Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадзелы


Ягор Маёрчык, Перадзелы, Ганцавіцкі раён, Берасьцейшчына Новая перадача сэрыі “Падарожжы Свабоды” (эфір 29 верасьня)

Ад хутара Тэклі Бабко да радыёлякацыйнай станцыі “Волга” усяго пара кілямэтраў. І гэта пры тым, што жыць бліжэй за 40 кілямэтраў да крыніцы моцнага электрамагнітнага выпраменьваньня небясьпечна для жыцьця.

(Карэспандэнт: ) “Даўно тут жывяце?”

(Бабко: ) “Увесь век жыву”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі вам гадоў?”

(Бабко: ) “Чорт яго ведае! Можа, якіх сто, а мо і дзевяноста”.



(Карэспандэнт: ) “А здароўе як?”

(Бабко: ) “Цэлую ноч ня спала. Так галава баліць, што немагчыма. У галаве барабаніць. Галаву нібыта адбірае. Якое тут здароўе? Няма ніякага здароўя! Ногі пакруціла і пакрывіла, яны баляць”.

(Карэспандэнт: ) “Тут дзесьці вайскоўцы ёсьць, і там гарадок нейкі...”

(Бабко: ) “Ёсьць, так у лесе. Тут вялікія будынкі, тут шмат людзей працуе, сюды ў заробкі прыяжджаюць, і нашы вясковыя людзі ідуць на ваеншчыну”.

(Карэспандэнт: ) “Гэты аб’ект шкодны, і ля яго нельга знаходзіцца”.

(Бабко: ) “Каб было шкодна, там бы людзі не працавалі, людзей бы там столькі не было. Каб станцыя забівала, пазабівала б тых, што там робяць”.

РЛС “Волга” знаходзіцца на мяжы Клецкага раёну Меншчыны і Ганцавіцкага на Берасьцейшчыне. Гэтая расейская ваенная станцыя выконвае функцыю раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе на Расею і адсочвае запускі балістычных ракетаў у паўночных частках Атлянтычнага і Індыйскага акіянаў. Сочаць за паветранай і касьмічнай прасторай пры дапамозе велізарнага экрана-лякатара, які выпраменьвае электрамагнітныя хвалі.



У Габалінскім раёне Азэрбайджану ёсьць станцыя такая самая, як і беларуская “Волга”. Эколягі зазначаюць, што ў тамтэйшым навакольлі высахлі дрэвы і зьніклі нават стойкія да электрамагнітнага ўзьдзеяньня пчолы і сьлімакі.

Побач з хутарам бабы Тэклі ёсьць яшчэ адзін — тут жыве пэнсіянэр Антон Карпіевіч. Ён пчаляр. На сёлетні ўраджай мёду ня скардзіцца. Праўда, стары зазначае, што з кожным годам сем’яў становіцца ўсё меней і меней. Кажа, што мруць пчолы зь невядомай прычыны.



(Карпіевіч: ) “Нічога. Ужо не магу хадзіць. Правую нагу адабрала, а тут яшчэ і левую адабрала. Прысяду — не магу падняцца, лягу — не магу падняцца”.

(Карэспандэнт: ) “А порткі ў вас вайсковыя адкуль?”

(Карпіевіч: ) “Гэта мне з гарадка даюць. Яны там выкідаюць і мне сюды прыносяць”.

(Карэспандэнт: ) “А што гэта за гарадок?”

(Карпіевіч: ) “Вайсковы аб’ект. Там у ім афіцэраў і жаўнераў дзяжураць пад дзьвесьце чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “Я чуў пра гэты аб’ект, што ён...”

(Карпіевіч: ) “...шкодны для прылеглых вёсак. Яшчэ раней, як яго будавалі, такое казалі”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі ведаюць, што ён шкодны і небясьпечны?”

(Карпіевіч: ) “Ведаюць”.

(Карэспандэнт: ) “А вам не прапанавалі куды-небудзь выселіцца?”

(Карпіевіч: ) “Не. Ніхто нічога не прапаноўваў. Тут пару чалавек засталося. Мы і так памрэм”.



Радыёлякацыйная станцыя абкружаная лясамі і балотамі. Уражваюць памеры. Антэны відаць за дзясяткі кілямэтраў. А з блізкай адлегласьці гэта шматпавярховы гмах, агароджаны некалькімі платамі. У дадатак — сыстэма відэаназіраньня. Навокал не пачуеш сьпеваў птушак. Лес тут поўніцца гулам ад працы экрана-лякатара.

