Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 29 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Полесская правда”, 1925 год. Правілы разьмеркаваньня прызыўнікоў:

“Пяхота. У пяхотныя часьці павінны быць прызваныя цалкам здаровыя людзі, ростам не ніжэй за 153 сантымэтры, абавязкова з моцнымі нэрвамі, добрым слыхам, пісьменныя, разумова і палітычна разьвітыя. Пры недахопе пісьменных, дазваляецца прызначаць у пяхотныя часьці і непісьменных, але ня больш за 10 працэнтаў. Коньніца. Рост у межах 160—174 сантымэтраў, з вагой ня больш за 73 кіляграмы, целасклад моцны, мускулісты, не каратканогія, зь ліку тых, што маюць досьвед догляду коней, а таксама веды кавальскія і шорныя. Пісьменных 90 працэнтаў, рабочых — 12 працэнтаў. Абавязковая ўмова пры назначэньні ў кавалерыю — не разыходжаньне пятаў падчас становішча стоячы”.

“Беларуская крыніца”, 1935 год:

“З прычыны звароту Камуністычнай Партыі Зах. Беларусі (КПЗБ) да Цэнтральнага Ўраду Бел. Інстытуту Гасп. і Культуры з прапазыцыяй супрацоўніцтва з ёю на палітычным грунце. Цэнтральны Ўрад БІГіК паведамляе ўсе свае аддзелы і гурткі, што на сваім паседжаньні дня 22.ІХ. г.г. пастанавіў, як непалітычная арганізацыя, адхіліць гэтую прапазыцыю КПЗБ і ў ніякія перагаворы на гэтую тэму з ёю не ўваходзіць… Старшыня Інстытуту кс. В.Гадлеўскі. Сакратар Інстытуту Уладзіслаў Казлоўскі”.

“Звязда”, 1995 год. Галоўны рэдактар “Народнай газеты” Мікалай Галко пра свабоду прэсы ў Беларусі:

“Маё ўяўленне такое, што не трэба крычаць: дайце нам свабоду слова, стварыце нам умовы для яе. Трэба проста працаваць так, каб гэтая свабода была. Калектыў “Народнай газеты” зараз імкнецца гэта паказаць. Свабода слова залежыць ад таго, у чыіх руках ручка. Ёсць свабода ў душы, у галаве — будзе яна і ў газеце, ёсць адказнасць за слова — ніхто не папракне. Ні ад каго свабоды слова не дачакаешся, пакуль сам яе не возьмеш… Дзесяць гадоў назад у нас прэсы ўвогуле не было, калі ацэньваць яе па цывілізаваных мерках. Мы зараз проста вучымся быць прэсай, і газеты ў нас выходзяць самыя розныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG