Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16-ты дзень кожнага месяца – Дзень салідарнасьці з ахвярамі рэжыму


Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэр грамадзкага руху “Мы памятаем” Ірына Красоўская, журналістка Ірына Халіп і актывіст руху “Зубр” Мікіта Сасім заклікалі грамадзянаў краіны праявіць салідарнасьць зь сем’ямі зьніклых асобаў, а таксама з журналістамі і палітыкамі, якіх перасьледуюць беларускія ўлады. Чарговую акцыю салідарнасьці яны прапануюць правесьці 16 кастрычніка.

Абвясьціць 16-ты дзень кожнага месяца Днём салідарнасьці з ахвярамі беларускага рэжыму прапануюць жонка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірына, журналістка Ірына Халіп, якую неаднаразова перасьледавалі ўлады, і “зубровец” Мікіта Сасім, якога нядаўна зьбіў менскі АМОН. Гэтую ініцыятыву яны агучылі на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў арганізацыі “Хартыя-97”. Паводле іх, акцыя салідарнасьці мусіць быць мірнай, але запамінальнай. А 8-й гадзіне вечара прапануецца на 15 хвілін выключыць сьвятло ў сваіх кватэрах і запаліць сьвечкі.

Беларуская журналістка Ірына Халіп гэтак патлумачыла ініцыятыву правядзеньня рэгулярных дзён салідарнасьці:

(Халіп: ) “Гэта ня наша помста — маўляў, мы былі зьбітыя і цяпер будзем заклікаць людзей да рэвалюцыі і помсты. Не. Мы заклікаем людзей да салідарнасьці, бо калі мы ўсьвядомім, што нас большасьць, мы перастанем баяцца, і з намі ніхто нічога дрэннага ня зробіць”.

Ірыну Халіп некалькі разоў затрымлівалі і зьбівалі беларускія міліцыянты. Нядаўна з пракуратуры Беларусі Ірыне паведамілі, што ёй вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне: у яе артыкуле сьледчыя ўбачылі “прыкметы заклікаў да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу”.

Ірына Красоўская днямі вярнулася з Жэнэвы, дзе брала ўдзел у працы Камітэту ААН у справе палітычных зьнікненьняў людзей. Ня толькі ў Беларусі, але і шмат у якіх краінах сьвету, уключна з Эўропай, гэтая праблема стаіць вельмі востра. Камітэт рыхтуе тэкст Канвэнцыі аб калектыўных захадах дзеля недапушчэньня гэтай зьявы і пакараньня вінаватых. Ірына Красоўская нагадала прадстаўнікам беларускай улады, што, паводле дакумэнту ААН, адказнымі за палітычныя зьнікненьні будуць лічыцца ня толькі іх непасрэдныя выканаўцы і арганізатары, але і тыя, хто хаваў праўду пра гэтыя злачынствы. Ірына Красоўская лічыць, што ў Беларусі большасьць людзей спачувае гору такіх, як яна, і разьлічвае на іх падтрымку.

(Красоўская:) “Ведаю, што нават тыя людзі, якія не выходзяць на плошчы, адкрыта не пратэстуюць, памятаюць пра гэтыя дні. Маці Анатоля Красоўскага атрымала сотні паштовак 16 верасьня. Да мяне часта на вуліцах падыходзяць незнаёмыя людзі і прапануюць падтрымку. Таму я лічу, што тых, хто нам спачувае, большасьць”.

* * * 16 верасьня 1999 году былі скрадзеныя невядомымі апазыцыянэры Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Калі сёлета ў гэты дзень людзі выйшлі на Кастрычніцкую плошчу сталіцы з партрэтамі зьніклых, іх разагнаў менскі АМОН. Удзельнік акцыі Мікіта Сасім быў зьбіты і трапіў у шпіталь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG