліку мой”.

(Шродтэр: ) “Прыемна, што дакумэнт рэзалюцыі ўхвалены, што яго падтрымала большасьць дэпутатаў, што большасьцю галасоў была прынятая папраўка фракцыі “зялёных” да параграфа 12. Размова ідзе пра інструмэнтар падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі з боку Эўразьвязу. У часе ўчорашніх дэбатаў я сказала, што кіраўніцтва Эўразьвязу выкарыстала далёка ня ўсе сродкі дзеля пераадоленьня складанай сытуацыі ў Беларусі. Размова ідзе як пра дыпляматычны, так і пра фінансавы інструмэнтар.

Напрыклад, бюджэтам Эўразьвязу прадугледжаная падтрымка дэмакратычнага і эканамічнага разьвіцьця краінаў-суседзяў. Аднак Беларусь ніяк ня можа скарыстацца падобнай фінансавай дапамогай, таму што на афіцыйным узроўні няма ніякага жаданьня да падобнага разьвіцьця. Канечне ж, мы павінны шукаць самыя розныя шляхі дзеля таго, каб падобныя эўрапейскія праграмы ўсё ж запрацавалі. Вось вакол гэтай фінансавай падтрымкі і былі дыскусіі. У сваім выступе я зазначыла, што эўрапейскія структуры павінны выкарыстаць усе магчымасьці, каб удзел дэмакратычных сілаў у выбарах быў паўнавартасным, каб дэмакратычныя сілы Беларусі прыйшлі да выбараў больш моцнымі”.

(Карэспандэнтка: ) “У часе ўчорашніх дэбатаў дэпутаты таксама ўхвалілі і наступную ініцыятыву фракцыі “зялёных”.

(Шродтэр: ) “Я, напрыклад, лічу, што двух конкурсаў Эўракамісіі на мэдыйныя праекты для Беларусі яўна недастаткова. Таму я прапанавала, каб Рада Эўразьвязу, Эўракамісія знайшлі дадатковыя рэсурсы для падтрымкі іншых незалежных журналісцкіх праектаў. Размова ідзе як пра стварэньне новых мэдыяў, так і пра замежныя стажыроўкі беларускіх журналістаў. Гэтая пазыцыя была вельмі станоўча ўспрынятая дэпутатамі. Дарэчы, большасьць парлямэнтароў далі добрую ацэнку будучаму альтэрнатыўнаму вяшчаньню для Беларусі, якое хутка распачне нямецкая станцыя “Deutsche Welle”. Толькі адна латвійская дэпутатка ды адзін польскі парлямэнтар зноў узьнялі тэму расейскай мовы на “Deutsche Welle”. Астатнія гэтай тэмы не ўздымалі, бо дыскусіі вакол будучых беларускіх праграмаў гэтай станцыі скончыліся, паколькі праграмы будуць выходзіць у тым ліку і па-беларуску. Большасьць дэпутатаў, аднак, падкрэсьліла, што гэтага інфармацыйнага аб’ёму недастаткова. У цэлым абмеркаваньне праекту рэзалюцыі праходзіла спакойна. Было некалькі крытычных выступаў, і мой голас належаў да гэтых галасоў”.

Гл. таксама • Эўрапарлямэнт прапануе ўвесьці бясплатныя візы для беларусаў • Поўны тэкст рэзалюцыі Эўрапарлямэнту
XS
SM
MD
LG