Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кангрэс у Менску запрошаныя Вацлаў Гавэл, Лех Валэнса і Юлія Цімашэнка


Валер Каліноўскі, Менск На Кангрэс дэмакратычных сілаў, які пройдзе 1—2 кастрычніка ў Менску ў Палацы культуры МАЗ, запрошаныя больш як семдзесят замежных гасьцей, палова зь якіх пацьвердзіла свой прыезд. Сярод іншых запрошаныя былыя прэзыдэнты Польшчы і Чэхіі Лех Валэнса і Вацлаў Гавэл. Аднак, як прагназуюць у аргкамітэце Кангрэсу, многія госьці могуць не атрымаць беларускай візы.

Паводле апошніх зьвестак аргкамітэту, на Кангрэс дэмакратычных сілаў, які адбудзецца 1—2 кастрычніка, вылучана 930 дэлегатаў. Трэцяя частка іх абраная на раённых сходах, па 10 чалавек наўпрост дэлегавалі палітычныя партыі — удзельніцы “дзясяткі”, 195 няўрадавых арганізацыяў накіравалі аднаго прадстаўніка кожная. Шэраг вядомых асобаў, былых дэпутатаў парлямэнту, кіраўнікоў недзяржаўных СМІ атрымалі пэрсанальнае запрашэньне.

Паводле сябра аргкамітэту Ўладзімера Лабковіча, 930 дэлегатаў кангрэсу ў цэлым прадстаўляюць каля 35 тысяч палітычных і грамадзкіх актывістаў Беларусі: непасрэдна ў раённых сходах дзеля вылучэньня дэлегатаў узялі ўдзел больш за 4 тысячы чалавек. Партыйны актыў, прадстаўлены на кангрэсе, ён ацаніў на 20 тысяч чалавек, актыў грамадзкіх арганізацыяў — на 10 тысяч. Такая мабілізацыя ўсяго апазыцыйнага актыву, які гатовы ўдзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі, адбываецца ўпершыню, гаворыць спадар Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Галоўнае, што гэта неабыякавыя да лёсу краіны людзі, якія жадаюць зьменаў і гатовыя працаваць на гэтыя зьмены, несьці гэтыя зьмены ў 2006 годзе”.

Уладзімер Лабковіч зазначае, што паводле сацыяльнага статусу дэлегаты кангрэсу вельмі розныя людзі: рабочыя, студэнты, інтэлігенцыя, вэтэраны. Большасьць дэлегатаў маюць вышэйшую адукацыю.

Акрамя таго, удзел у працы кангрэсу возьмуць замежныя госьці. Аргкамітэт накіраваў 75 пэрсанальных запрашэньняў палітыкам і грамадзкім дзеячам многіх краінаў сьвету. Як паведаміла прадстаўніца аргкамітэту Марына Багдановіч, на раніцу 29 верасьня свой прыезд пацьвердзілі 38 зь іх. Сярод запрошаных былыя прэзыдэнты Польшчы і Чэхіі Лех Валэнса і Вацлаў Гавэл, лідэры расейскага Саюзу правых сілаў Мікіта Белых, Ірына Хакамада і Барыс Нямцоў, польская эўрадэпутатка Барбара Кудрыцка, украінскі экс-прэм’ер Юлія Цімашэнка, а таксама госьці з ЗША, Італіі, Швэцыі, Літвы, Чэхіі, Славаччыны, Кіргізстану ды іншых краін.

Украіну будзе прадстаўляць некалькі палітыкаў, а таксама бізнэсовец Уладзімер Кудзінаў, былы беларускі палітвязень, які пасьля вызваленьня зьехаў у Крым. Апрача таго, на кангрэсе будзе прысутнічаць большасьць амбасадараў замежных краін, акрэдытаваных у Менску, паведаміла Марына Багдановіч. Яна прагназуе, што многія замежныя госьці будуць мець праблемы зь беларускімі візамі. МЗС і Памежны камітэт Беларусі, да якіх аргкамітэт зьвяртаўся з просьбай паспрыяць у гэтай справе і дазволіць выдачу візаў гасьцям кангрэсу ў аэрапорце, пакуль ніяк не адказалі на гэты зварот.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG