Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму былі скасаваныя дамовы з “Народнай Воляй”?


Ганна Соусь, Менск Былы міністар інфармацыі, а цяпер дырэктар “Белсаюздруку” Міхаіл Падгайны тлумачыць для Радыё Свабода, чаму гэта ўнітарнае прадпрыемства скасавала дамову з газэтай “Народная Воля”.

(Падгайны: ) “У нас ёсьць такая падстава і права. У адпаведнасьці з нашым пагадненьнем, калі ёсьць парушэньні заканадаўства Беларусі — Закону аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі, то мы маем права скасаваць дамоўленасьці. Тры парушэньні, не абскарджаныя ў судзе, былі на працягу гэтага году. Адно па 5-м артыкуле Закону аб друку, і два — па 32-м артыкуле. І апошняе неабскарджанае ў судзе распаўсюджаньне ад пачатку недакладнай інфармацыі.

Яны могуць зьвярнуцца ў суд, што мы ня мелі рацыі, і што падставаў у нас не было. Калі суд прыме такое рашэньне, то мы будзем вымушаныя зноў заключыць дамову. Хаця гэта нармальная зьява. Калі б гэта тычылася не газэты, а, напрыклад, мыла, шампуню ці чаго-небудзь іншага, то ніякіх пытаньняў не ўзьнікае. Мы ж гандлёвая кропка. Можам браць тавар, а можам ня браць. Сёньня ў Беларусі на адну дзяржаўную кропку прыходзіцца тры-чатыры недзяржаўныя распаўсюднікі друку. Таму пытаньняў з распаўсюдам у іх ня будзе, я думаю”.

А вось як патлумачыў нашаму радыё прычыны скасаваньня дамовы з “Народнай Воляй” дырэктар “Менаблсаюздруку” Юры Хмыроў:

(Хмыроў: ) “Рэалізацыя газэты нам не зусім рэнтабэльная. Пакупніцкі попыт ня вельмі высокі. Таму мы на кастрычнік прыпыняем распаўсюд каля 78 газэтаў. Там ёсьць і нейкія рэцэпты, і здароўе… Мы ўжо ня ведаем, дзе выкласьці якую газэту. Пакуль вырашылі ў кастрычніку прыпыніцца, адпачыць, а потым далей будзем замаўляць ужо”.

Тлумачэньне Ігара Дудзіча, дырэктара прадпрыемства “Менгарсаюздрук”, якое таксама скасавала дамову з “Народнай Воляй”, было больш ляканічнае:

(Дудзіч: ) “У надрукаванай “Народнай Волі” усё відаць, чаму… У Міністэрстве інфармацыі ўдакладняйце, там ёсьць папярэджаньні, якія давалі “Народнай Волі”.

А дырэктар друкарні “Чырвоная зорка” Ігар Маланяк тлумачыць скасаваньне дамовы з “Народнай Воляй” выключна эканамічнымі прычынамі. Як адзначаецца ў дасланым у рэдакцыю лісьце, запазычанасьць “Народнай Волі” перад друкарняй на 28 верасьня складала 2 мільёны 476 тысяч 774 рублі.

(Маланяк: ) “Ёсьць жа ў лісьце спасылка на пэўны пункт — умовы аплаты”.

Ігар Маланяк запэўніў Радыё Свабода, што “Народная Воля” мае права друкаваць газэту ў друкарні “Чырвоная зорка” 30 верасьня да 24 гадзіны.

Сёньня ж у рэдакцыю “Народнай Волі” прыйшла службовая тэлеграма наступнага зьместу: “Тэлеграма, пададзеная вамі 28 верасьня А.Р.Лукашэнку, уручаная 29 верасьня ў канцылярыю Курчатавай”. Нагадаю, што ўчора галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч накіраваў тэлеграму Аляксандру Лукашэнку. У ёй журналіст і выдавец патрабаваў, каб спадар Лукашэнка “спыніў бюракратычнае бязладьдзе і свавольства чынавенства”.

Радыё Свабода пацікавілася ў прэсавага сакратара прэзыдэнта Паўла Лёгкага, ці азнаёміўся Аляксандар Лукашэнка з тэлеграмай Іосіфа Сярэдзіча. Спадар Лёгкі адказаў, што гэтае пытаньне не ў ягонай кампэтэнцыі, паколькі пошта прэзыдэнта не праходзіць празь ягоныя рукі.
XS
SM
MD
LG