Побач з аб’ектам раскідана некалькі паселішчаў. Агульная колькасьць жыхароў — пара тысяч чалавек. За 3 кілямэтры — вёска Перадзелы з паўсотняй насельнікаў, пераважна пэнсіянэраў. Стары Іван Ганчар сядзіць на лаўцы ды смаліць цыгарэтку.

(Ганчар: ) “Краму ў нас зачынілі, і нас абслугоўвае аўталаўка. Яны хлеба прывязуць, а цыгарэты забудуць. Лянуюцца лішнюю бутэльку напою ўзяць! І нахабна заяўляюць, што яны толькі хлеб абавязаныя вазіць. Яны могуць цукру не прывезьці. Маўляў, я мінулым разам прывозіла мех цукру, і ніхто ня ўзяў… Ды яшчэ так па-хамску кантактуюць. “Я вам вазіць не абавязаная”. А каўбасу прывозяць — адны хвосьцікі. Мне цікава, куды дзяваецца сярэдзіна?! А папулярныя тавары, рыбу і кільку, сюды не прывозяць”.



(Карэспандэнт: ) “Тут ля вас ёсьць радыёлякацыяйная станцыя. Вы пра гэта ведаеце?”

(Ганчар: ) “Ведаю. Гавораць, што там радыяцыя і гэта шкодна. Праўда гэта ці не — ня ведаю, у нас тут пляткароў хапае. Кожны стараецца быць разумным, а я ім ня надта веру”.

(Карэспандэнт: ) “Мясцовыя ўлады нешта кажуць з гэтай нагоды?”

(Ганчар: ) “Ужо два гады, як тут старшыня сельсавету была. Ніякай улады я ня бачу! Адно бабу сваю бачу. Гэта і ёсьць мая ўлада!”

У прагалах між хатамі відаць вясковыя палеткі. На адным з такіх загонаў капае бульбу кабета гадоў сямідзесяці. Падышоў і разгаварыўся. Старая наракае, што ўраджай сёлетні нічога ня варты: на пачатку лета вымачыла, а пасьля папаліла сонцам. Раней, кажа, бульбу і малако набывалі вайскоўцы. Цяпер у іх гарадку ёсьць свае крамы, і ў вёскі яны наведваюцца зрэдчас.

(Спадарыня: ) “Закінутыя нашы Перадзелы. Людзі ўжо паўміралі, тут мала людзей засталося. Кароваў у нас мала, але нешта нам з боку калгасу нічога не даюць, сена не даюць”.

(Карэспандэнт: ) “А прасілі?”

(Спадарыня: ) “Канечне. Кажуць: “Бяры палоць дзялку буракоў”. А калі мне ўжо 70 гадоў, я не магу!”

(Карэспандэнт: ) “А як у людзей са здароўем?”

(Спадарыня: ) “Слаба. А якое здароўе можа быць у 70 гадоў. У нас няма ніякай дастаўкі. Два разы на тыдзень ходзіць аўтобус да Ганцавічаў. Мы сядаем у 9.30. Ён абыходзіць чатыры сяла. І мы дабіраемся да шпіталю ў 11.30. Прыяжджаем да ўрачоў, а там усё кругом занятае, усюль чарга. Аналізы паздаваць... і тое мы ня можам. У мяне хваробаў багата, але дзе ж ты імі будзеш займацца — трэба гэтую няшчасную бульбу драць”.

(Карэспандэнт: ) “Тут побач вайсковая станцыя...”

(Спадарыня: ) “Там у лесе радыяцыя”.

(Карэспандэнт: ) “На станцыі?”

(Спадарыня: ) “Так. Як пачыналі будаваць вайсковую частку, трэба нашу вёску было прыбраць адсюль. Можа б, якія людзі яшчэ і пражылі”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат памірае?”

(Спадарыня: ) “Так, паміраюць”.

(Карэспандэнт: ) “А ці патрэбная тут гэтая станцыя?”

(Спадарыня: ) “Для нас? Мы ня ведаем. Нам не тлумачаць, што гэта такое. Мы непісьменныя — верым таму, што нам кажуць”.

Вячаслаў Шут пабачыў нетутэйшага чалавека і вырашыў пацікавіцца, хто такі і што тут робіць. Падышоў да мяне. Я прадставіўся і патлумачыў мэту вандроўкі. Дзяцюк узрадаваўся і папрасіў “паказаць па тэлевізіі ягоны дом”. Паказаць не пакажу, а даць магчымасьць выказацца — гэта калі ласка.

(Шут: ) “У мяне шматдзетная сям’я — трое дзяцей. У мяне “чарнобыльскі” домік. Абяцалі даць крэдыт для заканчэньня будаўніцтва дому. Крэдыту мне ня далі. Я будаўніцтва свайго катэджу заканчваў дванаццаць гадоў. Там унутры нічога не пароблена. Нават вокнаў няма”.

(Карэспандэнт: ) “Ідзе зіма, і нешта трэба вырашаць...”

(Шут: ) “Я хачу, пакуль няма зімы, паставіць вокны. Паехаў на дрэваапрацоўчы камбінат — “Няма штапікаў. Чакайце. Прывязуць, будзем рабіць”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе вы працуеце?”

(Шут: ) “У калгасе”.

(Карэспандэнт: ) “Калгас на нагах трымаецца?”

(Шут: ) “Каму на нагах, а каму і на каленях. Палучка была 180 тысяч. А “дзіцячыя” яшчэ за два месяцы не аддалі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці магчыма ўладкавацца на працу на вайсковую станцыю? Можа, варта было б паспрабаваць”.

(Шут: ) “Не хачу. Куды вароне не ляцець, усё адно гаўно кляваць. Як я паеду працаваць на станцыю, калі ў мяне два пэнсіянэры на руках, у цешчы ногі хворыя, жонка з малым, і двое дзяцей на шыі сядзяць. Куды я паеду?”

(Карэспандэнт: ) “Калі яе тут будавалі, у людзей нешта пыталі?”

(Шут: ) “Хто тут каго пытаў?! Зрабілі яе ў балоце. Там яна і стаіць. А што я, просты калгасьнік, вам раскажу, калі там усё сакрэтнае?”

Тутэйшая калектыўная гаспадарка сее і вырошчвае ўсяго патроху. На экалягічную чысьціню прадукцыі прысутнасьць радыяёлякацыйнай станцыі не ўплывае. Працаздольныя жыхары навакольных паселішчаў імкнуцца ўладкавацца ў частку. Там патрэбныя людзі мірных прафэсіяў: электрыкі, кухары ды іншыя. Плацяць ім, паводле вясковых мерак, вельмі нават няблага — недзе пад 300 даляраў. Ахвотных мець такі заробак хапае. На тых, хто працуе на расейскай вайсковай базе, паглядаюць зайздросна. Яны, у сваю чаргу, трымаюцца важна. На пытаньні адказваюць маўчаньнем.



Жыхарка Перадзелаў Аліна Гардзей. Спачатку пра сваю ўнучку, а пасьля пра ўласнае здароўе:

(Гардзей: ) “У той вайсковай частцы мая ўнучка працуе кухарам”.

(Карэспандэнт: ) “Што распавядае?”

(Гардзей: ) “Нічога! У яе запытайся — кажа, што гэтага вам ведаць ня трэба. Там усё сакрэтна, засакрэчаная зона”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі ведаюць, што яна шкодная для здароўя?”

(Гардзей: ) “А можа, ад яе і нам так зрабілася? Два калекі, ногі адняліся, на кійках ходзім”.

(Карэспандэнт: ) “І даўно вы так пакутуеце?”

(Гардзей: ) “Гады тры. А ў нас як пэнсіянэр, хадзіць зусім ня можа: ногі ды галовы баляць. А халера яго ведае, ад чаго гэтая бяда?”

(Карэспандэнт: ) “Шмат чуў такога, што лес навокал станцыі высыхае”.

(Гардзей: ) “Сапраўды — калі адно дрэва жывое, то на яго прыходзіцца дзесяць сухастоін”.



Пра пагрозу электрамагнітнага выпраменьваньня ў прылеглых да радыёлякацыйнай станцыі “Волга” вёсках мала хто ведае. У лепшым выпадку небясьпеку тут называюць “радыяцыяй”. Тубыльцы спрэс наракаюць на слабыя ногі і боль у галовах. Праўда, праблемы са здароўем і прысутнасьць расейскага вайсковага аб’екту наўпрост ня зьвязваюць.

Радыёлякацыйная станцыя перададзеная ў карыстаньне касьмічным войскам Расеі на 25 гадоў. Ад дня пачатку баявога дзяжурства прайшло тры гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG