Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прапануе ўвесьці бясплатныя візы для беларусаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Страсбуры Эўрапейскі парлямэнту ўхваліў рэзалюцыю ў справе Беларусі, дзе ў прыватнасьці гаворыцца, што “замест паляпшэньня, ў Беларусі сытуацыя наадварот пагоршылася -- правы чалавека груба парушаюцца”, а таксама ўтрымліваецца заклік увесьці бясплатныя візы для беларусаў для ўезду у краіны Эўразьвязу.

У прэамбуле ўхваленай дэпутатамі рэзалюцыі гаворыцца, што Эўрапарлямэнт бярэ пад увагу пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, закрыцьцё уладамі незалежных мэдыяў, грамадзкіх арганізацыяў, арышты за палітычныя перакананьні, перасьлед прадстаўнікоў нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў, а таксама факт, што кіраўнік Беларусі цалкам кантралюе эканамічнае жыцьцё краіны. У прэамбуле падкрэсьлена, што пазыцыі Рады Эўрапейскага зьвязу што да Беларусі “не хапае рашучасьці і пасьлядоўнасьці”.

У сувязі з гэтым у 20 пунктах уласна рэзалюцыі, Эўрапейскі парлямэнт рашуча асуджае “масавыя атакі беларускага рэжыму супраць мэдыяў, журналістаў, актывістаў меншасьцяў, праваабаронцаў, апазыцыянэраў і ўсіх, хто спрабуе адкрыта крытыкаваць прэзыдэнта і рэжым”. У рэзалюцыі асобна выдзеленыя выпадкі перасьледу пратэстантаў, актывістаў Саюзу палякаў Беларусі, прадстаўнікоў цыганскай меншасьці ў Беларусі, а таксама адмова групе дэлегатаў Эўрапейскага парлямэнту ва ўезьдзе на беларускую тэрыторыю.

Дэпутаты заклікалі Эўрапейскую камісію распрацаваць праграму стыпэндыяў для недзяржаўных арганізацыяў, праваабаронцаў і актывістаў арагнізацыяў нацыянальных меншасьцяў.

“Калі беларускія ўлады не палепшаць сытуацыю што да свабоды слова, аб’яднаньняў і рэлігіі, Камісія, Рада і Парлямэнт Эўрапейскага зьвязу павінны пачаць працэдуру ўнясеньня прозьвішчаў прадстаўнікоў беларускіх уладаў у сьпісы асобаў, якім забаронены уезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі павінны ўключаць замарожваньне грашовых сродкаў улады, якія знаходзяцца за мяжой”, --гаворыцца ў рэзалюцыі.

Адначасова дэпутаты заклікалі ўсе краіны, што ўваходзяць у склад аб’яднанай Эўропы, выдаваць грамадзянам Беларусі бясплатныя візы.

У рэзалюцыі гаворыцца, што “Эўрапарлямэнт чарговы раз падкрэсьлівае, што далейшае разьвіцьцё дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларуссьсю будзе залежаць ад дэмакратызацыі і рэформаў у Беларусі, а таксама забесьпячэньня ўсім грамадзянам доступу да аб’ектыўнай інфармацыі і пашаны да правоў і свабодаў нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў”.

Дэпутаты віталі рашэньне Эўрапейскай камісіі накіраваць у Беларусь адмысловую дыпляматычную місію, а таксама выдзяліць дадатковыя сродкі для незалежных мэдыяў у Беларусі, але адначасова падкрэсьлілі, што Камісія павінна наколькі магчыма павялічыць памеры гэтай дапамогі і “дапасоўваць сродкі дапамогі да бягучай сытуацыі ў Беларусі”.

У рэзалюцыі гаворыцца таксама, што Рада Эўрапейскага зьвязу і Эўракамісія павінны “узьняць беларускае пытаньне” у перамовах з расейскімі ўладамі.

Дэпутаты заклікалі эўрапейскія палітычныя партыі ўзмацніць кантакты і дапамогу беларускай апазыцыі.

Варта адзначыць, што на пачатку было прапанавана 6 праектаў рэзалюцыі ў справе сытуацыі ў Беларусі – свой тэкст запрапанавала кожная з фракцыяў Эўрапарлямэнту, але пазьней атрымалася выпрацаваць агульны тэкст, які падтрымалі ўсе палітычныя сілы.

“Гэта сьведчыць аб вялікай салідарнасьці дэпутатаў Эўрапарлямэнту што да беларускіх справаў”, -- адзначыў старшыня дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі Богдан Кліх.

Чытайце поўны тэкст рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па-беларуску
XS
SM
MD
LG